Мінск стане сталіцай дзіцячага "Еўрабачання-2018"

17.10.2017

"Звязда"

Прэстыжны міжнародны музычны конкурс пройдзе ў Беларусі ўжо другі раз

Да пачатку дзіцячага "Еўрабачання-2017", якое адбудзецца ў Тбілісі 26 лістапада, застаецца крыху больш за месяц, а арганізатар маштабнага шоу, Еўрапейскі вяшчальны саюз (EBC), ужо афіцыйна абвясціў, куды адправіцца конкурс налета. У Беларусь!

Нагадаем, наша краіна ўжо прымала 14 краін - удзельніц дзіцячага "Еўрабачання" ў 2010-м, прычым тады выканаўчы прадзюсар ЕВС Свантэ Стакселіус асобна адзначыў высокі ўзровень работы Белтэлерадыёкампаніі: "Гэта было адно з найлепшых шоу, на якіх я наогул калі-небудзь быў". Акрамя таго, Беларусь заўжды паказвала добрыя вынікі і на самім конкурсе: на творчым рахунку нашых юных артыстаў - два "золаты" (больш мае толькі Грузія), адно "серабро" і дзве "бронзы" дзіцячага "Еўрабачання".

Клапоцячыся пра будучыню міжнароднага дзіцячага песеннага конкурсу, кіруючая група ЕВС вырашыла ўнесці змены ў правілы мерапрыемства, паводле якіх краіна, што перамагла ў папярэднім шоу, мела права першай адмовы ад арганізацыі наступнага конкурсу. Таму заяўкі на правядзенне дзіцячага "Еўрабачання" прымаліся загадзя, і менавіта беларуская была прызнана наймацнейшай сярод усіх.

Як падкрэсліў у інтэрв'ю БелТА старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька, медыяхолдынг мае ўсе тэхнічныя магчымасці для правядзення маштабнага творчага форуму на самым высокім узроўні. Група прафесіяналаў ужо распрацоўвае слоган і лагатып конкурсу 2018 года. Акрамя таго, неўзабаве Мінск наведае супервайзер "Еўрабачання" Ян Ола Санд, каб агледзець патэнцыйныя конкурсныя пляцоўкі і абмеркаваць шэраг арганізацыйных момантаў. Тым часам не змяншае абаротаў падрыхтоўка да конкурсу "Еўрабачанне-2017" у Тбілісі: усе канкурсанты праводзяць фотасесіі, шматлікія рэпетыцыі, здымаюць прэзентацыйныя кліпы на свае песні.

Ужо вя­до­ма, што фі­нан­са­выя вы­дат­кі на пра­вя­дзен­не кон­кур­су бу­дуць нес­ці як Бел­тэ­ле­ра­дыё­кам­па­нія, так і ЕВС як ар­га­ні­за­тар дзі­ця­ча­га "Еў­ра­ба­чан­ня".

Грузінская сталіца сустрэне ўдзельнікаў з 16 краін (менавіта столькі пацвердзілі свой удзел па стане на 16 кастрычніка. - Аўт.) рознакаляровым сонейкам-лагатыпам і заклікам "Ззяй ярка!" ("Shіne Brіght"). Беларусь на сцэне Алімпійскага палаца прадставіць 14-гадовая Хелена Мерааі з песняй "Я самая". Ці дабавіць беларуская ўдзельніца да гэтага азначэння слова "першая", залежыць ад таго, наколькі яе нумар і песня "зачэпіць" і тэлегледачоў, і прафесійнае журы - менавіта па суме іх ацэнак вызначыцца пераможца.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.