Кацярына Ваданосава: Кожная вандроўка - як адкрыццё маленькага свету...

07.08.2018

"Звязда"

Культурная спадчына ад дываноў і караваяў да "каменных дзевачак".

Кожны тыдзень Кацярына Ваданосава ў эфіры канала "Беларусь 3" расказвае гледачам праграмы "Жывая культура" цікавінкі пра ўнікальныя беларускія рамёствы, абрады і культурныя традыцыі: як ткуцца дываны і вышываюцца ручнікі, як хаваюць стралу, танчаць Котчынскую кадрылю, выпякаюць знакамітыя мотальскія караваі... І гэта не проста пералік Нацыянальнага інвентару нематэрыяльнай культурнай спадчыны, а захапляльныя прыгоды. Што значыць выправіцца са сталіцы ў іншы свет і як знайсці правільную танальнасць, прадстаўляючы жывую народную культуру, Кацярына расказала "Звяздзе" ў эксклюзіўным інтэрв'ю.

"Са­ма спяк­ла 14 (!) бо­ха­наў жыт­ня­га хле­ба на за­квас­цы ў рус­кай печ­цы! Пад кіраўніц­твам ба­бу­лі Сце­па­ні­ды з вёс­кі Дзер­каў­шчы­на рас­чы­ня­ла хлеб на ква­се ў старажыт­най дзя­жы, су­ткі ча­ка­ла, гля­дзе­ла, піль­на­ва­ла, по­тым пе­ра­меш­ва­ла, мя­сі­ла, мы­ла жа­лез­ныя фор­мы, ма­за­ла, ра­бі­ла на цес­це крыж, за­гладж­ва­ла дзя­жу і цес­та, па­лі­ла печ, грэб­ла ву­гол­ле, віл­ка­мі ста­ві­ла фор­мы, ка­чэр­гай вы­ма­ла, апяк­ла па­лец, і гэ­так да­лей, і гэтак да­лей...

- Веткаўшчына, Тураўшчына, Мастоўшчына... Дзе яшчэ вы ўжо былі з вандроўкамі?

- Усе адрасы так адразу і не прыгадаю. Звычайна адна камандзіроўка - гэта дзве праграмы, а ўсяго запланавана як мінімум 69 выпускаў, бо якраз столькі аб'ектаў знаходзяцца ў спісе нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі, і мы мусім ахапіць іх усе. Справа ў тым, што зараз лета і добрае надвор'е, таму мы хапаем гэта лета за хвост, каб паспець зрабіць прыгожую карцінку.

- Як наогул вырашаеце, куды адправіцца наступным разам: па народным календары?

- Так, сапраўды кіруемся календаром, бо некаторыя абрады прымеркаваныя да пэўнай даты - Юр'я, напрыклад, ці калядныя Цары, і мы не займаемся ўзвядзеннем пацёмкінскіх вёсак, а здымаем насамрэч тое, як усё адбываецца. А аб'екты, не звязаныя з пэўнай датай, адсочвае наш прадзюсар і кіруецца здаровым сэнсам: пракладвае маршрут так, каб месцы здымак знаходзіліся адносна недалёка адно ад аднаго, каб зручна было зняць адразу дзве праграмы.

- Ці паўсюль ахвотна месцічы ідуць на кантакт?

- Бывае вельмі па-рознаму: бывае так, што адмаўляюцца ад здымак, хоць мы іх папярэдне тыдзень упрошвалі; бывае, што ставяць свае сустрэчныя ўмовы. Але вельмі часта здараецца, што зусім выпадкова ідзём па вуліцы, сустракаем людзей - і яны запрашаюць нас у хаты, штосьці цікавае расказваюць, гатуюць, частуюць... Так, адным разам прыехалі здымаць пра традыцыйную кухню, а нам у апошні момант адмовілі - адна бабулька толькі пагадзілася расказаць, але не паказаць, як гатаваліся тыя смачныя стравы. І вось выходзім з яе хаты, ідзём па вуліцы ў роспачы - бачым, ідзе жанчына з капустай. Павіталіся, запыталіся, куды ідзе. Аказалася, да дачкі, рыхтавацца да мясцовага фэсту. Ну і запрасіла нас з сабой, і тут жа на месцы нам прадэманстравалі, як гатуюцца тыя аўтэнтычныя стравы... Так было не раз і не два, а амаль што ў кожнай камандзіроўцы такія неспадзяванкі.

"Гэ­та Мая, ёй 8 га­доў. У ба­бу­лі­най вёс­цы Да­ні­ле­ві­чы ўсе лі­чаць яе "сва­ёй", і яна так­са­ма ве­рыць у "ка­мен­ных дзе­ва­чак", шка­дуе іх, пры­но­сіць свае цац­кі, на­зы­вае сяб­роў­ка­мі і ка­жа, што дзя­сят­кі фар­ту­хоў і хус­так на­дзя­ва­юць на іх, каб тыя ўзім­ку не мерз­лі. У мя­не Мая ўча­рэ­пі­ла­ся зран­ку, і мы ха­дзі­лі ра­зам да поз­ня­га ве­ча­ра, скрозь усе здым­кі: і гу­ля­лі, смя­я­лі­ся, пе­ра­шка­джа­лі гу­ка­апе­ра­та­ру, ка­зы­та­лі­ся, умы­ва­лі­ся, за­шы­ва­лі пан­чо­хі...

- Самае цікавае заўжды застаецца па-за кадрам. Якія сустрэчы і паездкі найбольш запалі ў памяць?

- Звычайна пасля кожнай паездкі цягам некалькіх гадзін расказваю маме і дзецям свежыя ўражанні. Напэўна, час ужо засесці за дарожныя дзённікі. Бо, як бы пафасна гэта ні прагучала, кожная вандроўка - як адкрыццё маленькага свету, абсалютна адрознага ад таго, што мы перажываем тут, у Мінску. Я сустракала людзей, якія ніколі не былі не тое што ў сталіцы, а за межамі сваёй вёскі; жанчын, якія жывуць адны ў пакінутых вёсках, калі едзеш, і навігатар паказвае, што далей - нічога, дарогі няма. І яны расказваюць уражальныя рэчы: як хадзілі ў плузе, як сіротамі выжывалі ў пасляваенны час, як сёння, калі ім страшна ўзімку, распускаюць старыя шкарпэткі і робяць вышыўкі з нітак; а ўсе хаты ў іх падобныя да музеяў. У гэта настолькі немагчыма паверыць сучаснаму жыхару - напрыклад, што ты прыязджаеш у Лельчыцкі раён, а там людзі дагэтуль пакланяюцца каменным ідалам, і гэтыя традыцыі абсалютна натуральныя, жывыя. Тая камандзіроўка, дарэчы, называлася "каменныя дзевачкі", я пачытала крыху ў інтэрнэце, але інфармацыі назбірала вельмі мала. Аказалася, што "дзевачкі" - гэта старажытныя каменныя крыжы, як на Тураўшчыне, яны стаяць у лесе або закінутым полі, у такім месцы, якое чужынец не знойдзе.

На мой суб'ектыўны погляд - а я маю пэўны досвед, бо па адукацыі рэлігіязнаўца, - калісьці на гэтым месцы, хутчэй за ўсё, было язычніцкае капішча, потым прыйшло хрысціянства і з'явіліся крыжы, а людзі як пакланяліся ідалам, так і пакланяюцца дагэтуль. Крыжы называюць "дзевачкамі", яны маюць імя Ева; кажуць, што гэта дзяўчынкі, якіх праклялі іх маці напярэдадні навальніцы. І па сёння на кожнае свята жанчыны ходзяць да гэтых крыжоў і ахвяруюць ім хусткі, фартухі, упрыгожанні розныя - выглядае даволі страшна насамрэч, як стаіць гэты маленькі, каля 60 см у вышыню, крыж, цалкам абвешаны жаночымі рэчамі. І жанчыны не разумеюць, што па сутнасці спраўляюць язычніцкія абрады, яны перамяжаюць малітвы, жагнанні і песні з абсалютна рэліктавым зместам і лічаць, што ім дапамагае і Бог, і Ева. Зусім побач стаяць іконы, крыжы, капліцы - атрымліваецца такі вінегрэт, такі мікс-фікс, што, з'язджаючы адтуль, адчуваеш сябе літаральна экскурсантам у паралельны свет...Тая містычная атмасфера, якая ёсць у творах Караткевіча, - яна нікуды не падзелася, яна існуе дагэтуль, і гэта пераварочвае тваю свядомасць дагары нагамі.

Я даволі скептычны чалавек, які не верыць у забабоны і добра разумее розніцу паміж прымхамі і нейкімі містычнымі праявамі, таму гэткіх рэчаў, пра якія можна сказаць "суцэльная містыка", на жаль ці на шчасце, з намі не здаралася. Але, з іншага боку, амаль кожная наша камандзіроўка на пэўным этапе знаходзіцца пад пагрозай зрыву - і кожны раз літаральна ніадкуль знаходзіцца выйсце. Як кажа наша прадзюсарка, "гэта нам Бог дапамагае" - мо, яно сапраўды так?

- Адна з пагрозаў знікнення нематэрыяльнай культурнай спадчыны - адсутнасць пераемнасці пакаленняў, міграцыя моладзі. Падчас вандровак як вы ўбачылі, шмат дзе гэтая пагроза стаіць ужо востра?

- Ёсць такія абрады, захавальніцамі якіх засталіся літаральна тры-чатыры бабулі. Але гэтым абрадам пашанцавала: яны ўжо знаходзяцца ў спісе наматэрыяльнай культурнай спадчыны, то-бок падтрымліваюцца на дзяржаўным узроўні. Прычым не магу сказаць, што падтрымліваюцца штучна. Канешне, ёсць нейкія захады з боку сельсавета, каб захаваць абрады і традыцыі - візітоўкі раёна. Дзе-нідзе ёсць пытанні ў тым, каб выхаваць новых носьбітаў культурнай традыцыі. Але многім людзям і самім цікава пераймаць іх, асабліва гэта датычыцца рамёстваў. Можа быць, я занадта аптымістычна гляджу ў будучыню, але спадзяюся, што ўсё гэта будзе існаваць надалей, а наша задача - паспрыяць захаванню традыцый.

"Гэ­ты мік­ра­аў­то­бу­сік ужо стаў як дом род­ны: я ў ім і ела, і спа­ла, і вы­шы­ва­ла, і спява­ла, і на­ват пан­чо­хі цы­ра­ва­ла".

Дарэчы, усе рамёствы і традыцыі, пра якія расказвае "Жывая культура", тэлевядучая абавязкова выпрабоўвае і сама. Тым больш, шмат якія рэчы няўрымслівая творчая дзяўчына сама добра ведае і любіць. Кацярына, доўгі час займаючыся гістарычнай рэканструкцыяй, умее ткаць на розных прыладах, ведае розныя тэхнікі мастацкай вышыўкі, уключаючы гістарычную, іграе на шэрагу інструментаў і прафесійна спявае, мае адукацыю гісторыка-рэлігіязнаўцы, а таму разумее гісторыка-культуралагічную падаплёку абрадаў.

Гаварыць пра народныя традыцыі і культуру без залішняга пафасу, спалучаць даследчыцкія і нават навуковыя моманты з натуральнай цікавасцю і душэўнасцю размовы - справа насамрэч не такая лёгкая, як можа здавацца. "Мы ж не этнографы, якія збіраюць матэрыял падчас экспедыцыі, трэба паказаць нематэрыяльныя каштоўнасці гледачам, па-першае, цікава, па-другое, прыгожа, і па-трэцяе, не выйсці за хранаментраж і фармат праграмы, - разважае Кацярына. - Заўсёды даводзіцца балансаваць паміж тэлевізійным падыходам і чалавечым стаўленнем да таго, што мы здымаем. Мне часам бывае няёмка ад таго, што я са сваім нафарбаваным тварам лезу ў сусвет вясковай бабулькі, распытваю яе пра ўсе жыццёвыя падрабязнасці. І таму даводзіцца тлумачыць, што нікога з герояў я не хачу пакрыўдзіць, што прыехала ў спадніцы ў мясцовасць, дзе ўсе ратуюцца ад камароў кофтамі і штанамі, не таму, што я такая фіфа, а таму, што гэтага вымагае фармат. Эмацыянальна гэта вельмі цяжка, і з кожнай камандзіроўкі я прыязджаю выціснутая дашчэнту. Але, з іншага боку, мне пашанцавала весці праграму, матэрыял якой для мяне самой вельмі важны і цікавы: я люблю сваю краіну і не хачу, каб тое, чым яна адметная, знікла ў часе і прасторы".

Акрамя душэўных перажыванняў, бывае няпроста і фізічна. Напрыклад, аднойчы вядучую так моцна пакусалі камары і мошкі, што давялося тэрмінова ехаць у шпіталь і рабіць укол, каб пазбавіцца анафілактычнага шоку. Іншым разам Кацярына напрацавалася каля печы - за суткі замясіла і выпекла 14 боханаў жытняга хлеба - ажно да млоснасці. Але нягледзячы ні на якія выпрабаванні, яна захоўвае роўны прыязны настрой і асаблівае, далікатна-беражлівае стаўленне да спадчыны ды яе носьбітаў.

Сла­ва пра не­глюб­скія руч­ні­кі ра­зы­шла­ся з Вет­каў­ска­га ра­ё­на па ўсім све­це. Як мяр­ку­юць да­след­чы­кі, гэ­тым узо­рам ужо не­каль­кі ты­сяч га­доў.

- Праграма, па сутнасці, толькі нядаўна пачалася. І ўсё ж - задумваліся над тым, што будзе далей?

- У нас шмат прымхлівых людзей, і пакуль не абмяркоўваем, што будзе, калі скончыцца праграма - лепш думаць, што яна не скончыцца ніколі, - смяецца Кацярына. - Але пэўныя вынікі бачныя ўжо цяпер. Напрыклад, хоць мы і вымушаны крыху прафанізаваць, спрашчаць увесь матэрыял, каб ён быў цікавы нават недасведчаным людзям, я бачу па коле сваіх сяброў, якія сур'ёзна займаюцца гістарычнымі і этнаграфічнымі даследаваннямі, што праект зацікавіў і іх таксама. Прызнанне прафесіяналаў - гэта безумоўна важна. Мне ўжо тэлефануюць і пішуць (чаму мне, а не рэжысёру ці прадзюсару - загадка) з просьбай ладзіць творчыя сустрэчы і лекцыі, просяць, каб нашы праграмы ўваходзілі ў базы, якія назапашваюць мясцовыя этнаграфічныя таварыствы, навучальныя ўстановы і гэтак далей. А значыць, справа, якую мы робім, патрэбная іншым.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.