07.09.2018

"Рэспублiка"

У эфір "Беларусь 3" вяртаюцца самыя рэйтынгавыя праекты, а таксама з’яўляюцца новыя.

Топавыя праекты "Беларусь 3" вяртаюцца з адпачынку. Ужо ў першыя тыдні верасня гледачоў са­цыякультурнага тэлеканала чакаюць сустрэчы з даку­менталістамі Галінай Ада­мовіч і Іванам Куракевічам у праграме "Час кіно" і актрысай Марыяй Захарэвіч у праекце "Майстры і куміры".

У новым сезоне "Беларусь 3" працягне супрацоўніцтва з Беларускай дзяржаўнай акадэміяй мастацтваў, каб і далей радаваць сваіх гледачоў лепшымі вучэбнымі работамі, магчыма, будучых зорак айчыннага кіно і тых, хто ўжо заняў ганаровае рэжысёрскае месца. Такім чынам, 7 верасня ў вячэрнім эфіры будуць паказаны студэнцкія работы вядомага беларускага рэжысёра-дакументаліста, выпускніцы БДАМ 1994 года Галіны Адамовіч. Яе фільмы не раз станавіліся лаўрэатамі буйных кінематаграфічных фестываляў. Зараз гледачы змогуць убачыць яе першыя, навучальныя стужкі, з якімі яна, скончыўшы курс славутага дакументаліста Віктара Дашука, сышла ў вялікае плаванне па хвалях айчыннага кіно. Гэта кінанавелы "Пакахай мяне чорненькім" ("Беларусьфільм", 1993) і "Балачкі на колах" ("Беларусьфільм", 1991).

Напярэдадні паказу гледачоў чакае выпуск праекта "Час кіно", вядучым якога выступіць акцёр, сцэнарыст, рэжысёр, дэкан кафедры экранных мастацтваў БДАМ прафесар Павел Іваноў. У праграме Галіна Адамовіч не толькі прадставіць свае фільмы, але і раскажа, чаму, калі ў далёкім 1989 годзе паступала ў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, абрала менавіта дакументальнае кіно, ці ёсць у яе жаданне паставіць ігравую карціну і якія тэмы цікавяць яе як рэжысёра.

На тыдзень пазней госцем праграмы "Час кіно" стане малады таленавіты рэжысёр-дакументаліст, выпускнік БДАМ 2014 года Іван Куракевіч. Ён раскажа гледачам, якімі метадамі карыстаецца пры стварэнні фільмаў, ці цяжка яму расставацца са сваімі героямі. Як ён ставіцца да тэндэнцыі ўвядзення ігравых момантаў у дакументальнае кіно - яшчэ адна цікавая тэма. А пасля сустрэчы з рэжысёрам можна будзе ўбачыць яго раннія работы на ніве дакументалістыкі - "Мая дыстанцыя" і "Без вады".

Новы выпуск праекта "Майстры і куміры" выйдзе 16 верасня. У госці да Марыны Драгінай прыйдзе народная артыстка Беларусі актрыса Купалаўскага тэатра, рэжысёр, прафесар, легенда беларускага радыё і тэлебачання Марыя Захарэвіч. Гераіня праграмы падзеліцца сакрэтамі прафесійнага майстэрства і сямейнага шчасця, успомніць свае студэнцкія гады і першыя спектаклі, знакавыя ролі і эфіры, сяброў і калег па творчым цэху. Актрыса раскажа, якія персанажы ёй бліжэй, дзе яна любіць адпачываць і як адчувае сябе ў рэжысёрскім крэсле.

Унікальныя запісы з фонду Белтэлерадыёкампаніі забяспечаць, як заўсёды, поўнае пагружэнне ў экраннае мінулае. Цікава, што некаторыя фрагменты сталі прыемным адкрыццём і для самой Марыі Георгіеўны.

ДАРЭЧЫ

Галоўнай прэм’ерай сезона на "Беларусь 3" стане праграма "Суразмоўцы", у якой паэт і пісьменнік Навум Гальпяровіч, размаўляючы з вядомымі беларусамі, закране актуальныя праблемы сучаснасці, глыбокія і істотныя пласты культуры, мастацтва і грамадскай самасвядомасці. Героямі праекта стануць творцы культурнай прасторы Беларусі ў шырокім сэнсе гэтага слова - навукоўцы і педагогі, пісьменнікі і мастакі, артысты і музыканты, грамадскія дзеячы і многія іншыя. Госцем першага выпуску быў міністр інфармацыі Алесь Карлюкевіч. У бліжэйшую суботу глядзіце размову з рэктарам Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. Куляшова Дзянісам Дукам, а пасля на эфір завітае вядомая пісьменніца Людміла Рублеўская.

Яшчэ адна прэм’ера - цыкл дакументальных тэлефільмаў "Артэфакты". Аўтары праекта раскажуць аб прадметах культуры і мастацтва Беларусі, многія з якіх не проста захоўваюцца ў музеях, але нават не выстаўляюцца для агляду, паколькі патрабуюць асабліва беражлівага стаўлення і строгіх умоў захоўвання.

Наталья СТЕПУРО.