Радыё "Культура": Мы выбіраем вечныя каштоўнасці

05.12.2019
По сообщению zviazda.by

Радыё "Культура" - тая хваля ў нашай інфармацыйнай прасторы для тых, хто хоча быць у курсе падзей айчыннай і сусветнай культуры.
Навіны і падзеі ў свеце мастацтва тут прапаноўваюць аўдыторыі для абмеркавання ў самых разнастайных ракурсах. Не абмінаюць увагай і дзіцячую аўдыторыю. Так, акрамя праграм традыцыйных, сюды перамясціўся і штодзённы праект для самых маленькіх слухачоў Вячэрняя казка". З’явіліся новыя праграмы пра літаратуру "Паэзія ХХІ стагоддзя", "Запрашаем у кнігарню", "Кнігалюбы". І ў працяг новага вяшчальнага сезона тут варта чакаць яшчэ шмат розных праектаў, конкурсаў і сустрэч па-за эфірам. Больш падрабязна пра новыя планы і ўменне заставацца сучаснымі, запатрабаванымі і цікавымі, хоць і не для ўсіх мы пагаварылі з дырэктарам канала "Культура" Уладзімірам Трапянком і намеснікам дырэктара "Культуры" Навумам Гальпяровічам.

- У дзень нараджэння Беларускага радыё канал "Культура" зладзіў сустрэчу са слухачамі. Таму спытаю, якую ацэнку вы даяце сваёй працы і наколькі яна сугучна той, якую атрымліваеце ад аўдыторыі?

Н. Г.: Для радыёжурналіста цікава сустракацца са сваёй аўдыторыяй. Радасна атрымліваць водгук на тое, дзеля чаго ты працуеш і як гэта ўспрымаецца. Але не заўсёды людзі, якія слухаюць радыё, маюць уяўленне, як выглядаюць тыя, каго яны ведаюць па галасах. Хоць сустрэча прысвячалася 94 гадавіне Беларускага радыё, але гэта была презентацыя, перш за ўсё, нашага канала. І што немалаважна, слухачы не толькі ўбачылі знаёмых удзельнікаў праграм, але і раскрылі некаторых з нас з новага і невядомага для сябе боку. Напрыклад, вядучая праграм Каця Буцько, аказваецца, цымбалістка, лаўрэат міжнародных конкурсах, а той, каго яны ведаюць па голасе як Алеся Вольшу - вядомы беларускі кампазітар Аляксандр Літвіноўскі. Такія сустрэчы важныя. Як і тое, што мерапрыемства адбылося ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры. З гэтай установай "Культура" заключыла дамову аб супрацоўніцтве, што дасць магчымасць развівацца і рабіць новыя праграмы і праекты.

У. Т.: У гэтым якраз і карысць падобных сустрэч, што мы можам паразмаўляць з аўдыторыяй і адчуць, чаго ёй не хапае. Бо радыё не існуе само па сабе. І калі ёсць такая вось зваротная сувязь, дзе можна расказаць і пра нейкія прыхільнасці, і выказаць свае пажаданні, чаго б хацелася дадаць на нашай хвалі - гэта заўсёды мае вялікі плён, таму што мы пачынаем лепш разумець, куды нам рухацца далей. І сустрэча таксама паказала, што мы цікавыя, што ў нечым нават папулярныя, хай і для невялікай колькасці, але запатрабаваныя тымі, хто любіць культуру.

- Раскажыце больш падрабязна пра сутнасць і магчымасці, якія дае "Культуры" пагадненне з Музеем гісторыі беларускай літаратуры...

У. Т.: Гэтае пагадненне дае нам права ладзіць супольныя мерапрыемствы па папулярызацыі, як айчыннай літаратуры, так і ў цэлым нацыянальнай культуры. Напрыклад, у нашым эфіры з новага сезона ў межах праграмы "Дасціпныя. Нястомныя. Кемлівыя" - гэта перадача для дзіцячай аўдыторыі, прычым адзіная ў нашым беларускім радыёэфіры - там выходзіць рубрыка пад назвай "Музейныя хованкі", дзе супрацоўнікі музея гісторыі беларускай літаратуры расказваюць пра цікавыя экспанаты, якія можна ўбачыць у іх установе. І такім чынам мы таксама абуджаем цікавасць да музейнай дзейнасці і, у прыватнасці, да нацыянальнай літаратуры. Акрамя гэтага пагадненне дае нам магчымасць ствараць і розныя мерапрыемствы як у эфіры, так і па-за межамі Дома радыё.

- У саюзе з кім яшчэ вядзеце ці плануеце супрацоўніцтва?

Н.Г.: З тэлеканалам "Беларусь 3" у нас сумесны праект - мая праграма "Суразмоўцы". Мы зрабілі на "Культуры" радыёверсію праграмы. Бо заўсёды ёсць верагоднасць, што нехта не паспявае паглядзець выпуск, але паслухаць зможа, калі не ў эфіры, дык на сайце канала.

У. Т.: Паралельна з "Беларусь 3" мы робім таксама запісы з тэатраў, канцэртных залаў нашай краіны. Яны пішуць для сябе, а мы ствараем радыёверсіі. Такім чынам таксама пашыраем кола "наведвальнікаў" канцэртаў, для якіх мы паказваем і сённяшнюю палітру канцэртнага жыцця. І яшчэ варта ўзгадаць такі праект, які мы запускаем сумесна з Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы. У перад’юбілейны год Беларускага радыё раз на месяц у доме класіка мы плануем ладзіць па-за эфірныя сустрэчы, якія будуць расказваць пра гісторыю Беларускага радыё і ілюстраваць яго культурныя аўдыёздабыткі. Наведвальнікі гэтых сустрэч змогуць падзяліцца ўражаннямі, успамінамі пра радыё. Там жа будзе магчымасць сустрэцца з вядучымі, кампазітарамі, акцёрамі, што калісьці і зараз маюць удзел у стварэнні радыёэфіру. Гэта творчы праект да 95-годдзя Беларускага радыё, які мы назвалі "Радыё: на хвалі мастацтва". "Культура" падтрымлівае тыя традыцыі, што закладваліся з самага пачатку існавання радыё і за гады назапашаны велізарны фонд сапраўдных аўдыёскарбаў, у тым ліку радыёспектакляў, якія варта пераслухоўваць. І зноў жа гэтыя масткі паміж мінуўшчынай і будучыняй дзе, як не на канале "Культура" павінны стварацца. Бо мы не толькі падтрымліваем традыцыі, але і спрабуем застацца актуальнай, жывой і сучаснай структурай радыёвяшчання.

- Раз мы закранулі тэму радыёспектакляў, то ці будзе працяг конкурсу, які вы праводзілі ў мінулым годзе, каб выявіць новыя творы для радыётэатра? І акрэсліце, што зараз адбываецца з беларускім радыётэатрам?

У. Т.: Як я казаў, радыётэатр пачаў развівацца на нашым радыё з самых першых гадоў існавання - гэта было ў 1926 годзе. У розныя перыяды радыётэатр перажываў пад’ёмы і спады. А наш канал "Культура" звярнуўся да радыёспектакля толькі ў 2018 годзе. Першы спектакль, які мы зрабілі быў для дзяцей - "Падарожжа ў краіну мурашоў" па п’есе Таццяны Мушынскай. Тут мы таксама знайшлі свой кірунак дзейнасці ў дадзенай прасторы. Бо на Першым нацыянальным канале на цяперашнім этапе ствараюцца спектаклі пераважна для дарослай аўдыторыі. У планах у нас сапраўды ёсць ідэі і ў мяне ляжаць новыя матэрыялы, але гэта пакуль што яшчэ справа перспектывы. Я неаднаразова казаў пра тое, што радыёспектакль будзе цікавы тады, калі ён будзе пераклікацца з сучасным жыццём. Па выніках конкурсу мы абралі п’есу Ягора Конева "Танец з рапірай" і паставілі яе напярэдадні Новага года. І будзем працягваць ствараць пастаноўкі для дзяцей і дарослых. Зараз у нас выходзяць, у прыватнасці, монаспектаклі ў межах дзіцячага праекта "Дасціпныя. Нястомныя. Кемлівыя", дзе мы як даём рэтрансляцыю старых спектакляў, так і агучваем сучасную літаратуру. Напрыклад, актрыса і рэжысёр Ліка Пташук агучвае казку пра "Незабыўныя сустрэчы з авечкай Адэляй". Літаратурны серыял - яшчэ адзін жанр радыётэатра - з’явіўся ў нас на канале "Культура" з 2002 года. Гэтыя жанры мы будзем падтрымліваць. І ў наступным годзе, калі ўсё складзецца , плануем да 95-годзя Беларускага радыё правесці другі конкурс радыёп’ес па пошуку новых аўтараў і актуальных тэм.

- Як плануеце разнастаіць эфір улічваючы, што ў наступным годзе юбілей радыё, 75 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, заканчваецца Год малой радзімы?

Н.Г.: Што тычыцца 95-годдзя Беларускага радыё, то за год мы раскажам многа з гісторыі, пазнаёмім з людзьмі, якія стваралі і ствараюць радыёэфір. А што да 75-годдзя Вялікай Перамогі, то гэтая тэма заўсёды прысутнічае ў нас. Напрыклад, зараз мы чытаем "Знак бяды" Васіля Быкава. Будуць гучаць і іншыя творы, прысвечаныя тэме вайны. Таксама ў нас зараз ёсць праграмы, прысвечаныя Году малой радзімы, і нашы карэспандэнты бываюць у самых розных кутках Беларусі і расказваюць пра цікавых людзей, што жывуць там. З новага года мы плануем большую ўвагу прыдзяляць гістарычнай тэме. Да нашых вядучых далучацца спецыялісты-гісторыкі.

У.Т.: Сёлета ў Беларусі таксама адзначаецца 75-годдзе вызвалення Беларусі, і таму ў наступным годзе будзе працяг пачатага. Гэта і "Літаратурная анталогія", і іншыя праграмы, дзе мы выкарыстоўваем запісы, прымеркаваныя да той ці іншай даты ці тэмы. А што да мерапрыемстваў, то на нашым канале іх напярэдадні юбілею Беларускага радыё сапраўды будзе больш. З гэтага новага года мы ўвялі так званыя прома-выпускі праграм, дзе расказваем пра сваіх людзей, пра закуліссе радыёэфіру.

- Скажыце, якія патрабаванні сёння час прад’яўляе да радыё "Культура" (улічваючы насколькі разнастайнае інфармацыйнае поле) і як удаецца заставацца спецыялізаваным каналам, але пры гэтым папулярным, запатрабаваным і сучасным?

Н. Г.: Сёння, калі і інтэрнэт, і некаторыя сродкі масавай інфармацыі часам захапляюцца таннымі сенсацыямі, падрабязнасцямі асабістага жыцця нейкіх зорак і гэтак далей, то задача канала "Культура" - спакойная, цікавая душэўная гаворка з захаваннем тых маральных каштоўнасцяў, якія выпрацавала чалавецтва, бо ў нас і дэвіз канала "Мы выбіраем вечныя каштоўнасці". А яны не прадугледжваюць такога часовага, моднага захаплення нейкімі трэндамі.

У.Т.: Пры гэтым канал "Культура" не застаецца ў баку ад новых сучасных тэхналогій, і з 2005 года ў нас вядзецца вяшчанне і ў інтэрнэце, што пашырае магчымасці рэпрэзентацыі канала ў віртуальнай прасторы. І недзе года паўтара таму на "Культуры" ўкаранілася практыка стварэння візуальнага кантэнту. Калі нашы асноўныя праекты найперш публіцыстычныя запісваюцца на відэа і потым выкладваюцца на хостынгу Ютуб, каб можна было большай колькасці людзей гэта ўсё перагледзець. Але "Культура" па-ранейшаму застаецца тым радыё, якое трэба менавіта слухаць, а не ўспрымаць як фон. Гэта тое радыё, якое заўсёды будзе цікавым, нягледзячы на патрабаванні часу і змену дэкарацый, бо пачуцці - яны заўсёды застаюцца аднолькавымі. Наша радыё будзе цікава тым, хто выбірае вечныя каштоўнасці, якія канал "Культура" спавядае. І такія людзі былі, ёсць і будуць.

Алена ДРАПКО.