10.02.2018

"Звязда"

У гэтыя дні "Беларусь 3" адзначае сваё пяцігоддзе.

"Звязда"

У гэтыя дні "Беларусь 3" адзначае сваё пяцігоддзе

Створаны па даручэнні кіраўніка дзяржавы дзеля папулярызацыі і захавання беларускай культурнай спадчыны, ён пачаў сваё вяшчанне ў пачатку лютага 2013-га. А ўжо сёння штодзень канал у эфіры глядзіць звыш мільёна беларусаў. У яго сотні падпісчыкаў у сацыяльных сетках, праграмы маюць больш за паўтара мільёна праглядаў на YоuTubе.

Аснову канала складае тэлевізійная і кінематаграфічная прадукцыя айчыннай вытворчасці. Візітнымі карткамі сталі такія любімыя гледачамі перадачы, як "Калыханка", "Дабраранак", "Размаўляем па-беларуску", "Навукаманія", "Святло далёкай зоркі", "Наперад у мінулае", "Музеі Беларусі", "Камертон", "Святыні Беларусі", "Навіны культуры".

Як адзначыла ў прывітальным адрасе кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Наталля Качанава, тэлеканал здолеў заняць асаблівую нішу і забяспечыў сабе пастаянную аўдыторыю. Яна ўхваліла прафесіяналізм і кампетэнтнасць калектыву і пажадала "Беларусь 3" доўгай і цікавай тэлевізійнай гісторыі. Намеснік міністра інфармацыі Павел Лёгкі заўважыў, што і сам з'яўляецца пастаянным гледачом сацыякультурнага канала:

- Кожную раніцу ўключаю "Беларусь 3", так што я таксама ў ліку той мільённай аўдыторыі гледачоў.

Адметна, што вялікая ўвага на тэлеканале ўдзяляецца папулярызацыі роднай мовы - беларускамоўныя праекты ўласнай вытворчасці складаюць 75 %. Як падкрэсліў стваральнік канала кіраўнік РГА "Белая Русь" Генадзь Давыдзька, Белтэлерадыёкампанія - велізарная нацыянальная каштоўнасць, а "Беларусь 3" - адзін з яе дыяментаў. На яго погляд, у тэлеканала вялікая будучыня, улічваючы дынаміку яго развіцця.

"Беларусь 3" і надалей працягне здзіўляць і радаваць свайго гледача. У эфіры з'явяцца тэлеверсіі ўсіх значных культурных мерапрыемстваў, міжнародных і рэспубліканскіх фестываляў, конкурсаў, форумаў, святаў і пленэраў, канцэртаў, найлепшых спектакляў беларускіх тэатраў, творчых сустрэч з вядомымі дзеячамі культуры і мастацтва.

У новым сезоне 2018/2019 чакаецца і шэраг прэм'ер: цыклы праграм аб прадметах культуры і мастацтва "Артэфакты", пра асаблівасці архітэктуры "Архітэктура Беларусі" і пра нематэрыяльную культурную спадчыну "Жывая культура". Але ўсе сакрэты раскрываць не будзем - глядзіце "Беларусь 3" і ўсё пабачыце самі.

Алена КРАВЕЦ.