Песня па-кiеўску

11.05.2017

"Рэспублiка"

Чаго чакаць ад беларускіх канкурсантаў на “Еўрабачанні”Як складзецца для нашага гурта NaviBand, якi сёння выйдзе на сцэну Еўрабачання, другi паўфiнал.

"Рэспублiка"

Чаго чакаць ад беларускіх канкурсантаў на “Еўрабачанні”Як складзецца для нашага гурта NaviBand, якi сёння выйдзе на сцэну Еўрабачання, другi паўфiнал

Кіеў ужо амаль тыдзень у колерах "Еўрабачання". Чырвоная дарожка, бясконцыя вечарынкі, аўтограф-сесіі - усё як звычайна. Хтосьці ўжо нават сабраў чамаданы - не ўсім пашчасціла трапіць у фінал. Але беларусы пакуль у напружанні: ці будзе там NaviBand? Іх першы выхад сёння.

"Еўрабачанне" без букмекераў - як яйка без курыцы. Стаўкі зроблены, спадары! І якія яны? Што з беларускім дуэтам? Усё будзе добра. Галоўнае, што з еўравізійнай сцэны мова наша ўсё ж прагучыць. Хочацца, каб двойчы? Ну тут пакуль ніякіх гарантый, хоць Ксенія з Арцёмам і ўлюбілі ў сябе палову Кіева. Заўсёды такія светлыя, яны раптам з’явіліся перед публікай у чырвоным і чорным. Па дарожцы даўжынёй 265 метраў яны ішлі дзве гадзіны. З аднаго боку на іх накідваліся журналісты, з другога - фанаты. Адным - інтэрв’ю, другім - сэлфі і аўтографы. Арцём гаворыць, што некаторым нават прыйшлося адмовіць, бо не хапала часу. Словам, рвалі іх на чырвоныя шматкі. А потым гурт запусціў у неба наш сцяг - на ўдачу.

Рабяты доўгі час трымалі ў сакрэце, як будзе выглядаць іх нумар. Але пасля дзвюх рэпетыцый на ўкраінскай сцэне гэта ўжо не тайна. Арцём Лук'яненка і Ксенія Жук будуць "лётаць". Такі эфект атрымаецца дзякуючы камп’ютарнай графіцы і вентылятарам. Трэба сказаць, што ў мінулыя гады ў нашых удзельнікаў былі больш вычварныя нумары, але сёлета гурт робіць стаўку на нацыянальную адметнасць і родную мову. Ці адзначаць гэта еўрапейцы?

Цяпер пра тых, хто з канкурсантаў ужо стаў гледачом. У першым паўфінале іх было 18. Засталося дзесяць. Нехта браў голасам, нехта - спецэфектамі. Шмат удзельнікаў спрабавалі заваяваць гледачоў адкрытымі ўборамі. Асабліва ў гэтым пастараўся прадстаўнік Чарнагорыі. Ён выйшаў на сцэну з доўгай касой, падалося, імкнуўся спарадзіраваць аднаго з герояў фільма "Гульні тронаў". Але гэтую фантазію гледачы не зразумелі. У выніку - без пуцёўкі ў фінал. Не ўразіла і вогненнае шоу ўдзельніцы з Грузіі. Куды цікавей выглядала прадстаўніца Арменіі, яна скарыла не толькі голасам, але і незвычайнымі візуальнымі эфектамі і яркай харэаграфіяй. Удзельніца з Азербайджана зладзіла незвычайны перформанс і надзела на аднаго з мужчын у падтанцоўцы галаву каня. Яшчэ адзін прадстаўнік постсавецкай прасторы ў фінале - Малдова. Трыа SunStroke Project у складзе скрыпача, саксафаніста і вакаліста з'яўляецца ўладальнікам залатога медаля конкурсу WCOPA ў Лос-Анджэлесе і лепшым вакальна-інструментальным праектам свету.

Але фаварытамі на сёлетнім "Еўрабачанні" лічацца зусім не гэтыя ўдзельнікі. Партугалец Сальвадор Сабрал не рабіў ніякага перформанса, падалося, нават прычасацца і пераапрануцца забыўся, але які голас, якая пачуццёвасць, меладызм! Зусім іншы прыклад - швед Робін Бенгтсан. Касцюм з іголачкі, модная стрыжка - дзяўчаты рыдаюць ад захаплення.

У другім паўфінале букмекеры раяць звярнуць увагу на Балгарыю. Яе прадставіць 17-гадовы Крысціян Костаў. Хлопец адметны не толькі сваімі вакальнымі данымі, але і тым, што нарадзіўся ў Маскве. Улічваючы, што Расію сёлета не пусцілі ў Кіеў, гэта для балгарскага ўдзельніка дадатковы бонус. Цікава, што некалькі гадоў таму Крысціян ужо выходзіў на сцэну "Еўрабачання", гэта адбылося некалькі гадоў таму ў Маскве: ён адкрываў конкурс у складзе вядомага ансамбля "Непаседы". Да таго ж у 2013-м ён з’яўляўся ўдзельнікам расійскага шоу "Голас. Дзеці", дзе яго настаўнікам быў трыумфатар "Еўрабачання-2008" Дзіма Білан.

Але ўсе лаўры яшчэ да пачатку сёлетняга конкурсу букмекеры аддаюць Італіі. Франчэска Габані мы ўбачым адразу ў фінале. Такое права гэта краіна атрымлівае на правах аднаго са стваральнікаў "Еўрабачання" разам з Вялікабрытаніяй, Францыяй, Германіяй і Іспаніяй. Па правілах гэтага міжнароднага музычнага форуму такую прывілею мае і краіна-гаспадыня. 35-гадовы Габані перамог на апошнім "Сан-Рэма" з вясёлай песняй Occidentali's Karma ("Карма па-заходняму") і здзівіў публіку малпай, якая танцуе. Гэты ж нумар, мяркуецца, будзе паказаны і ў Кіеве.

Словам, сёння вечарам трэба ўключыць "Беларусь 1", каб пахварэць за NaviBand, а 13 мая - каб атрымаць асалоду ад відовішча, а таксама праверыць, ці пацвердзяцца сёлета прагнозы букмекераў. Прыемнага прагляду.

Наталля ІВАНОВА.

Документация