Наталля Бібікава: Мае заўсёдныя спадарожнікі - тэатр і тэлебачанне

11.12.2019
"Звязда" 

Няважна, пастаноўкі прэм'ерныя ці даўно прызнаныя, сцэны вялікія ці камерныя, калектывы сталічныя ці рэгіянальныя - для аўтара і рэжысёра праграм "Тэатр у дэталях", "100 дзён з Купалаўскім" Наталлі Бібікавай слушная толькі адна акалічнасць: "таленавіта".
Стаць удзельнікам праектаў - нагода для гонару. Стаць гледачом - задавальненне. На журналісцкае шчасце, і на здымачнай пляцоўцы бываюць паўзы: Наталля знайшла час для інтэрв'ю і падзялілася думкамі пра сваіх заўсёдных спадарожнікаў - тэатр і тэлебачанне.

- Яшчэ да запуску аўтарскіх праграм вы працавалі над рубрыкай "Сцэна" ў перадачы "Добрай раніцы, Беларусь!". Чым адметная была гэта работа?

- Першапачаткова я прыйшла туды ў якасці асістэнта рэжысёра: рыхтавала запісы да эфіру, часам удзельнічала ў здымках - даручэнні былі розныя. І вось аднойчы паўстала патрэба ў сюжэце аб прэм'ернай пастаноўцы Валерыя Анісенкі "Жанчыны Бергмана" ў Тэатры беларускай драматургіі. Мне захацелася паспрабаваць. На шчасце, кіраўніцтва ўпадабала маю работу, і хутка было прынята рашэнне адкрыць рубрыку "Сцэна". У эфір я выходзіла штодня - а значыць, кожны дзень мусіла знайсці тэму і зняць ролік. Канцэрты, фестывалі, гастролі і, безумоўна, спектаклі - нішто не праходзіла міма нас. І такі шчыльны графік - на працягу васямнаццаці гадоў... За гэты час вызначыла для сябе правіла: не грэбаваць аніякай, нават самай дробнай працай.

- Варта сказаць, што па адукацыі вы актрыса і асновы тэлевытворчасці асвойвалі самастойна...

- Я пераканана, што чалавек можа навучыцца чаму заўгодна, асабліва ў наш неверагодна багаты на рэсурсы час. Выступаючы ў якасці вядучай, доўга назірала, як шчыруе ўся здымачная каманда, старалася "злавіць" нюансы аператарскай работы, мантажу. Цяпер у мяне ёсць мажлівасць увасабляць праекты згодна са сваімі патрабаваннямі і густам: тэксты для перадач пішу сама, рэжысірую і манцірую таксама самастойна.

- Ведаю, што студэнтам творчых факультэтаў вашу праграму "Тэатр у дэталях" прыводзяць як прыклад якаснага арт-праекта. А ці ёсць у вас так званы must see спіс перадач пра культуру?

- У дзяцінстве, яшчэ не ведаючы, што ў будучыні гэта будзе маёй прафесіяй, я проста абажала перадачы пра акцёраў: з захапленнем глядзела, як збіраюцца трупы легендарных тэатраў, як артысты паводзяць сябе, пра што гутараць, жартуюць, задаюць пытанні... Алег Яфрэмаў, Марк Захараў, Аляксандр Калягін - героі майго маленства. А якія цудоўныя канцэртныя нумары рыхтавалі Андрэй Міронаў, Аляксандр Шырвінт, Міхаіл Дзяржавін! Думаю, і сёння можна знайсці тыя запісы ў сеціве. А цяпер я з задавальненнем гляджу праект "Вялікая опера" і праграму-інтэрв'ю "Галоўны герой".

- У жніўні вы пачалі работу над праектам "100 дзён з Купалаўскім", які прысвечаны сотаму сезону і надыходзячаму стагоддзю Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Якімі ўражаннямі ўжо можаце падзяліцца?

- Ідэя ўзнікла летась. Першапачаткова планавалася падрыхтаваць перадачу пра гісторыю Купалаўскага, але ў выніку вырашылі зрабіць праграму пра сённяшнюю дзейнасць тэатра, хоць напярэдадні стагоддзя, якое адзначым у наступным верасні, гістарычныя агляды таксама выйдуць у свет. А цяпер нам важна як мага падрабязней расказаць прыхільнікам пра тэатральныя будні - пра ўсё, што звычайна схавана. Нам хочацца скараціць адлегласць паміж купалаўцамі і гледачамі, паказаць новыя бакі тэатральнага жыцця. Мне ўсцешна, што атрымалася зняць збор трупы пасля адпачынку. А цяпер, калі сезон распачаўся, здымачная каманда прысутнічае на сходах, на святкаваннях, на рэпетыцыях, на чытках. Часам мы праводзім у тэатры літаральна цэлы дзень.

- Ведаю, што над праектам працуе і Аляксандра Бабкова - ваша дачка...

- Яна ўжо мае адукацыю тэлерэжысёра. З дзяцінства была разам са мной на здымках і назірала за ўсім працэсам стварэння. Памятаю, калі дачцэ споўнілася дванаццаць, яна атрымала ў падарунак сваю першую камеру, і з таго часу Саша стала галоўным відэографам у школе. У адзінаццатым класе зразумела, што тэлебачанне - яе лёс, таму і паступіла ў Акадэмію мастацтваў. Ведаеце, цяпер яна ўжо мой настаўнік. Заўсёды прыслухоўваюся да яе парад: на якія пастаноўкі звярнуць асаблівую ўвагу, як лепей зняць, на чым зрабіць акцэнт. Акрамя ўдзелу ў маіх перадачах, яна займаецца рэжысурай праектаў "Майстэрня", "Дом, дзе жыве мастацтва", а нядаўна адбылася прэм'ера праекта "На вышыні": праграма расказвае пра творчую моладзь Беларусі, і Аляксандра з'яўляецца рэжысёрам-пастаноўшчыкам.

- Пастаноўшчыкі, артысты, гледачы... Вы назіраеце за імі ўсё жыццё. Што ў тэатральным асяроддзі вас найбольш засмучае?

- Мне вельмі балюча бачыць адвечную барацьбу класікі і эксперымента. Чаму б нарэшце старэйшаму пакаленню не зацікавіцца маладзёжнымі знаходкамі, а моладзі не прыняць класічныя пастаноўкі? Тэатр - ён розны, месца ў ім хопіць кожнаму. А вось што датычыцца гледачоў... Я мноства разоў бачыла вельмі непрыгожую рэч: ідзе спектакль - і, здаецца, усё цудоўна. Акцёры шыкоўна іграюць, "выкладваюцца" напоўніцу. Глядач рэагуе - смяецца, плача, усміхаецца. Артысты выходзяць на паклон - і бачаць павернутыя спіны некаторых гледачоў, якія бягуць заняць чаргу ў гардэробе. Калі ласка, не спяшайцеся сыходзіць. Не шкадуйце ўдзячнасці тым, хто цэлы вечар дарыў вам сваю энергію.

- І напрыканцы - крыху прыемнасцяў. Як мама чатырохгадовага Максіма, на якія пастаноўкі для дзяцей у сёлетнім тэатральным сезоне вы раіце звярнуць увагу?

- Зусім нядаўна ў Беларускім дзяржаўным тэатры лялек адбылася цудоўная прэм'ера спектакля "Тута Карлсан: першая і адзіная", пастаўленага Кацярынай Ложкінай-Бялевіч. Вельмі разумная і ў той жа час лёгкая, захапляльная работа. А яшчэ мне вельмі падабаецца незалежны дзіцячы тэатр Златы і Уладзіміра Глотавых, які называецца "Пацеркі". Удалы літаратурны матэрыял, найпрыгажэйшыя хэнд-мэйд дэкарацыі і, што галоўнае, увага да маленькіх гледачоў, разуменне іх настрою і чаканняў. Абавязкова пазнаёмцеся!

Марыя СТРАХ.