Рокавая моц

26.09.2017

По сообщению zviazda.by

У суботу 23 верасня ў клубе “TNT ROCK CLUB” адбыўся канцэрт, прысвечаны дню нараджэння радыё “Сталіца”, якому споўнілася ўжо 19 год. Павіншавалі імяніннікаў сваім выступленнем беларускія рок-гурты “Мерада”, “ZnaROCK”, “:B:N:”, “Aillion” і “Top Gun”.

По сообщению zviazda.by

У суботу 23 верасня ў клубе “TNT ROCK CLUB” адбыўся канцэрт, прысвечаны дню нараджэння радыё “Сталіца”, якому споўнілася ўжо 19 год. Павіншавалі імяніннікаў сваім выступленнем беларускія рок-гурты “Мерада”, “ZnaROCK”, “:B:N:”, “Aillion” і “Top Gun”. А госцем мог стаць кожны жадаючы: уваход на канцэрт быў вольным.

Мерапрыемству далі назву “Рокавая моц” - і сапраўды, яно атрымалася вельмі гучным, моцным і рокавым!

“Мы вельмі хваляваліся, калі ў першы раз арганізоўвалі такое мерапрыемства, і, адчуўшы асалоду ад таго, што адбываецца, ад таго, што ўсё ўдаецца, вырашылі працягнуць гэтую добрую традыцыю, - падзяліўся думкамі намеснік дырэктара радыё “Сталіца” Дзмітрый Абрамчык. - І вось ужо трэці год запар такім невялікім калектывам ствараецца свята для прыхільнікаў рок-музыкі, для людзей, неабыякавых да беларускамоўнай рок-музыкі. Сённяшняя сустрэча, я спадзяюся, стане яшчэ раз доказам таго, што ў нашай краіне ствараецца якасная, класная музыка”.

Загадчык аддзела музычных праграм Таццяна Шышло паведаміла пра перадачы, якія радыё “Сталіца” рыхтуе для новага сезона. Некаторыя з іх будуць звязаны з гісторыяй, некаторыя - за падарожжамі па Мінску і па незвычайных мясцінах Беларусі. “20 сезон - гэта вялікая адказнасць, і мы з усёй сур’ёзнасцю рыхтуемся да 1 кастрычніка. Самае каштоўнае, што ў нас ёсць у эфіры, мы захаваем, а самае крэатыўнае, што мы палічылі лепшым за існае, мы вам прапануем. Сачыце за анонсамі!” - сказала Таццяна.

Гаварылі таксама і пра важнасць падтрымкі маладых беларускіх артыстаў, якія не маюць прадзюсераў і грошай на раскрутку. У гэтым радыё “Сталіца” ўжо мае партнёраў: напрыклад, “Грай-кафэ”, кіраўнікі якога даюць сваю пляцоўку для бясплатнага выступлення тым музыкантам, якіх лічаць вартымі падтрымкі і прасоўвання. Выбар яны робяць самастойна, не абапіраючыся на вынікі гіт-парадаў. Арт-дырэктар і намеснік кіраўніка “Грай-кафэ” Ангус распавёў пра тое, што заахвоціла яго прапанаваць радыё супрацоўніцтва. Ён сам музыкант, які граў у складзе даволі вядомага гурта, доўгі час знаходзіўся за мяжой, а, калі вярнуўся, быў вельмі незадаволены становішчам рынку беларускай музыкі. Але на радыё “Сталіца” ён пачуў даволі перспектыўныя беларускія гурты, таму вырашыў падтрымаць іх.

"Захацелася неяк ім дапамагчы, таму што я сам праходзіў усе стадыі развіцця калектыва, калі не было ні рэпетыцыйных баз - у нас увогуле нічога не было! - ні апаратуры, ні гітар. Гітары выпіліваліся з фанеры, усё гэта было самапальнае, - падзяліўся Ангус. - Зараз, вядома, магчымасцей значна больш у музыкантаў, але чамусьці ўсё гэта так са скрыпам рухаецца, гэта дзіўна канечне”. Цяпер “Грай-кафэ” - не проста кафэ, а паўнавартасная арт-пляцоўка, дзе выступаюць маладыя артысты, праходзяць джазавыя вечары, праводзяцца выставы. Таксама Ангус падкрэсліў, што кіраўніцтва “Грай-кафэ” будзе выбіраць калектывы самастойна - гэта нават не абмяркоўваецца. Але гэтага мала, таму радыё “Сталіца” вельмі зацікаўленае ў партнёрах, якія змогуць дапамагчы маладым талентам.

На завяршэнне Дзмітрый Абрамчык узгадаў: “У мінулыя разы мне спадабалася, што быў такі наплыў гасцей у клуб, што ахова нават перакрывала ўваход. У гэтым годзе мы вырашылі ўсё прасцей зрабіць: вольны ўваход, я думаю, гэта выдатны падарунак усім прыхільнікам рок-музыкі, беларускай рок-музыкі. Я пажадаю ўсім вам добрага настроя, і хай гэты вечар запомніцца надоўга, бо людзі, якія збіраюцца на гэтай пляцоўцы, здольныя дзяліцца выдатным настроем, выдатнай музыкай, і хай гэты вечар стане доказам”.

А мы жадаем радыё “Сталіца” не спыняцца на дасягнутым і далей дапамагаць маладым рок-гуртам, а таксама радаваць слухачоў якаснай беларускай музыкай і новымі цікавымі праектамі.

Алена МАРЦІНОВІЧ.