Радыё "Беларусь" - цяпер і на арабскай мове!

03.10.2017

"Звязда"

Адкрыўся новы вяшчальны сезон. Праграмы міжнароднага вяшчання Беларускага радыё, якія цяпер можна слухаць на беларускай, рускай, англійскай, нямецкай, польскай, французскай, іспанскай і кітайскай мовах, папоўняцца і арабскай перадачай. Штотыдзень у эфіры на гэтай мове будзе гучаць адмысловы праект "Знаёмцеся, Беларусь!". Пра гэта расказалі ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі.

- Наша краіна актыўна развівае супрацоўніцтва з дзяржавамі арабскага свету. Сферы - самыя розныя: ад палітыкі і эканомікі да сацыяльных і культурных пытанняў. І гэта, безумоўна, адбіваецца на эфіры радыё "Беларусь". На 345 мільёнаў слухачоў прырасце наша патэнцыйная аўдыторыя. Між іншым, у падрыхтоўцы перадач актыўны ўдзел будуць прымаць носьбіты арабскай мовы, - зазначыў галоўны дырэктар міжнароднага радыё "Беларусь" Навум Гальпяровіч.

Больш стане перадач, якія будуць гучаць па-кітайску. Радыёжурналісты змогуць шырэй асвятляць шматлікія стасункі Беларусі і Паднябеснай, распавядаць і пра тое, як кітайскія студэнты і спецыялісты жывуць у нашай краіне. Праграму "Ваш сябар - Беларусь" разам з нашымі рэдактарамі будуць рыхтаваць выкладчыкі і выпускнікі Інстытута журналістыкі БДУ.

Павялічыцца і колькасць перадач на французскай і іспанскай мовах. Гэта абумоўлена тым, што у слухачоў, якія валодаюць гэтымі мовамі, даволі вялікая цікавасць да Беларусі. Істотную частку такіх перадач радыё "Беларусь" прысвеціць супрацоўніцтву з дзяржавамі Паўднёвай Амерыкі.

Сучаснае замежнае радыё немагчыма ўявіць без інтэрактыву са слухачамі. Месяц таму на радыё "Беларусь" распачалася патрыятычная акцыя "Гукае ласкай родны край". Слухачы з розных краін свету, якія маюць беларускія карані, могуць перадаць анлайн-прывітанне сваёй малой радзіме. Ім можа стаць здымак з краіны, дзе чалавек жыве цяпер, ці фота з сямейнага архіва, з роднымі і сябрамі. Да матэрыялаў можна прымацаваць невялікі ліст і адправіць допіс на электронную паштовую скрыню hellobelarus@gmaіl.com.

Валяр'ян ШКЛЕННІК.