11.01.2019

"Звязда"

У эфір "Беларусь 1" вяртаецца віктарына "Я ведаю!"

Папулярны праект - віктарына для ўсёй сям'і "Я ведаю!", зладжаная сумесна Белтэлерадыёкампаніяй і Міністэрствам адукацыі, вяртаецца ў эфір канала "Беларусь 1". Ужо 12 студзеня "знайкі" з усёй краіны - школьнікі, якія прайшлі папярэдні адбор у сваіх раёнах і абласцях, адкрыюць захапляльныя інтэлектуальныя спаборніцтвы. 

Як і ў мінулым сезоне 2017/18 года, спачатку свае веды прадэманструюць эрудыты з асобна ўзятай паралелі - з 5 па 11 клас, а экзаменаваць і разам з тым падтрымліваць удзельнікаў будуць Георгій Калдун, за пультам вядучага, і Дзмітрый Новік - з педагогамі ў "настаўніцкай". Вучні сярэдніх і старшых класаў, якія набяруць найбольшую колькасць балаў, працягнуць барацьбу ў суперфіналах, а пераможцаў у кожнай паралелі чакаюць дыпломы і падарунак-сюрпрыз для ўсяго класа.

У медыяхолдынгу "Звяздзе" расказалі, што шоу-віктарына, якая летась мела высокія рэйтынгі і станоўчыя водгукі гледачоў, крыху пашырылася - па-першае, выходзіць у эфір яна цяпер будзе двойчы на тыдзень, па суботах і нядзелях, а па-другое, акрамя вундэркіндаў, у кожным выпуску прадставіць шырокай публіцы таленавітых дзяцей з рэгіянальных школ мастацтваў.

"Я заўжды папярэджваю дзяцей, што пытанні ў нас вельмі розныя - як надзвычай складаныя, на якія не кожны дарослы адкажа, так і самыя простыя, - гаворыць вядучы шоу-віктарыны "Я ведаю!" Георгій Калдун. - У працэсе абмеркавання стараюся разгаварыць кожнага ўдзельніка, каб зразумець: ён ведае правільны адказ проста таму, што завучыў яго, альбо разбіраецца ў прадмеце і можа лагічным шляхам растлумачыць свае высновы. Калі ніхто не ведае адказу, мы з Дзімам Новікам часта звяртаемся да настаўнікаў, або я прашу падняць рукі тых гледачоў у зале, хто ведае адказ, - і дзеці бачаць, што гэта не яны такія някемлівыя, а пытанне насамрэч такое мудрагелістае. І, натуральна, я таксама ніколі не саромеюся прызнавацца, што чагосьці не ведаю, і буду ўдзячны, калі нехта падкажа і растлумачыць".

Некаторыя ўдзельнікі, дарэчы, паспрабуюць свае сілы ўжо другі раз, многія таксама спецыяльна глядзелі мінулы сезон праграмы, каб лепш падрыхтавацца да інтэлектуальных іспытаў. У каго гэта атрымалася і як далёка маглі б прасунуцца ў віктарыне вы - глядзіце і правярайце па суботах і нядзелях у 13.30.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.