Шоу "Я ведаю!" зноў шукае самых разумных вучняў 5-11 класаў

13.12.2019
"Звязда" 

Сумесны праект Белтэлерадыёкампаніі і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь - шоу "Я ведаю!" - зноў шукае самых разумных, ініцыятыўных і кемлівых вучняў 5-11 класаў з усёй краіны.
- Кожны вучыць у пэўнай меры аказваецца ў стрэсавых умовах, але мы спадзяёмся, што такі вопыт дасць ім добрую трэніроўку перад будучымі іспытамі і будзе на карысць, - гаворыць вядучы шоу Георгій Калдун. - Мы не бяром на сябе ролю настаўнікаў, проста размаўляем, і я прашу іх па меры жадання і магчымасці агучваць свае думкі: чаму яны выбралі той ці іншы адказ. Хочацца, каб гледачы разумелі, што неабавязкова ведаць абсалютна ўсё - больш важна ўмець лагічна мысліць, бо так можна знаходзіць адказы на многія пытанні. У наш час нескладана знайсці інфармацыю, а вось аналізаваць, будаваць думкі - тое, што па-сапраўднаму здольна ўражваць.

Цяпер ідуць здымкі ўжо трэцяга сезона праграмы. Удзельнікі маюць розны ўзровень падрыхтоўкі і, як зазначае вядучы, іх нават не параўнаеш, бо здараецца так, што, маючы глыбокія веды, школьнікі губляюцца перад камерай, а часу звыкнуцца з атмасферай няшмат. Цікаўлюся ў аднаго з вучняў, якія збіраюцца заняць месцы за пультамі гульцоў: які настрой перад спаборніцтвам?

- Я настроены аптымістычна, бо рыхтаваўся. Свае веды, плюс чытаў і глядзеў выпускі мінулых сезонаў, і за 8, і за 10-11 класы, каб арыентавацца ў сутнасці пытанняў, - кажа васьмікласнік Антон Ленартовіч з Ашмян. - Безумоўна, усе, хто сёння прыйшоў гуляць, жадаюць перамогі, і я не выключэнне. Паглядзім, як усё складзецца.

У новым сезоне змяніліся правілы гульні: стаць яе ўдзельнікам можна толькі адзін раз за чатыры гады. Дарэчы, змянілася і лакацыя здымак, якія ідуць цяпер у адным з павільёнаў "Беларусьфільма". А вось вядучымі праекта па-ранейшаму засталіся Георгій Калдун, які агучвае школьнікам пытанні і шукае адказы на іх, і Дзмітрый Новік, які ў настаўніцкай падтрымлівае дзяцей разам з іх настаўнікамі. Новы сезон традыцыйна будзе выходзіць на тэлеканале "Беларусь 1" па выхадных адразу пасля зімовых вакацый - з 11 студзеня.

Бліц-апытанка з вядучым "Я ведаю!" Дзмітрыем НОВІКАМ:

1. Кім хацеў стаць Дзмітрый Новік у школе?

- Мае інтарэсы адносна будучай прафесіі мяняліся некалькі разоў. Класа да чацвёртага я бачыў сябе мастаком-мультыплікатарам, потым хацеў стаць паэтам. Затым узнікла думка пра археалогію. А ў старэйшых класах я рыхтаваўся да сваёй будучай спецыяльнасці, разлічваючы "пайсці на юрыста". Быў таксама перыяд, калі вельмі імкнуўся паступіць на акцёрскае майстэрства, аднак не склалася, і я стаў юрыстам.

2. Ці часта вас выклікалі ў настаўніцкую?

- Для мяне прафесія настаўніка святая, і, думаю, гэта ніколі не зменіцца. Я вучыўся ў чатырох школах і меў шмат настаўнікаў. Але паколькі быў харашыстам і не сваволіў, у настаўніцкую заходзіў, толькі каб узяць журнал. Як сёння памятаю шэрыя дзверы, адчыняючы якія, бачыў паліцы з кнігамі і журналамі. Таму цяпер, калі настаўнікі прыходзяць да мяне ў настаўніцкую, гэта нібы камбэк у школьныя гады. У нас вядзецца сяброўская размова, але я кожны раз хвалююся, бо з настаўнікамі ніколі не ведаеш, чаго чакаць.

3. Вашы галоўныя ўрокі жыцця са школьных часоў?

- Галоўнае правіла, якое я вынес для сябе, - не ўсё, чаму вас вучаць у школе, рэальна спатрэбіцца ў дарослым жыцці. Важна, каб усё было ў гармоніі: вучоба, спорт, асабістае жыццё. Каб пасля выпускных экзаменаў можна быць гатовым выстаяць з тымі ведамі, якія заклалі ў цябе за школьныя гады.

4. Калі б вы аказаліся на месцы ўдзельніка "Я ведаю!", на колькі пытанняў далі б правільныя адказы?

- Думаю, на здымачнай пляцоўцы мне было б камфортна, але не на ўсе пытанні я змог бы адказаць, бо яны сапраўды складаныя. Васьмікласнікі не заўсёды помняць, што праходзілі ў шостым класе, і я таксама не ўсё змагу згадаць. І разумею: калі б атрымаў запрашэнне на тэлевізійны праект, кшталту нашага, ведаючы, што за мной назіраюць бацькі, выкладчыкі, то вельмі б хваляваўся і ўвогуле нічога б не атрымалася.

5. Што застаецца за кадрам інтэлектуальнага шоу?

- У нас былі слёзы, істэрыкі, некаторыя страчвалі прытомнасць. А самае цікавае (я ж сяджу ў настаўніцкай), што настаўнікі ў кадры зусім не тыя людзі, якімі ты бачыш іх па-за здымачнай пляцоўкай. І гэта зразумела, бо на іх ляжыць адказнасць за вучня, школу і ўвогуле за сістэму адукацыі нашай краіны.

Алена ДРАПКО.