Карэспандэнты "Звязды" пабывалі на здымках дакументальнага фільма

Карэспандэнты "Звязды" пабывалі на здымках дакументальнага фільма

16.12.2016

"Звязда"

Па заснежанай дарозе рухаецца танк чэшскай вытворчасці. На брані сядзяць стомленыя немцы. І раптам іх спакой парушаюць стрэлы...

На шчасце, падобны сюжэт сёння можна ўбачыць толькі падчас пэўнай ваенна-гістарычнай рэканструкцыі або ў кіно. У прыватнасці, у дакументальнай стужцы, над якой працуе творчая каманда Генеральнага прадзюсарскага цэнтра Белтэлерадыёкампаніі.

"Звязда"

Па заснежанай дарозе рухаецца танк чэшскай вытворчасці. На брані сядзяць стомленыя немцы. І раптам іх спакой парушаюць стрэлы. Саскочыўшы на зямлю, салдаты разбягаюцца хто куды. Рухавік спыняецца, над танкам узнімаецца клуб чорнага дыму - "саракапятка" трапіла ў цэль... 

На шчасце, падобны сюжэт сёння можна ўбачыць толькі падчас пэўнай ваенна-гістарычнай рэканструкцыі або ў кіно. У прыватнасці, у дакументальнай стужцы, над якой працуе творчая каманда Генеральнага прадзюсарскага цэнтра Белтэлерадыёкампаніі.

На здымачнай пляцоўцы пабывалі карэспандэнты "Звязды". І быццам трапілі ў дзве розныя эпохі. Прычым тыя, якія прадвызначылі сучасны лёс не толькі нашай краіны, а і ўсяго свету. 

Артэфакты трагедыі

Дакументальны аднасерыйны фільм вяртае ў падзеі Першай і Другой сусветных войнаў. Вайскоўцы 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна, які ажыццяўляе ў нашай краіне пошукавыя работы, на адным з аб'ектаў знаходзяць ваенныя артэфакты. Праваслаўны крыжык, губны гармонік, ручка і каска адсылаюць гледача да падзей той вайны, з якой яны да нас прыйшлі.

Кожны з гэтых прадметаў у свой час належаў канкрэтнаму чалавеку. Апошнія хвіліны яго жыцця можна будзе ўбачыць на вялікім экране. Кім быў гэты герой, аўтары карціны наўмысна не кажуць.

Справа ў тым, што большасць астанкаў, знойдзеных пошукавікамі ў ХХІ стагоддзі, распазнаць немагчыма. Устанавіць імя дапамагаюць так званыя "смяротныя медальёны" - эбанітавыя капсулы з укладышам, якія ўтрымліваюць асноўныя звесткі аб вайскоўцу. На жаль, сёння такія знаходкі - рэдкасць. Так і застаюцца знойдзеныя салдаты без прозвішчаў. Менавіта ім і прысвечаны фільм "Безыменны батальён".

- Калі гаворка ідзе пра масавую гібель людзей, мне здаецца, няважна, у якую вайну гэта было: і Першая, і Другая сусветная - жудасныя падзеі, ахвярамі якіх сталі мільёны чалавек, - гаворыць адзін з аўтараў сцэнарыя Ганна Ваганава. - Гэты фільм не проста пра герояў Першай і Другой сусветных войнаў. Людзі, якія сёння займаюцца пошукамі палеглых воінаў і ўвекавечваннем іх памяці, - таксама героі.

Маладая сцэнарыстка, якая толькі дэбютуе ў дакументалістыцы, лічыць, што аб тых падзеях яшчэ не ўсё сказана. Ды і ў сітуацыі, калі многія гістарычныя факты скажаюцца, а гісторыя ўвогуле перапісваецца, варта нагадаць аб трагедыі, якую перажыў у тым ліку беларускі народ. 

Схіляючы галовы перад подзвігам

Суаўтар сцэнарыя Руслан Туркоў да гістарычнай тэматыкі нераўнадушны яшчэ з дзяцінства. Будучы падлеткам, ён проста зачытваўся кнігамі аб Другой сусветнай вайне. І відаць, нездарма: у яго творчай скарбонцы - больш як 300 дакументальных фільмаў.

- Добра знаходзіцца ў тым асяроддзі, у якім ты сябе адчуваеш як рыба ў вадзе, - перакананы Руслан Туркоў. - Тэма кінастужкі мне блізкая яшчэ і таму, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны загінулі два мае дзяды. Дзе знаходзяцца іх магілы, для маёй сям'і пакуль загадка. Спадзяюся, што калі-небудзь мне ўдасца высветліць, як абарваўся іх лёс. Здымаючы дакументальны фільм на гэтую тэму, мы аддаём даніну памяці, схіляем галовы перад подзвігам нашых дзядоў, у тым ліку тых, хто і дагэтуль лічыцца зніклым без вестак.

Аўтары сцэнарыя запэўніваюць, што фільм будзе цікавы розным пакаленням. Асабістыя гісторыі салдат цесна пераплецены з эпізодамі баявых дзеянняў. Рэалістычнай карціну робяць ваенная тэхніка, аўтэнтычная форма вайскоўцаў розных часоў і армій.

Эпізоды ваенных баталій дапамаглі аднавіць прафесійныя рэканструктары. Учора яны былі салдатамі Першай сусветнай вайны, сёння — Вялікай Айчыннай. Хоць прамежак паміж войнамі невялікі, адрозненне адчуваецца ва ўсім.

- Падчас Першай сусветнай вайны тактыка вядзення бою была іншай у параўнанні з Вялікай Айчыннай, - кажа камандзір і кіраўнік ваенна-гістарычнага клуба "Салдаты Перамогі" Юрый Перапечын. - Можна сказаць, нават больш адкрытай. Калі салдат Першай сусветнай мог падняцца з акопа і ісці ў поўны рост, то воін Другой сусветнай вымушаны быў больш поўзаць, чым хадзіць, бо мацней перажываў за сваё жыццё. 

Улічыць кожную дробязь

Здымаць гістарычныя карціны яшчэ і надзвычай складана. Трэба ўлічыць усе дэталі, ажно да гузіка на мундзіры салдата. Але калі за справу бяруцца прафесіяналы, за рэалістычнасць можна быць спакойным.

За вобразы герояў у кінастужцы адказвае мастак-стыліст праекта Дзіяна Слінко-Сігова. Каб зрабіць іх праўдападобнымі, перш чым узяцца за справу, яна чытае гістарычную літаратуру, раіцца з гісторыкамі, экспертамі. А каб створаныя яе рукой шрамы і раны ў кадры былі рэалістычнымі, яна вывучае пластычную анатомію.

- Падмануць гледача вельмі проста, таму варта валодаць шматлікімі нюансамі, - лічыць мастак-стыліст. - Напрыклад, разумець, калі насіўся той ці іншы ўзор ваеннай формы, якія ўзнагароды прысвойваліся ў канкрэтны перыяд часу. А вы ведаеце, напрыклад, што чым вышэйшы чын, тым даражэйшыя абутак і рукавіцы? Разумны глядач заўважыць кожную дэталь. І гэта датычыцца не толькі вобразу герояў.

- Здымаць на гістарычную тэматыку вельмі цікава, - прызнаецца рэжысёр дакументальнага фільма "Безыменны батальён" Юрый Даброў. - Сучасны глядач настолькі спакушаны вялікім аб'ёмам інфармацыі, што яго цяжка чым-небудзь здзівіць. Але мы паспрабуем. Хоць бы тым, што вырашылі паказаць лёсы салдат не толькі з розных эпох, а і з акопаў.

Наколькі рэалістычна ўдалося ўзнавіць найбольш трагічныя падзеі мінулага стагоддзя, можна будзе пабачыць у эфіры тэлеканала "Беларусь 1" увечары 21 снежня.

Вераніка КАНЮТА.