19.01.2018

"Рэспублiка"

Тэлеканал "Беларусь 3" абвясціў дзень памяці Уладзіміра Мулявіна.

"Рэспублiка"

Тэлеканал "Беларусь 3" абвясціў дзень памяці Уладзіміра Мулявіна

Сёлета спаўняецца 15 гадоў, як не стала народнага артыста СССР і Беларусі, заснавальніка і лідара ВІА "Песняры" Уладзіміра Мулявіна. Амаль год славуты музыкант змагаўся за жыццё, але мноства сур’ёзных траўм, атрыманых у страшнай аўтамабільнай катастрофе, не дазволілі аднавіць здароўе, нягледзячы на ўсе намаганні медыкаў. 26 студзеня 2003-га ён пайшоў з жыцця. Яму было 62.

Тэлеканал "Беларусь 3" абвясціў дзень памяці Уладзіміра Мулявіна. З гэтай нагоды 26 студзеня ў яго эфіры гледачам прапануюць прэм’ерную канцэртную праграму "Вянок" і новы дакументальны фільм "Пясняр. Сэрцам і думамі".

Праграма "Вянок" была створана Уладзімірам Георгіевічам з ансамблем "Песняры" да 100-годдзя Максіма Багдановіча. Прэм’ера песеннага цыкла на музыку Мулявіна адбылася ў пачатку лістапада 1991 года ў Нью-Ёрку ў Бібліятэцы Аб’яднаных нацый падчас гастроляў "Песняроў" у ЗША. Яшчэ раз праграма прагучала на сцэне Бел-дзяржфілармоніі ў той жа год 9 снежня, пасля вяртання артыстаў з замежнай паездкі. Гэта быў адзіны паказ, больш ніколі цалкам "Вянок" не выконваўся.

Адрадзіць усе кампазіцыі стала магчыма дзякуючы даўняму адданаму маскоўскаму пры-хільніку творчасці "Песняроў" Ула-дзіміру Пазняку. У яго прыватнай калекцыі захавалася касета з унікальным аўдыязапісам прагону "Вянка" перад паездкай у ЗША. На падставе гэтай стужкі апрацоўку для аркестра ўсіх 15 песень цыкла зрабіў заслужаны артыст Беларусі, вядомы музыкант, кампазітар, аранжыроўшчык і дырыжор Аляксандр Крамко. Амаль праз 30 гадоў цалкам адноўленая праграма ўпершыню прагучала ў Белдзяржфілармоніі напрыканцы мінулага года і сёлета 12 студзеня, у дзень нараджэння Уладзіміра Мулявіна, у выкананні Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя І.Жыновіча і салістаў Яна Жанчака, Вячаслава Ісачэнкі, Андрэя Коласава, Андрэя Казлоўскага. Тэлегледачам прапануецца тэлеверсія прэм’ернага канцэрта. Прагучаць як вядомыя песні, так і зусім невядомыя шырокаму колу слухачоў кампазіцыі. Пачатак у 13.00.

Яшчэ адна прэм’ера ў эфіры ў 12.20. Гэта дакументальная кінастужка "Пясняр. Сэрцам і думамі", прысвечаная жыццю і творчасці Уладзіміра Мулявіна. Аўтар фільма — кінарэжысёр, сцэнарыст, пісьменнік, а з нядаўняга часу і тэлевядучы Уладзімір Арлоў. З творчасцю Уладзіміра Мулявіна яго звязвалі рэжысёрскія працы, сярод якіх самы першы музычны фільм пра ансамбль "Песняры" 1971 года і фільм-канцэрт "А таксама цырк", зняты ў 1983-м з удзелам артыстаў славутага ВІА. Але ў гэтых стужках засталося шмат недагаворанага пра жыццё Уладзіміра Георгіевіча, што і расказвае новая карціна, створаная на студыі гістарычных фільмаў "Майстэрня Уладзіміра Бокуна".

Фільм цалкам пабудаваны на інтэрв’ю блізкіх Уладзіміра Мулявіна, калег, якія працавалі з ім у розныя гады, родных. Пра артыста ўспамінаюць удзельнікі залатога складу "Песняроў": Леанід Барткевіч, Анатоль Кашапараў, Уладзіслаў Місевіч, Уладзімір Ткачэнка, удзельнiкi "Песняроў" 1980-1990-х: Алег Молчан, Алег Аверын, Ігар Пеня, Аляксандр Кацікаў, рэжысёр Барыс Луцэнка, мастак Георгій Паплаўскі, паэт Валянцін Тарас, кампазітар Ігар Лучанок, дачка Уладзіміра Мулявіна Марына і ўнук Ваня.

У карціну ўвайшлі ўнікальныя сямейныя архівы музыканта. Гэтую хроніку не паказвалі ніколі раней. На відэа Мулявін, якога сапраўды ніколі не бачылі. У асяроддзі родных ён раскрываецца як бацька, муж, дзед, гаспадар дома. Акрамя таго, карціна расказвае пра духоўныя пошукі Песняра, якія звычайна заставаліся за кадрам яго публічнага жыцця.

Паўтор канцэрта "Вянок" і фільма "Пясняр. Сэрцам і думамі" можна ўбачыць увечары 27 студзеня: у 21.05 і ў 22.15.

Дарэчы, у новым выпуску свайго аўтарскага праекта "Люблю і памятаю" кінарэжысёр Уладзімір Арлоў падзеліцца ўспамінамі і цікавымі фактамі пра "Песняроў", раскажа пра сваё асабістае знаёмства з лідарам і кіраўніком ансамбля, якое пачалося яшчэ ў канцы 1960-х. Эфір - 29 студзеня.

Ірына ЮР’ЕВА.