Кацярына Ваданосава: "Чакаю жніва, каб зжаць абярэмак саломы і наплесці кошыкаў"

06.06.2020
По сообщению sb.by (и "Сельской газеты")

Телеведущая Екатерина Водоносова - о "живой" культуре, клецках с душами, дуде и белорусском характере.
Праекту "Жывая культура" на "Беларусь 3" два гады. Народныя рамёствы, абрады, завядзёнкі, стравы - штораз у кадры новы сюжэт, дзе можна падзівіцца на мясцовых майстрых, а таксама на багатую духоўную скарбніцу беларусаў са мноствам цікавага і адмысловага. Чаруе ці не больш, чым самі героі, прывабная і таленавітая вядучая. За якую справу ў кадры ні возьмецца, якое рамяство ні распачне - да канца перадачы бадай усё адолее ды яшчэ і майстар-клас пакажа. Ды соль не толькі ў тым, што да народнай навукі за лічаныя хвіліны здатная, - амаль усім з гэтага авалодала ўжо даўно. Кацярына Ваданосава - паэтка, музыкант, мастачка, вядучая, кравец, рэстаўратар кніг. Такое адчуванне, што ў адной асобе ўсе творчыя здабыткі.

- Кацярына, ці ёсць нейкае захапленне, якое ўсё ж пераважае ў вашай шматграннасці?

- Не магу адказаць адназначна. У пэўны момант я хацела вызначыцца, абраць пэўнае рэчышча і шчыльна ім займацца, адрынуўшы ўсе астатнія. І нават спрабавала гэта зрабіць. Напрыклад, з усіх заняткаў удзяляць увагу толькі музыцы, ці толькі дызайну, ці ручной працы. Але ў такім выпадку я ўжо буду не я. Бо калі нешта са свайго жыцця закідаю, то мне становіцца блага фізічна. Некамфортна, калі доўга не выступаю, не шыю, не ствараю рукамі. Няма такой галіны, якую б абрала і толькі яе прытрымлівалася.

- Раней вялі фальклорны праект "Хата на хату", у якім вандравалі па сем’ях, вывучалі іх культуру, а потым з лепшымі ладзілі батлы. У цяперашняй "Жывой культуры" аснова таксама фальклорная. Чым прыцягвае такі фармат?

- Справа ў тым, што да праекта "Хата на хату" напачатку я не мела ніякага дачынення. З боку тэлебачання гэта адбылося абсалютна выпадкова: прадзюсеры запрыкмецілі мяне ў адной з тэлепраграм, дзе я была госцем, і адзначылі, што няблага выглядаю ў кадры, размаўляю па-беларуску, трэба паспрабаваць на ролю вядучай. Тым часам "Жывая культура" - сапраўды "мой" праект, за які перажываю ўсёй душой, які быў прыдуманы быццам спецыяльна для мяне. Тут значна больш творчасці, новых ведаў, знаёмстваў, уражанняў. Чаму мяне цягне да фальклору? Я б сказала, што не толькі да фальклору, бо па адукацыі я гісторык-рэлігіязнаўца і мне цікавыя этнаграфія, культуралогія, гісторыя мастацтваў. Да таго ж даволі часта апелюю да ведаў, якія атрымала падчас музычнай адукацыі. Гэта маё: я люблю сваю краіну, культуру, лічу яе надзвычай багатай і адметнай.

- Сталічная дзяўчына, нарадзіліся ў Мінску, а такі імпэт да беларускіх традыцый, якія перш за ўсё з вёскі.

- Беларускія традыцыі зараджаліся не толькі ў вёсках. Наша культура разнастайная, а шматлікія здабыткі, якія мы зараз назіраем у сельскай мясцовасці, часам нават пераходзілі туды з гарадоў. Напрыклад, адзін з выпускаў нашай праграмы быў прысвечаны падвойнаму ткацтву з вёскі Гудзевічы Мастоўскага раёна. І, як сцвярджаюць навукоўцы, у названым рэгіёне гэты від ткацтва напачатку існаваў у межах магнацкіх мануфактур, дзе распрацоўвалі ўзоры, ткалі дываны на продаж і экспарт, а ўжо потым майстры перанеслі яго ў свае хаты, на свае прыватныя кросны. Але шмат добрага і гістарычна цікавага паходзіць і з вёсак, пра што сведчаць нашы багатыя этнаграфія і фальклор. Лічу, што беларуская традыцыйная культура - фундамент, на якім грунтуецца ўся астатняя надбудова.

- У кожнай перадачы распавядаеце пра нейкае адметнае рамяство. А што асабіста для вас з нематэрыяльнай культурнай спадчыны больш цікавае? Чым прасякнуліся з тэлеэфіраў і што выкарыстоўваеце ў жыцці?

- У мяне ёсць пэўная падрыхтоўка ў тым плане, што сама ўмею ткаць, вышываць, шыць, таму найбольш цікавыя для мяне выпускі, дзе мы асвятляем менавіта гэтыя рамёствы. Імпануюць эфіры пра музыку. Але ў "Жывой культуры" былі і такія рэчы, якія я не ўмела рабіць: напрыклад, гатаваць клёцкі з душамі. Навучылася, і зараз яны рэгулярна ў рацыёне. Ці, напрыклад, не так даўно здымалі праграму пра кругавое пляценне з лазы ды саломы - гэта таксама адзін з элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. Мяне навучылі гэтаму, і ўсё аказалася даволі проста, вельмі цікава і прадуктыўна. Зараз чакаю, калі прыйдзе жнівень, каб можна было зжаць абярэмак саломы і наплесці кошыкаў. Вядома, на здымках пазіцыяную сябе гарадской дзяўчынай, якая завітала ў вёску, каб даведацца пра нешта новае, яе ўсё ўражвае. Але часам бывае так, што я ўмею рабіць тое, пра што будзе сюжэт, ды не паказваю гэтага, напрыклад здзіўляюся, як ткуцца паясы: "О, гэта ж нейкая вышэйшая матэматыка!" Не выстаўляю сябе ўсёведнай, каб праграма глядзелася больш цікава і разнастайна.

- Абкалясілі ўсю Беларусь, у вас шмат камандзіровак, дзе праводзіце бадай траціну часу. Ці не стамляецеся ад такога ладу?

- Напачатку прыходзілася цяжкавата. Калі толькі пачынала гэты праект, у мяне былі яшчэ даволі малыя дзеці, але пакрысе яны растуць, становяцца больш самастойныя. Да таго ж я не тое каб "экстравертны экстраверт", таму па сваёй сутнасці мне даволі цяжка сыходзіцца з незнаёмымі людзьмі. Напачатку гэта было выпрабаваннем - у незнаёмай вёсцы ісці па хатах, стукаць у дзверы і пра нешта пытацца. Але прызвычаілася: чалавек да ўсяго прызвычайваецца, тым больш што хібы і выдаткі маёй працы поўнасцю кампенсуюцца ўражаннямі, ведамі і задавальненнем, якое атрымліваю ад прыгожай прыроды і чалавечых адносін. 

- Стукаеце ў дзверы хат незнаёмцаў, але, мусіць, перад камандзіроўкай дамаўляецеся і маеце пэўныя адрасы, па якіх паедзеце?

- Дамаўляемся, але гэта не падстаўныя асобы, якіх мы апранаем у народныя касцюмы. Гэта звычайныя вяскоўцы, у якіх па-рознаму могуць скласціся абставіны. Дапусцім, у нейкай хаце проста не адчыняюць дзверы або гаспадыня захварэла ці мае спецыфічны характар і без прычыны адмаўляецца. Тады мусім шукаць іншых герояў, і часта бывае так, што спантанныя аказваюцца больш цікавымі і дасведчанымі, чым тыя, з кім дамаўляліся першапачаткова. І нават без форс-мажору ў кожнай перадачы іду па вёсцы і шукаю людзей - два-тры героі падрыхтаваныя, астатнія абсалютна выпадковыя, і гэта цікава.

- Якая наша мясцовасць найбольш плённая на традыцыі?

- Яны ўсе розныя: часам такое адчуванне, быццам кожны рэгіён Беларусі - асобная краіна. Бо тое, што адбываецца на Палессі, абсалютна не сутыкаецца з тым, што на Віцебшчыне ці Гродзеншчыне, якая бліжэй да Польшчы і ўвабрала ў добрым сэнсе слова фанабэрыю - там людзі з пачуццём уласнай годнасці. На Палессі народ іншы, ізноў жа - не значыць, што горшы, проста іншы. Палешукі абачлівыя, хітраватыя, але калі ўвойдзеш да іх у давер, то зробяць усё на свеце. У кожнай мясцовасці багата традыцый, і ўсюды яны абсалютна розныя. Нельга, напрыклад, параўнаць вышыўку палескую, гродзенскую ці віцебскую. У тым і каштоўнасць.

- Многія захапляюцца вашымі вобразамі ў кадры. Хто вам іх падбірае: на тэлебачанні ці самі?

- Большая частка строяў, у якіх здымаюся, гэта тое, што шыю сабе сама, часам з ручной вышыўкай. І бывае нават смешна, што прыязджаю ў сукенцы ўласнай працы, адмыслова яе апранаю, каб здымаць тэматычную праграму, а мне пачынаюць расказваць, як трымаць іголку і завязваць на нітцы вузельчык. Але пакорна слухаю і выконваю.

- Дарэчы, раз загаварылі пра ручную працу, раскажыце, як вы аднаўляеце старажытныя кніжкі? 

- Не толькі аднаўляю, але і раблю з нуля. Вельмі люблю пераплётную справу, гістарычную каліграфію, пачала імі займацца гадоў 10 таму, і, напэўна, мяне можна назваць рэканструктарам гістарычнага пераплёту. Умею рабіць кніжкі па старажытных тэхніках. У XV-XVI стагоддзях, напрыклад, яны ствараліся па-іншаму. У корань ужыўляліся спецыяльныя шнуры, на якія нашываўся кніжны блок. Пераплётныя крышкі робяцца з дошак і абцягваюцца скурай, на якую гістарычнымі спосабамі (у тым ліку з дапамогай яечнага бялку ў якасці клею для ліставога золата) наношу залатое цісненне. Сама ўмею пілаваць латунь і майстраваць з яе фурнітуру, напрыклад вугалкі ці зашпілкі. Праўда, адліваць металы не ўмею, бо для гэтага павінны быць адмысловыя майстэрня ды інвентар. Калі гэтай справе навучылася? У мяне было шэсць гадоў дэкрэту, дапамаглі кніжкі і інтэрнэт, гэтых крыніц мне аказалася дастаткова. Асвоіла ўсё самастойна, не люблю спецыяльныя курсы, калі нада мною стаяць. Мне патрэбна адзінота, каб ніхто не замінаў, тады самае натхненне.

- Ці ёсць у вашай радні творчыя карані, па якіх пайшлі?

- У мяне цудоўная сям’я, мой тата - адзін з першых праграмістаў на тэрыторыі БССР, працаваў у Акадэміі навук, складаў вершы, іграў на бас-гітары ў вядомым у 1970-я гады ансамблі "Шпакі". Але ён памёр, калі мне было чатыры гады, і мама, актрыса па адукацыі, адна выхоўвала дваіх дзяцей. Яна пастаянна працавала, старэйшы брат вучыўся, а я, застаючыся ў адзіноце, чытала кніжкі. На мяне не столькі паўплывала сям’я, як смерць бацькі, бо ў галаве застаўся абсалютна светлы, бездакорны яго вобраз, якому хацелася пастаянна адпавядаць, да яго хацелася дацягнуцца. На пэўным этапе гэта было як спаборніцтва з самой сабой. Часам станавілася крыўдна, што ў кагосьці ёсць нейкія сувязі, уплывовыя бацькі. У мяне такога не было, і таму хацелася даказаць, што я магу сама і я не горшая. Але зараз разумею, што самастойна дабівацца поспеху - гэта вельмі крута, бо інакш нічога не атрымалася б. 

- Дзякуй, Кацярына, за цікаую гутарку! Плёну ва ўсіх вашых справах!

Елена БАСИКИРСКАЯ.