Што цікавага паглядзець па тэлебачанні на наступным тыдні

Што цікавага паглядзець па тэлебачанні на наступным тыдні

"Звязда"

"Жывая культура", "Беларусь 3", з 9 чэрвеня

Новы праект тэлеканала - своеасаблівая інтэрактыўная энцыклапедыя нематэрыяльных каштоўнасцяў нашай гісторыі і культуры. Рэдкія абрады, звычаі і народныя танцы, адметнасці мясцовых дыялектаў і рамёстваў - усе гэтыя праявы творчасці гледачы разам з вядучай Кацярынай Ваданосавай змогуць разгледзець у падрабязнасцях і захаваць у памяці.

Першы выпуск праграмы здымачная група правяла ў вёсках Мастоўскага раёна Гродзеншчыны, дзе пазнаёмілася з мясцовым танцавальным стылем завадной "Котчынскай кадрылі" (уключана ў 2009 годзе ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі). "А яшчэ мы сустракалі людзей, якія насамрэч валодаюць магічнай сілай, - сцвярджае Ваданосава. - Напрыклад, адна з мясцовых жыхарак, якая ведае шмат старадаўніх абрадаў, з дапамогай такой магіі стварала нам перашкоды, і мы доўгі час не маглі выехаць з вёскі".