18.10.2019
"Звязда"

Здымаюць новыя серыі праекта "Беларусь памятае".
Журналісты Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі прыступілі да здымак новых серый праекта "Беларусь памятае", у якіх раскажуць не толькі пра падзеі на фронце, але і пра лёсы людзей, якія жылі на акупаванай тэрыторыі падчас Вялікай Айчыннай вайны, пра трагедыі цэлых населеных пунктаў, што былі знішчаны разам з жыхарамі.

У мінулым тэлевізійным сезоне творчая каманда АТН падрыхтавала 10 відэаролікаў пад агульнай назвай "Беларусь памятае", прысвечаных 75-годдзю вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У кожным міні-фільме былі рэканструяваны падзеі на фронце, а ролі рэальных салдат і афіцэраў выконвалі іх дзеці і ўнукі.

Цяпер праект раскажа не толькі пра герояў вайны, якія змагаліся на фронце і ў тыле, але і пра мірных жыхароў ваеннага ліхалецця. Так, у адной з серый у сучаснай студэнткі Крысціны Яўцішэнкавай з'явіцца магчымасць візуальна ўвасобіць успаміны пра сваю прабабулю — адлюстраваўшы падзеі тых часоў на палатне і ў кадры. Яе прабабуля Аляксандра Андрэеўна Малышка родам з вёскі Задуб'е Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці, якую гітлераўцы спалілі 29 снежня 1943 года, знішчыўшы 48 жыхароў і 149 двароў. Аляксандры Андрэеўне ўдалося выжыць, але яна страціла трох сваіх дзяцей, якіх жорстка забілі фашысты. Пасля вайны гераіня змагла выгадаваць яшчэ чатырох дзяцей. Вёску таксама адрадзілі, а яе ахвяр назаўсёды ўвекавечылі ў мемарыяльным комплексе "Хатынь".

Для здымак творчая група АТН адправілася ў Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту ў вёсцы Азярцо Мінскага раёна. Таксама тэлевізійнікі працуюць у Смалявічах і ў Хатыні. З дапамогай высокатэхналагічнага абсталявання, здымак у паветры, выкарыстання разнастайнай піратэхнікі журналісты імкнуцца перадаць маштабы трагедыі вайны на прыкладзе адной канкрэтнай вёскі.

- Мы працягваем праект, бо ў нас шмат герояў і сярод мірных жыхароў, пра якіх абавязкова трэба расказваць, - адзначае выканаўчы прадзюсар АТН Руслан Туркоў. - Наш праект зацікавіў маладое пакаленне, хлопцы і дзяўчаты паднялі сваю асабістую гісторыю, каб даведацца, кім былі іх дзяды і прадзеды ў часы вайны і які ўнёсак яны зрабілі ў Вялікую Перамогу, 75-годдзе якой мы будзем адзначаць у маі.

Новыя ролікі з цыкла "Беларусь памятае" будуць выходзіць у эфіры "Беларусь 1". А знятыя раней міні-фільмы ёсць у доступе на афіцыйным YоuTubе-канале Агенцтва тэленавін.

Алена ДРАПКО.