06.04.2018

"Звязда"

Вядучы папулярнага шоу на "Беларусь 2" "Капейка ў капейку" Ілья Конанаў з нядаўняга часу з'явіўся і ў ранішнім эфіры - у праграме "Тэлераніца". Увечары ж ён вядзе праграму "Кена". Мы спыталі ў яго, як выйграць у знакамітым спажывецкім шоу, а таксама, дзе знаходзіць крыніцы бадзёрасці раніцай.

"Звязда"

Вядучы папулярнага шоу на "Беларусь 2" "Капейка ў капейку" Ілья Конанаў з нядаўняга часу з'явіўся і ў ранішнім эфіры - у праграме "Тэлераніца". Увечары ж ён вядзе праграму "Кена". Мы спыталі ў яго, як выйграць у знакамітым спажывецкім шоу, а таксама, дзе знаходзіць крыніцы бадзёрасці раніцай і якім павінен быць карпаратыў, каб у ім пагадзіўся ўдзельнічаць прыстойны вядучы.

- Ілья, пра тэлебачанне марыў з дзяцінства?

- Тое, што я ўяўляў сябе ў тэлевізары, гэта дакладна. Але кім буду - спяваць, весці праграму ці нешта яшчэ, я тады не ведаў. Мне падабалася медыйнасць. Я з дзяцінства гуляў у футбол, і, калі да нас прыязджала прэса, для мяне самае галоўнае было забіць гол ці неяк вызначыцца, каб у мяне ўзялі інтэрв'ю. Трапіць на тэлебачанне атрымалася ў 19, калі я прайшоў кастынг на "БелМузТБ".

- Футболам сур'ёзна займаўся?

- Так, з сямі гадоў. Але ў васямнаццаць прыйшлося скончыць з-за траўмы. Пачынаў у футбольным клубе "Мінск", тады каманда называлася "Змена", а заканчваў у БАТЭ, праўда, у дублі. Але ў той час БАТЭ выйшаў у групавы этап Лігі чэмпіёнаў, і гэта было вельмі крута.

- Як трапіў у Белтэлерадыёкампанію?

- Калі пачаў разумець, што мне цесна на "БелМузТБ". Мне здаецца, абсалютна кожны тэлевядучы марыць трапіць на працу ў Белтэлерадыёкампанію. "Макаёнка, 9" для мяне з дзяцінства было нечым магічным. Памятаю, як мяне вадзілі на дзіцячыя праграмы, дзе я сядзеў сярод гледачоў, а Лора Грыбалёва тады была вядучай. Калі зразумеў, што хачу звязаць свой лёс з тэлебачаннем, першае, пра што падумаў, - што калі-небудзь буду працаваць у Белтэлерадыёкампаніі. Мне параілі: зрабі нешта сваё і прапануй. І вось мы прапанавалі праграму "Капейка ў капейку".

- Для вядучага, дарэчы, гэта перадача даволі бязлітасная: чаго толькі варта бегчы за ўдзельнікамі, калі яны выбіраюць пакупкі, і задаваць пытанні...

- Так, трэба захоўваць субардынацыю, каб яны цябе не пабілі (смяецца). Складаны фармат праграмы, але я разумеў, на што іду. Менавіта таму, што праграма народная, яна ўжо чатыры гады ў эфіры, штогод намінуецца ў конкурсе "Тэлевяршыня". І з'яўляецца адной з самых рэйтынгавых. Я вось два дні таму зрабіў пост у сваім "Інстаграме" з фотаздымкам і напісаў, што мы робім шопінг бясплатным за вашу кемлівасць, а вы робіце нашу праграму рэйтынгавай і карыснай. І ўжо 341 каментарый. Прыходзяць сотні лістоў ад ахвотных згуляць.

- Як сярод іх выбіраеце ўдзельнікаў?

- Па-рознаму. Спачатку, калі здымалі ў ЦУМе, я падыходзіў да людзей і прапаноўваў сыграць. І большасць не пагаджалася: не хацелі, саромеліся, думалі, што гэта нейкі "развод". З дзесяці чалавек сямёра адмаўляліся. А нехта пагаджаўся адразу: я падышоў аднойчы наўздагад да бабулі, ёй, як высветлілася, было 78 гадоў. І яна адразу пагадзілася паўдзельнічаць. І трэба было бачыць, як гэта бабулечка імкнулася выйграць! З-за такіх серый людзі нам паверылі. І калі ёсць такія цікавыя гульцы, мы ідзём на ўступкі: дорым пэўныя рэчы, нават калі яны прайгралі. Выйграе, дарэчы, прыкладна 4 з 10 чалавек. Ужо зараз, калі праграма ідзе чатыры гады, людзі прыходзяць да нас са спісамі, падпільноўваюць каля ўвахода ў магазін, сацыяльныя сеткі расколваюцца ад лістоў. Я імкнуся ўсім адказваць і тлумачыць, што мы не можам узяць, але стараемся. Да нас прыязджаюць людзі з розных гарадоў, часам выязджаем і самі. Атрымліваем тысячы каментарыяў. І калі ёсць такая аддача, разумееш, што ўсё робіш правільна і праграма павінна жыць.

- Хто складае пытанні ўдзельнікам?

- У нас ёсць выдатны сцэнарыст Дар'я Буслава. Мы жартуем, што пытанні Даша піша ў залежнасці ад надвор'я і свайго настрою. Пытанні бываюць і самыя элементарныя: колькі пальцаў на левай руцэ? І нашмат больш складаныя. Але тут ніколі не ўгадаеш. Сам часам не ведаеш адказ, а гулец адказвае. Ці, наадварот, людзі з вышэйшай адукацыяй не могуць назваць сталіцу ЗША, бо ёсць камера і хваляванне.

- Відавочна, што кур'ёзных момантаў не пазбегнуць.

- Самы запамінальны выпадак здарыўся, калі праграма запусцілася, але яшчэ не выйшла ў эфір. Мы здымалі дзве пілотныя версіі. Для іх патрэбныя былі цікавыя гульцы. Запрасілі спевака Тэа, які толькі вярнуўся з Еўрабачання, і Ніну Багданаву. Пакуль здымалі, адзін малады чалавек увесь час хацеў сфатаграфавацца. Тэа да таго часу ўжо з'ехаў, а ён хадзіў-хадзіў, потым не вытрымаў і кажа: "У мяне хутка цягнік, можна з вамі сфатаграфавацца?" Ён абдымае мяне і кажа: "Дзякуй вам за "Чыз-кейк". Прыйшлося падыграць: "Гэта наш агульны поспех, дзякуй, што глядзіце".

Вельмі запомнілася гульня з Сашам Саладухам. Ён адразу схапіў чайнік, з якога не знялі магніцік. Я прасіў яго вярнуць на паліцу. Але Аляксандр быў настолькі ў гульні, што пачаў бегаць з гэтым чайнікам, у кожным аддзеле ўсё пачынала пішчаць. Гэта было вельмі весела, хоць і няпроста. У яго выдатная жонка Наталля, якая ўвесь час яго падтрымлівала. І ім не хапіла часу, на балансе засталося 10 капеек. І я кажу: вы прайгралі, усе рэчы застаюцца ў нас. І трэба было бачыць твар Сашы: "Як прайграў, я ж абяцаў Варачцы падарунак?" І мы падарылі ёй гульню, Аляксандр выбраў настольны футбол. Уся праца з Аляксандрам заўсёды заканчваецца шоу.

Аднойчы да нас прыйшла жанчына, якая месяц рыхтавалася, трэніравалася ў магазіне. І ў яе было прапісана ўсё: які аддзел, куды бегчы далей, колькі крокаў патраціць да таго ці іншага месца. І яна прайграла. І таксама пасля не разумела як. Таму рэцэптаў, як выйграць, няма. Ёсць я, які адцягвае ўвагу пытаннямі, ёсць людзі, якія часам перашкаджаюць, чэргі. Навакольныя, дарэчы, рэагуюць вельмі станоўча. Нават падтрымліваюць гульцоў: "Колькі ў вас засталося? - 2,34. - Бяжыце сюды, вазьміце крупы..." Я заўсёды марыў пра такое шоу, якое б стала народным. Хтосьці нядаўна напісаў каментарый, што гульня будзе як "Поле цудаў", а Ілья Конанаў праз 20 гадоў стане Леанідам Якубовічам.

- І як табе такое параўнанне?

- Мне не даспадобы параўнанні. Я хачу быць Ільёй Конанавым, а не Іванам Ургантам ці Паўлам Воляй. Хоць і не самае горшае параўнанне з "Полем цудаў", і калі праграма пражыве столькі ж, я буду лічыць сваю місію выкананай. Я розны вядучы: у "Тэлераніцы" адзін вобраз, у праграме "Пін_код", якую я вёў, другі, у "Кена" - трэці. Вельмі хацеў весці ранішнюю праграму, будзіць краіну. Бо шоу выхаднога дня ў мяне было, вячэрняя праграма "Кена" таксама, у дзённым эфіры - "Пін_код". А раніцай мяне не было. Таму пайшоў на кастынг, і вось ужо тры тыдні я вядучы "Тэлераніцы".

- Складана спалучаць некалькі праграм?

- Як казаў Канфуцый, займіся любімай справай, і ты не будзеш працаваць ніводнага дня. Я не адчуваю напружання, мне ў задавальненне ўсе мае праекты. Канешне, пасля дня здымак унутры спусташэнне, ты аддаў сваю энергію, пазітыў. Таму ўвечары я часам крышачку нагадваю робата. Але калі ўдаецца выспацца восем гадзін, раніцай у мяне зноў шмат энергіі і пазітыву. Калі і стамляюся, то ненадоўга: скончыўся эфір, выдыхаеш - і зноў за працу.

- Ведаю, што любіш падарожнічаць і ездзіш даволі шмат.

- На што мне не шкада траціць грошы, акрамя падарункаў для маёй бабулі, дык гэта на адпачынак. Там я зараджаюся пазітывам, энергіяй ад сонца і мора. Таму зімой езджу на Гоа, у Тайланд ці Дамінікану - гэта ў прамежку паміж карпаратывамі, бо снежань - наш актыўны сезон. Летам еду кудысьці бліжэй, у Турцыю - на тыдзень, проста змяніць абстаноўку. Перазарадка неабходная, бо інакш, працуючы у такім рытме, хутка згарыш.

- У правядзенні карпаратываў дапамагае вопыт перадачы "Капейка ў капейку"?

- Так. Але, як правіла, палова людзей, да якіх ідзеш на мерапрыемства, не маюць уяўлення, дзе я працую. Аднойчы мяне клікалі на карпаратыў, дзе хацелі зрабіць інтэрактыў як на праграме "Капейка ў капейку". На жаль, дата аказалася ў мяне занятай, але мару, што калі-небудзь правяду яго. Не сакрэт, што івэнт-рынак пастаянна мяняецца. Было модна рабіць карпаратывы ў стылі "Вячэрняга Урганта", "Блакітнага агеньчыка", праграмы "Інтуіцыя".

- Ёсць такія прапановы, ад якіх адмаўляешся?

- Нядаўна запрасілі правесці дзявочнік - адмовіўся, бо гэта не маё. Адмаўляюся і тады, калі трэба быць на мерапрыемстве ў касцюме, скажам, папугая ці Чабурашкі. Шмат грошай не бывае, але калі адчуваю, што не змагу якасна зрабіць тое, чаго ад мяне чакаюць, за працу не бяруся.

- Ты казаў, што любіш рабіць прыемныя падарункі сваёй бабулі Святлане Аляксандраўне. Які быў апошні?

- Бабуля няўдала ўпала і зламала нагу. Гэта было для мяне самай дрэннай падзеяй за апошнія гады. Я ехаў на мерапрыемства, калі мне патэлефанавалі. Сустрэчу перанёс, хутка паехаў у бальніцу, папрасіў перавесці яе ў іншую палату, зрабіў усё, каб яна адчувала сябе камфортна. Стараўся дапамагчы нечым, каб яна хутчэй паправілася. Зараз ужо ўсё добра. Стараюся яе нечым радаваць. Але для яе самая вялікая радасць - бачыць шчаслівым свайго ўнука. Прычым у любімых праграмах. Бабулі вельмі падабаецца "Капейка ў капейку". Ёй тэлефануюць суседзі і знаёмыя, яна і сама перажывае за гульцоў, нават ціск у яе падымаецца. Гэта мой галоўны крытык і глядач.

Бабуля любіць пахадзіць на масажы, у СПА, і я часта яе адвожу на працэдуры. Калі бываю за мяжой, прывожу самыя розныя рэчы: ад эксклюзіўных вязаных шкарпэтак да сукенак. Ці падыдуць, не ведаю, але набываю. Я ёй вельмі ганаруся, яна выхоўвала мяне з дзяцінства, я называю яе не бабуляй, а мамай.

- Знаёмыя цябе характарызуюць як вельмі нераўнадушнага нават да чужых людзей чалавека. Вядомая гісторыя, калі ты не змог праехаць міма мужчыны, якому на вуліцы стала дрэнна...

- Жанчына выбегла на дарогу і папрасіла спыніцца. Я ўбачыў, што пажылому мужчыну стала дрэнна, але людзі праходзяць міма і з'язджаюць. Спыніўся, хоць паняцця не меў, як аказваць медыцынскую дапамогу. Першая думка: пасадзіць у машыну і адвезці ў бальніцу ці дадому. Так і зрабіў. Жанчына, а гэта была яго жонка, пасля патэлефанавала ў Белтэлерадыёкампанію і дзякавала. Высветлілася, што яна пазнала мяне, бо глядзіць перадачу "Капейка ў капейку". Мне нават няёмка было, што пра гэту гісторыю даведаліся на працы. Нічога асаблівага тут няма, так на маім месцы зрабіў бы кожны.

Алена КРАВЕЦ.