Ларыса Мятлеўская і Сяргей Выскварка - вядучыя праекта "Спявае Беларусь"

26.10.2018

"Звязда"

Этнограф Ларыса Мятлеўская і даследчык беларускага народнага танца Сяргей Выскварка стануць вядучымі новага фальклорнага праекта "Спявае Беларусь", які стартуе ў тэлевізійным эфіры ў лістападзе.

Здымачная група праграмы плануе наведаць розныя куткі краіны, ад паўночных раёнаў Віцебшчыны да памежных вёсак гомельскага Палесся, каб стварыць своеасаблівую "песенную карту Беларусі". Вядучыя разам з мясцовымі фальклорнымі калектывамі не толькі вывучаць старадаўнія беларускія песні, але і расшыфруюць іх для шырокай аўдыторыі з дапамогай караоке-цітраў. А вядомы фалькларыст Іван Крук дапоўніць спевы займальнымі гісторыямі пра важныя сімвалы вясковага жыцця і звязаныя з імі прыкметы і традыцыі: раскажа, напрыклад, што такое чырвоны кут, ад чаго абараняе падкова ў хаце і дзе павінен стаяць стол...

Першы выпуск праекта ўжо зняты - яго ўдзельнікамі сталі артысты фальклорнага калектыву "Калыханка" з гарадскога пасёлка Міханавічы Мінскага раёна.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.