Канал "Культура" знаёмiць маленькiх слухачоў з казкай "Незабыўныя сустрэчы з авечкай Адэляй"

Канал "Культура" знаёмiць маленькiх слухачоў з казкай "Незабыўныя сустрэчы з авечкай Адэляй"

01.11.2019
"Звязда" 

Канал "Культура" Беларускага радыё ў праграме "Дасцiпныя. Нястомныя. Кемлiвыя" пачаў знаёмiць маленькiх слухачоў з творам Наталлi Бучынскай "Незабыўныя сустрэчы з авечкай Адэляй".
Рубрыка "Чароўны куфэрак" iснуе ў радыёклубе для дзяцей i падлеткаў шмат гадоў. За мiнулы сезон слухачы пачулi тут беларускiя народныя казкi, аповесцi Паўла Мiсько "Прыгоды Бульбобаў" i "Як на нашы iмянiны...", казкi Алены Масла "Як панi Чаротная ў Палангу на госцi бегала" i "Пацучок Фелек", творы Наталлi Бучынскай "Атракцыёны для вадзянiкоў", "Прыгоды маленькай машынкi", "Як бабры прытулак шукалi", аповесць Пятра Васючэнкi "Каляровая затока" i iншае.

- Сучасныя бацькi маюць два арыенцiры - уласнае дзяцiнства i рэкламу навiнак. А што ж з кнiгамi, якiя выйшлi "паўпакалення" таму? Iх ужо няма ў кнiгарнях, але дзецi, што iх чыталi, пакуль самi не сталi бацькамi. Такiм чынам, наш "Чароўны куфэрак" вяртае ў поле зроку чытачоў цiкавыя творы нашых аўтараў", - кажа кiраўнiк праектаў Наталля Сiротка.

Аўдыяверсiя казкi "Незабыўныя сустрэчы з авечкай Адэляй" прагучыць на хвалях канала "Культура" ў выкананнi артысткi Лiкi Пташук. "Гэта выдатны тэкст, лёгкi, выразны. Працаваць з iм - адно задавальненне. Я ўжо не ўпершыню сустракаюся з дзiцячымi творамi Наталлi Бучынскай i буду рада асабiстаму знаёмству", - падзялiлася ўражаннямi ад работы актрыса.

Кнiга "Незабыўныя сустрэчы з авечкай Адэляй" убачыла свет у 2013 годзе. Пiсьменнiца зарэгiстравала электронны адрас для сваёй гераiнi, i цяпер авечка Адэля прымае лiсты ад маленькiх чытачоў.

- Вобраз упартай, кемлiвай i гламурнай авечкi Адэлi паўстаў перада мной так жыва, што аповеды пра яе прыгоды проста пацяклi ракой. Спрэчкi аўтара з гераiняй - авечкай, якая марыць стаць сусветна вядомай зоркай, - даюць дзецям адчуванне, быццам i яны таксама могуць паўдзельнiчаць у развiццi гiсторыi. Дарэчы, многiя чытачы далучылiся да абмеркавання пытанняў, якiя iм прапаноўвала Адэля на старонках часопiса "Бярозка". Iншыя дасылаюць на яе паштовую скрыню малюнкi. Ёсць i такiя, якiя лiстуюцца з ёю, расказваюць пра сваiх сяброў, пра школу i сям'ю, пра хатнiх гадаванцаў. Бывае, дзеляцца перажываннямi пра стасункi з блiзкiмi цi нават просяць парады. I Адэля нiколi не забывае адказваць сваiм чытачам, - расказала пiсьменнiца Наталля Бучынская.

Дарэчы, у новым сезоне аб'ём лiтаратурна-драматычнага вяшчання для дзяцей на канале "Культура" пашырыўся. Рубрыка "Чароўны куфэрак" цяпер гучыць чатыры разы на тыдзень - з аўторка да пятнiцы. А праект "Дасцiпныя. Нястомныя. Кемлiвыя" выходзiць у 16.05 i паўтараецца зранку ў 10.05. I што важна, на сайце radiokultura.by захоўваюцца выпускi праграмы за апошнi месяц, таму ўсе зацiкаўленыя могуць паслухаць пачатак гiсторыi.

Алена ДРАПКО.