Навіны эфіру

По сообщению sb.by (и газеты "СБ. Беларусь сегодня")

Радиоканал "Культура" приглашает в радиотеатр, а телеканал "Беларусь 3" продолжает чествовать выдающихся деятелей культуры. Лепшыя і любімыя 

З сярэдзіны верасня ў межах мерапрыемстваў, прысвечаных 95-годдзю Беларускага радыё, канал "Культура" пачне знаёміць слухачоў з лепшымі сучаснымі айчыннымі радыёспектаклямі, запісанымі ў ХХІ стагоддзі. Тэлеканал "Беларусь 3", у сваю чаргу, ужо зараз запрашае гледачоў да дамашніх экранаў. На наступным тыдні самая культурная кнопка айчыннай тэлепрасторы будзе ўспамінаць расійскага акцёра і рэжысёра Алега Табакова і яго калегу з Беларусі Івана Паўлава, а таксама мастака Аляксандра Ксяндзова і народнага паэта БССР Пімена Панчанку.

На адной хвалі

Серыя вераснёўскіх трансляцый адбудзецца ў праграме "Радыётэатр. Лепшае", што выходзіць на канале "Культура" па суботах у 10:30. Першы ў афішы 12 верасня - радыёспектакль "Ігнатаў рубеж" па п’есе Васіля Ткачова, які быў запісаны ў 2006 годзе і прымеркаваны да 20-годдзя катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Дырэктар канала "Культура" Уладзімір Трапянок упэўнены: радыёспектаклі - гэта не яскравая з’ява мінулага стагоддзя, а па-ранейшаму найбольш інтымная форма камунікацыі паміж слухачом і артыстам. Бо ўражанне ў кожнага чалавека сваё, і яно залежыць выключна ад голасу артыста і ад таго, як гэты голас адгукнецца ва ўяўленні слухача.

- У студыях Дома радыё створаны сотні арыгінальных аўдыёспектакляў і радыёверсій пастановак беларускіх тэатраў. Раней менавіта дзякуючы радыётэатру многія акцёры станавіліся знакамітымі на ўсю краіну, рэ-жысёры за сваю творчую дзейнасць атрымлівалі дзяржаўныя прэміі і ганаровыя званні. Гэты сапраўды каштоўны аўдыяльны скарб мінулага стагоддзя ў нашы дні можна пачуць у эфіры Першага нацыянальнага канала і на хвалях канала "Культура". Вядома, у XXI стагоддзі колькасць радыёспектакляў зменшылася, аднак тыя работы, што запісваюцца, - здабытак сучаснага літаратурна-драматычнага вяшчання Беларускага радыё. Менавіта гэтыя работы пачуюць нашы прыхільнікі.

Пасля "Ігнатавага рубяжа" слухачоў чакаюць радыёспектаклі "Паэт і дзяўчына" па п’есе паэта Пятра Васючэнкі, "Крыж" па п’есе Аляксея Дударава і "Пастка" паводле аднайменнага твора Васіля Быкава.

Майстры і куміры

На наступным тыдні ў эфіры "Беларусь 3" можна будзе ўбачыць тэматычна падабраныя кінафільмы і дакументальныя праекты ўласнай вытворчасці - з нагоды дзён нараджэння выбітных дзеячаў культуры і мастацтва.

17 жніўня народнаму артысту СССР Алегу Табакову магло б споўніцца 85 гадоў. Для мільёнаў гледачоў па ўсім свеце Табакоў — гэта Шэленберг з "Сямнаццаці імгненняў вясны", Павел Пятровіч з кінастужкі "Няскончаная п’еса для механічнага піяніна", кароль з "Трох мушке-цёраў", Абломаў, міс Эндру з "Мэры Попінс" і, вядома, цудоў-ны кот Матроскін. Гэтыя героі і далей будуць жыць для нашых дзяцей і ўнукаў: Алег Табакоў быў і застаецца голасам, да якога нельга не прыслухацца. З нагоды дня нараджэння таленавітага кінамайстра ў панядзелак тэлеканал "Беларусь 3" прапануе гледачам паглядзець меладраму "Калі можаш, даруй..." з удзелам Алега Табакова а 16-й гадзіне і ў 23:40.

Днём пазней, у аўторак, у 17:10 да дня нараджэння беларускага мастака Аляксандра Ксяндзова будзе паказаны выпуск праграмы "Майстэрня. Гісторыя аднаго мастака". У беларускім жывапісе ён, мабыць, адзіны з сучасных майстроў, хто цэнтральнай тэмай сваёй творчасці абраў тонкую тэму ню. Аголеная жаночая прыгажосць як галоўны вобраз з’явілася на палотнах Ксяндзова яшчэ напрыканцы 1960-х. З тых часоў ён стварыў каля трох соцень карцін, што далікатна апяваюць прыгожае жаночае цела. 

А ў чацвер, 20 жніўня, нарадзіўся беларускі акцёр, рэжысёр і сцэнарыст Іван Паўлаў. У гэты дзень гледачам прапануецца адна з яго самых вядомых работ у якасці пастаноўшчыка - камедыя "На спіне ў чорнага ката". Прыгодніцкую камедыю з удзелам вядомых беларускіх акцёраў тэлеканал пакажа двойчы за дзень: у 13:50 і ў 21:05.

Ну а 23 жніўня да дня нара-джэння перакладчыка, крытыка, народнага паэта БССР Пімена Панчанкі ў 16:10 будзе паказаны дакументальна-біяграфічны праект "Запіскі на палях", серыя "Пімен Панчанка: сінія касачы для паэта-філосафа". Чым не нагода зноў узяць у рукі томік яго вершаў, знаёмых яшчэ са школы?

Юлиана ЛЕОНОВИЧ.