Скарына ў люстэрку магчымасцей

26.09.2017

"Рэспублiка"

Мастацка-асветніцкі фільм “Скарына. Дзеля Бога і людзей” раскажа, у чым подзвіг асветніка з Полацка, чым ён быў апантаны і чаму з’яўляўся нязручным для грамадства.

"Рэспублiка"

Мастацка-асветніцкі фільм “Скарына. Дзеля Бога і людзей” раскажа, у чым подзвіг асветніка з Полацка, чым ён быў апантаны і чаму з’яўляўся нязручным для грамадства

Да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання Белтэлерадыёкампанія падрыхтавала гледачам падарунак - новы мастацка-публіцыстычны фільм "Скарына. Дзеля Бога і людзей". Яго аўтары пакажуць, у чым подзвіг асветніка з Полацка, чым ён быў апантаны і чаму з’яўляўся нязручыным для грамадства.

Дакументальнае кіно ўвабрала ў сябе архіўныя звесткі, пастановачныя кадры з адлюстраваннем падзей XVI стагоддзя, развагі гісторыкаў і літаратуразнаўцаў. У чатырох серыях па 26 хвілін не пераказваецца біяграфія Францыска Скарыны, у якой шмат белых плямаў, а паказваюцца розныя варыяцыі падзей таго часу.

Фільм зняты ў самай вялікай студыі медыяхолдынга "600 метраў". Сучасны святлодыёдны экран плошчай у 200 квадратных метраў і прафесійнае абсталяванне дазваляюць трапіць то ў Пражскую бібліятэку, то ў Вільню або ў Маскву ў полымі... Для стварэння атмасферы Рэнесансу мастакі перагледзелі сотні літаратурных і мастацкіх дакументаў. На здымачнай пляцоўцы былі ўзноўлены адпаведныя часу касцюмы, бутафорскія друкарскі станок і фаліянты скарынаўскіх выданняў. Спецыяльна для дакументальнага кіно быў запісаны саўндтрэк у стылі эпохі Адраджэння.

Вядучы праекта - заслужаны артыст Беларусі, старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька. Ён не толькі агучвае з уласцівай яму акцёрскай харызмай архіўныя звесткі і малавядомыя факты, але і служыць правадніком паміж эпохамі ў пастановачных сцэнах, часам уступае ў дыялог з персанажамі.

У фільме "Скарына. Дзеля Бога і людзей" ролі выконвалі студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, маладыя акцёры мінскіх тэатраў, заслужаныя і народныя артысты.

Рэжысёр Андрэй Леўчык паставіў задачу паказаць першадрукара маладым і адукаваным, сучасным і цікавым гледачу. У пастановачных кадрах выкарыстаны тэатральныя прыёмы, калі маладыя людзі ў джынсах і майках апранаюць дэталі касцюмаў рэнесанснай эпохі, каб стварыць імпрэзу.

Фільм "Скарына. Дзеля Бога і людзей" - не гістарычная інсталяцыя, а тэатральнае ўзнаўленне падзей. У гледача з’явіцца магчымасць не толькі болей даведацца пра першадрукара, але і пафантазіраваць, як ён мог выглядаць сёння, ці магла адбыцца сустрэча полацкага генія з бацькам Рэфармацыі Марцінам Лютэрам, кім Скарына мог стаць у ХХІ стагоддзі - айцішнікам ці прадпрымальнікам.

Першая серыя фільма пра першага на ўсходнеславянскіх землях перакладчыка Бібліі, доктара медыцыны, гуманіста і асветніка Францыска Скарыну выйдзе ў эфіры тэлеканала "Беларусь 3" 28 верасня ў 19.30.

Ірына ЮР’ЕВА.

Документация