Прайшоў кастынг вядучых для дзіцячага "Еўрабачання"

18.08.2018

"Звязда"

Ужо праз тры месяцы Мінск прыме 16-ы Міжнародны дзіцячы конкурс песні "Еўрабачанне-2018", які яшчэ не пачаўся, а ўжо стаў рэкордным па колькасці ўдзельнікаў, у тым ліку краін-дэбютантаў. Белтэлерадыёкампанія працягвае маштабную падрыхтоўку да шоу: у прыватнасці, днямі ў медыяхолдынгу адбылося "жывое" праслухоўванне кандыдатаў у вядучыя творчага форуму.

Арганізатары атрымалі больш як 100 заявак ад дзяцей ва ўзросце 9-14 гадоў і дарослых, прычым не толькі з Беларусі, але і з Украіны, і нават з ЗША. Пасля папярэдняга адбору да наступнага этапу былі дапушчаны крыху больш як 30 найлепшых. Прэтэндэнтам трэба было прадэманстраваць не толькі бездакорную работу з англамоўным сцэнарыем, але і ўменне трымацца перад камерамі, імправізаваць, працаваць у тандэме.

"Хто вам ска­заў, што пра­фе­сій­ныя вя­ду­чыя не хва­лю­юц­ца на кас­тын­гу? Мы прос­та лепш гэ­та ўтой­ва­ем", - сцвяр­джае Яў­ген Пер­лін.

- Насамрэч на дадзены момант я не магу ўпэўнена сказаць, каго мы шукаем: дваіх вядучых ці траіх, хлопца і дзяўчыну ці двух хлопцаў, больш дарослых ці падлеткаў. Напэўна, павінны супасці некалькі крытэрыяў: і добрая англійская мова, і прывабная знешнасць, і харызма, энергетыка, але ніводны з іх сам па сабе не з'яўляецца вырашальным, - прызнаўся яшчэ да пачатку кастынгу старшыня Белтэлерадыёкампаніі і кіраўнік аргкамітэта дзіцячага "Еўрабачання-2019" Іван ЭЙСМАНТ. - Таму пошукі працягваюцца, і калі заўтра з'явяцца яшчэ новыя цікавыя кандыдатуры, то мы абавязкова іх разгледзім.

А дзеля большай аб'ектыўнасці ў журы запрасілі шоу-прадзюсара конкурсу Гордана Банела з Мальты. Ён не ведаў рэгалій ніводнага з прэтэндэнтаў, таму з увагай і цікавасцю слухаў абсалютна ўсіх і для кожнага знаходзіў словы падтрымкі: хваліў дыкцыю альбо пластыку, рабіў кампліменты вобразу ці артыстычнасці, а таксама працаваў за ўяўную публіку, апладзіраваў, задаваў пытанні - словам, разраджаў сваёй еўрапейскай прыязнасцю напружаную атмасферу.

"Good evenіng, Europe! Welcome to the Junіor Eurovіsіon Song Contest!" - нават цяжка падлічыць, колькі разоў прагучалі гэтыя словы ў студыі перад журы, за кулісамі, у калідорах і іншых кутках, прыдатных да рэпетыцыі. Заўважаем у чарзе ўдзельнікаў - збольшага дзявочай - нямала знаёмых асоб: паспытаць удачы вырашылі былыя ўдзельнікі дзіцячага "Еўрабачання" Ксенія Сітнік, Надзея Місякова, Руслан Асланаў і Хелена Мерааі, прадстаўніца Беларусі на дарослым "Еўрабачанні-2011" Анастасія Віннікава, дачка Ягора Хрусталёва Марыя, вядучыя тэлеканала АНТ Кацярына Цішкевіч і Анжаліка Пушнова, увасабленне рэкламнай гульні "Удача ў прыдачу" Дзмітрый Кахно, вядучы навін "Беларусь 1" і каментатар "Еўрабачання" Яўген Перлін, вядучая Агенцтва тэленавін Наталля Тарасюк...

Зрэшты, хваляваліся абсалютна ўсе: і 10-гадовыя дзеці, і студэнты журфака, і ўжо вопытныя тэлевядучыя, у якіх за плячыма не адна сотня эфіраў.

Першай на суд журы адважылася выйсці Анастасія Віннікава: "Цікава было б папрацаваць па гэты бок сцэны, тым больш, калі шчыра, "Еўрабачанне" - такая ўнікальная творчая пляцоўка, якая аб'ядноўвае музыкантаў, артыстаў з розных краін, конкурс сапраўды зацягвае, і, калі аднойчы акунаешся ў гэту атмасферу, хочацца зноў у яе вярнуцца". Калегу-канкурэнтку па сцэне падтрымала і былая ўдзельніца дзіцячага "Еўрабачання" Надзея Місякова: "Для кожнага ўдзельніка дзіцячае "Еўрабачанне" - гэта і каласальны вопыт, які мы атрымліваем на конкурсе, і чароўная казка, і вельмі цёплыя ўспаміны, якія захоўваюцца ўнутры цябе на вельмі-вельмі доўгі час... Тут вельмі многа годных удзельнікаў, шмат каго я добра ведаю, і які б выбар ні зрабіла журы, усім жадаю ўдачы!"

"Я ўспрымаю гэты адбор як імпульс для развіцця і выклік самой сабе, сваім уменням, навыкам і ведам, - прызналася самая дарослая сярод кандыдатаў Кацярына Цішкевіч. - Хочацца паспрабаваць нешта новае: канцэрты на рускай і беларускай мовах я праводжу рэгулярна, а вось у якасці англамоўнай вядучай яшчэ не была. Натуральна, хацелася б выйграць і весці "Еўрабачанне", аднак, калі гэтага не здарыцца, мяркую, засмучацца не буду, а буду працаваць над сабой далей. Дарэчы, шчыра скажу як былы выкладчык англійскай мовы: канкурэнцыя вельмі высокая і некаторыя падлеткі дэманструюць надзвычай добры ўзровень".

Ары­на Роў­ба пры­му­сі­ла да­рос­лых пры­га­даць, што і яны не­ка­лі бы­лі дзець­мі, гарэзлі­вы­мі і не­па­срэд­ны­мі.

На фоне дарослых дзеці радавалі не столькі бездакорнай англійскай, колькі эмацыянальнай, жывой непасрэднасцю. Так, 10-гадовая мінчанка Арына Роўба, даведаўшыся, што пытанні ёй задае сапраўдны мальціец, выдала такое шматзначнае "м-м-м...", што сарвала апладысменты. "Гэта першы сур'ёзны кастынг дачкі, магчыма, яна крыху разгубілася з-за дадатковых пытанняў, але я адразу настройвала яе на тое, што ў любым выпадку будзе карысны вопыт, незалежна ад выніку. Але, на мой погляд, у Арыны памкненне да сцэны сур'ёзнае і вельмі магчыма, што тэлебачанне - яе будучая прафесія", - расказала мама юнай вядучай. "Не, я не разгубілася! - звонка запярэчыла дзяўчынка. - Проста чамусьці лічыла, што ўсе ў журы - беларусы, а тут, аказваецца, ёсць чалавек з Мальты, і з ім цікава гаварыць". Арына кулямётнай чаргой выпаліла, што ўжо даўно хоча стаць вядучай і таму здымае відэа для ўласнага ютуб-канала, а англійскай яе навучыла мама: "Яна сказала: "Хочаш ці не хочаш, але зраблю з цябе чалавека, а тата гаворыць, што мама заўжды галоўная, а я ўся ў тату. Але ўсё адно, хоць я і ведаю англійскую, я хвалявалася, бо сёння выпаў адзін зуб - карацей, яшчэ ўчора хістаўся, а сёння мама паклала на сняданак кашу з клубніцамі, я ўкусіла, а ён бац - і ў руках, і тата пажартаваў, што трэба прымацаваць назад клеем, але вырашылі пакінуць так, як ёсць. А калі вырасту, я хацела б весці "Голас", як Дзмітрый Нагіеў: у акулярах, уся такая прыкольная... І можа, гэта збоку падобна на малпу Чы-чы-чы, але я вось такая!"

Яшчэ адну з самых юных удзельніц адбору, гамяльчанку Ксенію Галецкую, суправаджала ўнушальная група падтрымкі: мама, старэйшая сястра і маленькі брацік, які, праўда, не дачакаўся выступлення Ксюшы і заснуў у калясцы. Як аказалася, для сям'і такія падарожжы - не рэдкасць, як і для самой Ксеніі - удзел у творчых конкурсах: "Я вяла Нацыянальную музычную прэмію "Ліра", удзельнічала ў тэлепраекце "Я спяваю", ва ўкраінскім дзіцячым "Голасе" і іншых конкурсах, а яшчэ вяду праграму "Пазакласная гадзіна" на рэгіянальным канале "Беларусь 4". Ну і тут, хоць, натуральна, хвалююся, але, мяркую, што шанцы ў мяне ёсць: англійскую ведаю добра, наогул у школе вучуся на "выдатна" і большасць пытанняў, якія журы задае іншым удзельнікам, разумею без праблем". Мама памкненні дачкі, як і ўсіх астатніх дзяцей, толькі вітае: "Калі ім нешта цікава, няхай спрабуюць свае сілы, бо калі не паспытаеш, не даведаешся, тваё гэта ці не, а ўжо задача бацькоў - па меры сіл і магчымасцяў дапамагчы, падтрымаць дзяцей".

Ксе­нія Сіт­нік сціп­ла ска­за­ла пра ся­бе прад­зю­са­ру з Маль­ты: "Фэшн-жур­на­ліст, спявач­ка... ну, і яшчэ пе­ра­мож­ца дзі­ця­ча­га "Еў­ра­ба­чан­ня-2005".

Карыстаючыся момантам, Ксюша бяжыць рабіць сумеснае фота з адной са сваіх любімых артыстак Ксеніяй Сітнік, якая таксама спрабуе сёлета, праз 13 гадоў пасля першай перамогі Беларусі на дзіцячым "Еўрабачанні", вярнуцца на конкурс у новым амплуа. "Гэта не значыць, што са спевамі я завязала, - усміхаецца старэйшая Ксенія ў адказ на роспыты. - Магчыма, калі-небудзь я зноў паспрабую сябе ў амплуа артысткі. Але ж я атрымала адукацыю журналіста, і мне цікава паспрабаваць свае сілы ў якасці вядучай. Тым больш менавіта гэты конкурс шмат гадоў таму даў мне добры старт у жыцці, і я з прыемнасцю згадваю той час. Праўда, штораз хвалююся, як першы, спрабую пераадольваць эмоцыі, але перажываю на кожным экзамене - вось і цяпер ажно рукі дрыжэлі..."

Першымі з удзельнікаў порцыю дадатковых кампліментаў ад журы і просьбу затрымацца пачулі Руслан Асланаў і Хелена Мерааі, якія пазней выступілі ў дуэце. Аднак потым такую магчымасць атрымалі і яшчэ некалькі прэтэндэнтаў, таму рабіць высновы пра тое, што вядучыя дзіцячага "Еўрабачання-2019" ужо знойдзеныя, усё ж зарана. Канчатковы вынік адбору Белтэлерадыёкампанія агучыць у пачатку восені. І выбар, як зазначыў рэжысёр і прадзюсар Гордан Банела, будзе надзвычай нялёгкі: "Кожны з кандыдатаў быў адметны і цікавы, у вас шмат творчых людзей, і мяне гэта парадавала. Каго б ні выбрала журы, я ўпэўнены, што вядучыя дапамогуць зрабіць будучае шоу яшчэ больш відовішчным і захапляльным".

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.