Пройдзем Дарогамі вайны

Пройдзем Дарогамі вайны

04.05.2018

"Рэспублiка"

Да 9 Мая - на тэлеканалы краіны выйдуць шмат цікавых эксклюзіўных праектаў.


Да 73-й гадавіны Перамогі над фашысцкімі захопнікамі ў Вялікай Айчыннай вайне тэлеканалы падрыхтавалі тэматычныя святочныя эфіры. Яны будуць насычаны трансляцыямі ўрачыстых мерапрыемстваў, ігравымі і дакументальнымі фільмамі, спецыяльнымі праектамі і канцэртнымі праграмамі.

На "Беларусь 1" святкаванне пачнецца ўжо 5 мая - адбудзецца прэм’ера цыкла дакументальных фільмаў "Як мы жылі на вайне", якія выкананы ў стылістыцы музычнага кіно 1940-1950-х гадоў XX стагоддзя. Аўтары праекта ў чатырох серыях раскажуць пра цырульні, лазні, палявую кухню, пошту і пасылкі таго часу.

З 5 мая на "Беларусь 1" цыкл дакументальных фільмаў "Як мы жылі на вайне"

Маладзёжная праграма "ПИН_КОД" падрыхтавала спецыяльны праект 8 мая. Яго аўтары раскажуць пра дзейнасць цэнтраў дапрызыўнай падрыхтоўкі і "Школы мужнасці", дзе выхоўваюць смелых і фізічна развітых маладых людзей, рыхтуюць школьнікаў да маючай адбыцца службы ў радах Узброеных Сіл, даюць арыенціры, якія дазваляюць у будучыні атрымаць адну з адказных прафесій.

З самай раніцы 9 мая на розных каналах Белтэлерадыёкампаніі - ваеннае кіно. На "Беларусь 1", напрыклад, патрыятычная дра­ма "Брэсцкая крэпасць", на "Беларусь 2" - ваенны фільм "Вышыня 89", потым дэтэктыў "Ялта-45". "Беларусь 3" на працягу ўсяго дня будзе паказваць стужкі пераважна вытворчасці "Беларусьфільма": "Гадзіннік спыніўся апоўначы", "Дзяў­чынка шукае бацьку", "Чорная бяроза", "Вазьму твой боль", "Праз могілкі" і іншыя.

На галоўным канале медыяхолдынга ў 11 гадзін пакажуць прамую трансляцыю ўскладання кветак і вянкоў да манумента Перамогі ў Мінску, крыху пазней - урачысты сход і святочны канцэрт, прысвечаныя Дню Перамогі, вечарам - урачысты тэатралізаваны канцэрт майстроў мастацтваў "Плошча Перамогі". Але найперш музыка зайграе ў гэты дзень на "Беларусь 3": у дзесяць гадзін можна паглядзець тэлеверсію гала-канцэрта XXI тэлевізійнага фестывалю армейскай песні "Зорка". Яшчэ адна нагода ўключыць менавіта гэты канал - дакументальны цыкл "Дзённікі беларускага падполля", у якім раскажуць аб антыфашысцкім падполлі ў найбуйнейшых гарадах краіны - Мінску, Брэсце, Гомелі і Магілёве. Цікава, што на працягу ўсяго святочнага дня тэлеканал не будзе дэманстраваць рэкламныя блокі.

Шмат эфірных гадзін будзе прысвечана 9 мая і на "Беларусь 24". Раім паглядзець чарговы выпуск праграмы "24 пытанні", у якім вядучы Аляксандр Мартыненка пагутарыць з дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Дзмітрыем Шляхціным.

Прамую трансляцыю Парада Перамогі, які будзе праходзіць у Маскве на Краснай плошчы, можна будзе ўбачыць на тэлеканале "НТВ-Беларусь" у 10 гадзін.

АНТ пачне святочны эфір ужо з "Нашай раніцы". Вядучыя праграмы будуць працаваць на "Лініі Сталіна" і каля стэлы "Мінск - горад-герой". Яны пагутараць з ветэранамі і самі прымуць удзел у рэканструкцыі баёў на "Лініі Сталіна". Яшчэ адзін цікавы праект канала - дакументальны фільм пра кінастужку "У бой ідуць адны "старыя". Фільм прымеркаваны да 45-годдзя карціны і да 90-годдзя рэжысёра Леаніда Быкава. Аўтар праекта Тэнгіз Думбадзэ сустрэўся з тымі, хто ствараў гэты фільм, і блізкімі людзьмі рэжысёра.

ДАРЭЧЫ

9 мая ў 16.55 Белтэлерадыёкампанія далучыцца да хвіліны маўчання, прысвечанай памяці ахвяр і герояў Вялікай Айчыннай вайны.

Наталья СТЕПУРО.