На крылах музыкі: у Мінску завяршаецца рэспубліканскі творчы конкурс маладых талентаў

24.04.2019
По сообщению 1prof.by (Федерация профсоюзов Беларуси)

Рэкордная колькасць адораных музыкантаў і выканаўцаў, амаль 400 чалавек, з розных рэгіёнаў нашай краіны прымае ўдзел у маштабным творчым праекце “Маладыя таленты Беларусі”.
Трэці тур конкурса дасягнуў свайго апагея - творчы ўздым, перажыванні, слёзы і спадзяванні праз некалькі дзён завершацца: 30 красавіка будуць падведзены вынікі. А 2 мая на XXIII Міжнароднай спецыялізаванай выставе “СМІ ў Беларусі” пераможцам і лаўрэатам уручаць узнагароды.

- Конкурс адбываецца восьмы раз і становіцца ўсё больш запатрабаваным і прэстыжным, - адзначыла аўтар і кіраўнік праекта, загадчык аддзела музычных праграм Першага нацыянальнага канала радыё Таццяна Якушава.

Разлічаны конкурс на творчую моладзь ад 10 да 21 года і тры ўзроставыя катэгорыі, столькі ж намінацый: “Эстрадны вакал”, “Інструментальная музыка” і “Спадчына”. У апошнюю намінацыю ўваходзіць фальклор і этнічная музыка або аўтарскія стылізаваныя кампазіцыі. Галоўнае, каб быў новы творчы пошук і цікавая інтэрпрэтацыя.

- Найбольшай папулярнасцю ў моладзі карыстаецца намінацыя “Эстрадны вакал”, дзе выступілі 157 салістаў і 37 ансамбляў. Яскравыя выкананні песень беларускіх і замежных аўтараў да слёз уразілі суддзяў конкурса на чале са старшынёй журы народным артыстам Беларусі Леанідам Захлеўным, - расказала Таццяна Якушава.

Дарэчы, пераможцы і лаўрэаты Рэспубліканскага творчага радыёконкурса прадстаўляюць нашу краіну на дзіцячым і дарослым Еўрабачанні, напрыклад, Алена Ланская, Хэлена Мерааі, ZENA і шэраг іншых. Знакаміты піяніст Уладзіслаў Хандогі - лаўрэат прэстыжных міжнародных конкурсаў. Па выніках мінулага года 20 лаўрэатаў конкурса сталі стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі.

- Моладзь ахвотна ўдзельнічае ў конкурсе, таму што тут высокі ўзровень і прафесійнае справядлівае журы, - падкрэсліла кіраўнік праекта. - Кожны год запрашаем менавіта тых заслужаных асоб, якія ўжо заявілі пра сябе ў мастацтве, займаюцца педагагічнай дзейнасцю. Сапраўды, вельмі важна - хто будзе ацэньваць канкурсантаў. Нават калі намінанты не выйдуць у другі ці трэці тур, ім неабходна, каб іх абавязкова паслухалі прафесіяналы і далі парады.

- Ці ёсць адрозненне ад папярэдніх конкурсаў і што ўражвае?

- Заўсёды здзіўляе імкненне да перамогі і самааддача, з якой выходзяць на сцэну выканаўцы. Менавіта гэтыя якасці ўласцівы дзецям і падлеткам, але чым старэйшыя яны становяцца, тым меньш запалу. Магчыма так і трэба: калі чалавек становіцца дарослым, мяняюцца прыярытэты. Але галоўная прыкмета таленту - калі  артыст на сцэне гатовы аддаць сэрца, душу і сваю існасць. Нам давярае таленавітая моладзь, якая ўжо абрала прафесійны шлях і бачыць сябе менавіта ў творчай музычнай прафесіі.

Даведка 1prof.by

Штогадовы Рэспубліканскі творчы радыёконкурс “Маладыя таленты Беларусі” стартаваў у 2010 годзе і праз год набыў статус рэспубліканскага. Яго арганізаваў Першы нацыянальны канал Беларускага радыё пры падтрымцы кіраўніцтва Белтэлерадыёкампаніі.

Яна ЯГОРАВА.