На "Беларусь 1" адбудзецца прэм'ера новага кулiнарнага шоу

01.11.2019
"Звязда" 

З найблiжэйшай суботы, 2 лiстапада, на "першай кнопцы" адбудзецца прэм'ера новага кулiнарнага шоу. На "Кухнi жыцця" навучаць гатаваць здаровую i карысную ежу не толькi гледачоў, але i вядомых спартсменаў, артыстаў i тэлевядучых.
"Кухня жыцця" - не толькi кулiнарны праект, але i падручнiк па культуры харчавання, эпiграфам да якога могуць стаць словы. "Мы - гэта тое, што мы ядзiм". Такой думкi прытрымлiваюцца i вядучыя праграмы Аляксандр Яраслаўцаў i Святлана Кашыцкая, якая з'яўляецца ўрачом-дыетолагам i фiтнес-трэнерам i дапамагла прыйсцi ў жаданую форму не адной славутасцi.

Гасцямi на тэлевiзiйнай кухнi стануць Вольга Барабаншчыкава, Аляксей Ягудзiн, Ларыса Грыбалёва, Аляксей Хлястоў, Iна Афанасьева, Аляксей Талай i многiя iншыя. Для iх вядучыя падабралi пытаннi "на дэсерт", якiя раскрыюць медыйных асоб з новага боку. У прэм'ерным выпуску праграмы адказваць на пытаннi i гатаваць здаровую ежу будзе вядучы праектаў Белтэлерадыёкампанii "Добрай ранiцы, Беларусь!", "Макаёнка, 9" Яўген Перлiн.

"Кухня жыцця" складаецца з цiкавых рубрык - напрыклад, "Халадзiльны рэвiзор" раскажа, чым запоўнiць лядоўню i з якiмi прадуктамi лепш назаўсёды развiтацца, "АБВГДэйка" пазнаёмiць дзяцей з карыснымi ўласцiвасцямi прадуктаў i падкажа, дзе i якi вiтамiн шукаць. А вось "У чым фiшка?" - спадарожнiк кулiнараў-аматараў у свеце лайфхакаў на кухнi.

Таму не прапусцiце прэм'ерны выпуск на "Беларусь 1" 2 лiстапада ў 15.45.

Пяць пытанняў для вядучай "Кухнi жыцця" Святланы Кашыцкай:

1. Здаровы лад жыцця пачынаецца... - З харчавання. Наш знешнi выгляд, стан валасоў, скуры i любыя захворваннi - усё гэта пачынаецца з харчавання.

2. Я нiколi не зайду на кухню... - Калi яна не прыбраная, бо люблю гатаваць у чысцiнi.

3. Мая любiмая страва, што вяртае мяне ўспамiнамi ў дзяцiнства... - Макарона з сасiскай i бананы, якiя мы куплялi некалi зялёнымi i клалi ў тумбачку, каб яны даспявалi. Магчыма, таму я цяпер люблю гатаваць пасту, бо ведаю, што такая страва дае больш карысцi.

4. Перакус, якi парэкамендую... - Садавiна i арэхi. Я люблю, каб перакус быў зручны. Таму i назвала арэхi - гэта найкарыснейшы прадукт для мозга i нервовай сiстэмы. I садавiну, бо 90 працэнтаў людзей не спажывае патрэбную колькасць правiльных вугляводаў i нават не здагадваецца пра тое, а ў вынiку такога недахопу i з'яўляюцца лiшнiя кiлаграмы.

5. Якой цаны не вартая iдэальная знешнасць? - Не трэба дзеля прыгажосцi шкодзiць свайму здароўю. Бо жыць можна як заўгодна, але лепш, калi жывеш з энергiяй, з задавальненнем i якасна.

Алена ДРАПКО.