Што цікавага паглядзець па тэлебачанні на наступным тыдні

03.11.2017

"Звязда"

"Сімвалы савецкай эпохі". Беларусь 1, з 3 па 8 лістапада

"Звязда"

"Сімвалы савецкай эпохі"

Беларусь 1, з 3 па 8 лістапада

Да 100-й гадавіны "чырвонага дня календара" - Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі - на тэлеканале стварылі серыю відэаролікаў, прысвечаных знакамітым людзям, знакавым падзеям і памятным рэчам савецкага часу. У рэвалюцыйным боекамплекце - 15 ролікаў-кавалкаў гістарычнай мазаікі на розныя тэмы: "Чырвоны сцяг", "Серп і молат", "КПСС", "Рабочы і Калгасніца", "Валютныя магазіны", "Савецкія хрушчоўкі", "Аўтамабілі", "Прадукты", "Гранёная шклянка", "Помнікі савецкай эпохі", "Летняя Алімпіяда" і г.д.

Ці ведаеце вы, чаму ў студыі беларускага тэлебачання віселі дываны на сценах, у якім горадзе з'явіўся першы помнік Леніну і якое дачыненне мае да гранёнай шклянкі мастак Казімір Малевіч? "Сімвалы савецкай эпохі" раскажуць!

"Гарады Беларусі"

Беларусь 24, штотыдзень па панядзелках

У эфіры і на сайце bеlаrus24.bу з'явілася своеасаблівая "жывая карта краіны" - праект "Гарады Беларусі", гледачы якога могуць здзейсніць віртуальнае падарожжа па 115 беларускіх гарадах, ад абласных цэнтраў да правінцыйных мястэчак.

Кожны з іх, пераканана аўтар праграмы Алена Даміева, у чымсьці ўнікальны і адметны: адзін называюць "сталіцай фестываляў", у другім дагэтуль ідзе самы стары ў Еўропе гадзіннік... "Наша творчая каманда праехала больш за 1000 кіламетраў, пабывала ў закрытых музеях, сустрэлася з гісторыкамі, архіварыусамі і краязнаўцамі, праслухала сотні цікавых гісторый ад простых гараджан. Я хачу, каб і іншыя людзі, якія паглядзяць нашу праграму, сказалі: "А чаму б і нам не махнуць туды ўсёй сям'ёй?"