Што цікавага паглядзець па тэлебачанні на наступным тыдні

08.09.2017

"Звязда"

Што: "Экспрэс-камандзіроўка"

Дзе і калі: "Беларусь 1", 15 верасня ў 22.00, 16 верасня ў 6.35 і 17 верасня ў 7.15

У чым хараство міні-серыялаў? Па жаданні гледача, іхнія 4-8 эпізодаў можна альбо "праглынуць" за адзін вечар, альбо расцягнуць на некалькі дзён. Тэлеканалы найчасцей прапануюць другі варыянт -  як і ў выпадку з гэтай чатырохсерыйнай гісторыяй.

Дачка алігарха, уладальніка выдавецкага холдынга Каця Ігнацьева працуе на прадпрыемстве бацькі. Ну, як працуе - чыста фармальна займае даволі высокую пасаду. Але пры гэтым адчайна прагне пацвердзіць сваю кампетэнтнасць - нездарма ж яна вывучылася на крызіснага менеджара. Аднойчы такая магчымасць выпадае: раённы штодзённы часопіс, які ўваходзіць у холдынг, знаходзіцца на мяжы закрыцця з-за нерэнтабельнасці. Дзяўчына выпраўляецца ў камандзіроўку на месца, каб за месяц аднавіць паспяховую работу выдання і даказаць бацьку, што ёй можна давяраць сур'ёзныя праекты. Але яна не здагадваецца, што неўзабаве адбудзецца сустрэча, якая цалкам зменіць усе загадзя збудаваныя планы...

Што: "Навучы жонку руліць"

Дзе і калі: "Беларусь 2", з 9 верасня па суботах і панядзелках

Жанчына за рулём - невычарпальная тэма для анекдотаў, ролікаў у інтэрнэце і наогул мужчынскіх кпінаў. Альбо выклік для сапраўды моцных духам мужчын, якія рызыкнуць выступіць для сваіх каханых інструктарамі па ваджэнні - прычым у рэальных гарадскіх умовах і не на вучэбным, а на ўласным аўто.

У кожным выпуску рэаліці-шоу бяруць удзел дзве сямейныя пары, якім за тры дні ў экстрэмальных умовах трэба прайсці вадзіцельскі майстар-клас і здаць іспыт прафесійнаму гоншчыку. Пара-пераможца, якая пройдзе не толькі тэст-драйв, але і выпрабаванне пачуццяў, атрымлівае ўнушальны грашовы прыз.