07.09.2018

"Звязда"

Што цікавага паглядзець па тэлебачанні на наступным тыдні.

"Гісторыі выратавання"

"Беларусь 1", з 9 верасня

Мастацка-публіцыстычны праект раскажа, як супрацоўнікі МНС разам з непрафесіяналамі дапамагаюць пацярпелым у крытычных сітуацыях. Тэма, заўважым, вострая: толькі за 8 месяцаў гэтага года ў Беларусі 2014 чалавек былі выратаваныя і эвакуіраваныя з месцаў прыродных і тэхнагенных надзвычайных здарэнняў. "Імёны герояў мы змянілі, але ў здымках удзельнічалі сапраўдныя сведкі, пацярпелыя і супрацоўнікі МНС, - гаворыць кіраўнік праекта Сяргей Шышко. - У кожным фільме выкарыстаныя кадры аператыўных здымак, а таму эмоцыі, якія вы ўбачыце, самыя шчырыя і непадробныя".

"Стаматолаг"

"Беларусь 2", з 6 верасня

Шматсерыйны прыгодніцкі дэтэктыў - палёт фантазіі ўкраінскага блогера і рэжысёраў, якія экранізавалі яго аповесць, - расказвае пра ўладальніка стаматалагічнай клінікі Дзмітрыя Таропкага. Герой валодае абвостраным пачуццём справядлівасці і значнай доляй самаўпэўненасці, каб, выпадкова сутыкнуўшыся са злачынствам, узяцца расследаваць яго самому. Ну, як самому - з дапамогай сяброў (толькі не смейцеся) урача-гінеколага Пятра Дзёміна і былога бандыта, а цяпер бізнесмена Сяргея Гразева. Вось тут можна смяяцца, тым больш, аўтары серыяла абяцаюць і крымінал, і гумар, і рамантычную лінію.

"Артэфакты"

"Беларусь 3", з 5 верасня

Цыкл дакументальных фільмаў распавядае аб прадметах беларускай культуры і мастацтва, многія з якіх захоўваюцца ў музеях, але ніколі не выстаўляюцца для шырокай грамадскасці, бо патрабуюць асабліва далікатнага стаўлення. Гісторыкі, археолагі, краязнаўцы і калекцыянеры раскажуць вядучай Алене Даміевай, як трапіў да навукоўцаў кожны артэфакт, якія легенды з ім звязаныя, а таксама раскрыюць таямніцы папярэдніх уладальнікаў унікальных рэчаў.

"Матч-поінт"

"Беларусь 5", з 18 верасня

Пра ўсе сучасныя тэндэнцыі сусветнага тэнісу будзе расказваць гледачам Дарына Запольская. Яна таксама распытае вядучых беларускіх тэнісістаў пра сакрэты прафесійнага майстэрства і разам з імі правядзе для ахвотных майстар-класы.