20.09.2019
"Звязда" 

Сёння ўвечары стане вядома імя прадстаўніка нашай краіны на дзіцячым "Еўрабачанні-2019".
Конкурс пройдзе 24 лістапада ў польскім Глівіцы.

Дакладней, імя прадстаўніцы. Бо каму б з дзесяці выступоўцаў фінальнага гала-канцэрта, які пакажуць у прамым эфіры каналы "Беларусь 1" і "Беларусь 24" і ў анлайн-трансляцыі сайт www.tvr.by, ні аддалі свае сімпатыі гледачы і прафесійнае журы, гэта на 100 працэнтаў будуць дзяўчаты.

Елізавета Міснікава, Анастасія Жабко, Марыя Жыліна, Ксенія Галецкая, гурт Monkey Tops, Сафія Храловіч, Сафія Рустамава, гурт "Зефір", Арына Пехцерава і Марыя Ермакова — менавіта ў такім парадку канкурсанткі выйдуць на сцэну ў студыі "600 метраў" Белтэлерадыёкампаніі. У якасці спецыяльных гасцей выступяць таксама прадстаўнікі Беларусі на дзіцячым "Еўрабачанні" ў розны час: адкрывальніца гэтай гісторыі Вольга Сацюк, Аляксандр Мінёнак, Хелена Мерааі і Даніэль Ястрэмскі.

Пераможца нацыянальнага адбору па традыцыі атрымае не толькі пуцёўку на міжнародны творчы форум, але і спецыяльную ўзнагароду — "еўравізійнае" сэрца, вырабленае на шклозаводзе "Нёман". Прызавая статуэтка, сабраная з асобных каляровых частак на крышталёвую падстаўку, важыць амаль тры кіло і вырабляецца ўручную. Астатніх фіналістаў, зрэшты, таксама чакаюць падарункі — дыпломы, салодкія сюрпрызы і сертыфікаты ад партнёраў конкурсу.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.