"Рэспублiка"
Сегодня определят финалистов конкурсного отбора на детское "Евровидение-2018".
Сёння адбудзецца фінал нацыянальнага адбору дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2018". Весці гала-канцэрт будуць Тэа і Вольга Рыжыкава. Адкрываць жа яго даверана Хелене Мерааі, якая прадстаўляла нашу краіну на гэтым музычным форуме ў Тбілісі ў мінулым годзе. Але галоўнымі героямі, вядома ж, стануць юныя спевакі, якія мараць у лістападзе выйсці на сцэну "Мінск-Арэны", дзе і адбудзецца дзіцячае "Еўрабачанне-2018".
Давайце бліжэй з імі пазнаёмімся.
Так распарадзілася жэрабя, што пад першым і другім нумарамі на сцэну выйдуць выхаванцы Вольгі Драздовай, якая ў апошнія гады стала сапраўдным гуру ў падрыхтоўцы дзяцей да падобных конкурсаў. Гурт "Мята" - гэта зусім новы праект, дзе сабраны пяць дзяўчат з рознымі галасамі і звычкамі, але аб’яднаных адной мэтай – перамагчы ў нацыянальным адборы. Яны выканаюць песню "Аднойчы". Дарэчы, у склад гурта ўваходзіць і дачка вядомага кампазітара Генадзя Маркевіча і спявачкі Вольгі Плотнікавай, а гэта значыць, што ў "Мяты" вельмі моцная музычная каманда.
Мэта Даніэля Ястрэмскага, яшчэ аднаго выхаванца Драздовай, тая ж - перамагчы. Дарэчы, яго песня Time пра гэта ж: ніколі не спыняцца і заўсёды ісці наперад да сваіх жаданняў. На шляху да ўласнай мэты 14-гадовы прыгажун ужо зрабіў нават тур па Беларусі, дзе прэзентаваў сваю кампазіцыю.
LIZAMEЯ - маленькая сонечная дзяўчынка, якая марыць стаць зоркай. Яна расказала пра гэта вядомаму спеваку і аўтару песень Сяргею Сухамліну, ён і напісаў для яе "Зорку". Атрымалася вельмі дынамічная кампазіцыя, якую Лізе дапамагаюць выконваць сябры-танцоры. Займаецца юная спявачка з Жодзіна ў педагога па вакале Міланы Вярцінскай.
Арцём Скараль яшчэ адзін удзельнік адбору не з Мінска. Ён вучыцца ў сёмым класе СШ № 1 горада Ашмяны, доўгі час музыкай займаўся ў дзіцячай студыі "Палёт" у Мікалая Федарэнкі. Зараз хлопец ездзіць на заняткі ў Нацыянальны цэнтр музычнага мастацтва імя У. Мулявіна. На сцэне ў Арцёма будзе сур’ёзная група падтрымкі – балет Вольгі Шамровай.
Ангеліна Ярашчук мае адразу некалькі талентаў. Акрамя таго, што пераможца і лаўрэат розных музычных конкурсаў, яна яшчэ і прафесійна займаецца харэаграфіяй, нават скончыла балетную школу Марыны Вежнавец. Вядома ж, у яе нумары будуць і складаныя танцавальныя элементы. Рыхтуе Ангеліну да конкурсу Юзары. Дзяўчынка выканае песню Feeling Good і абяцае, што падорыць людзям пазітыўны і лёгкі настрой, зарадзіць усіх станоўчымі эмоцыямі.
Дзяўчынкі з гурта Monkey Tops таксама захоплены харэаграфіяй. Але аднойчы яны вырашылі, што могуць ускалыхнуць і музычны небасхіл. Займацца з імі пагадзіўся зноў жа Юзары. Усё так добра атрымалася, што з першай спробы яны трапілі ў нацыянальны адбор. Дзяўчаты выканаюць маладзёжную танцавальную кампазіцыю, якая называецца "На стылі".
13-гадовая Марыя Жыліна - адна з самых вопытных удзельніц сёлетняга адбору: яна трэці год запар трапляе ў гала-канцэрт. Гэта і не дзіўна. Дзяўчынка займаецца ў Нацыянальным цэнтры музычнага мастацтва імя Мулявіна ў Святланы Стацэнка, выхаванцы якой ужо неаднойчы трыумфальна вярталіся з дзіцячага "Еўрабачання". Марыя верыць, што гэта прыступка некалі скарыцца і ёй. Але дзяўчынцы ўжо зараз ёсць чым пахваліцца: за яе плячыма каля трыццаці музычных конкурсаў у розных краінах, у тым ліку два паўфіналы дзіцячай "Новай хвалі". Жыліна з педагогам і аўтарамі песні Юліяй Быкавай і Яўгенам Алейнікам збіраюцца здзівіць журы і публіку беларускамоўнай песняй Welcom to my Belarus, у якой яна расказвае пра прыгажосць, чысціню і гасціннасць нашай краіны.
11-гадовы Яраслаў Саколікаў удзельнічаў у другім сезоне расійскага шоу "Голас. Дзеці" ў камандзе Макса Фадзеева і, нягледзячы на тое што быў самым юным удзельнікам праекта, выйшаў у фінал. Пакуль гэта самае гучнае дасягненне хлопца. Але сёлета ў яго ёсць шанц заявіць пра сябе яшчэ гучней: спевака рыхтуе да конкурсу сам Макс Лорэнс. У яго няма вялікага досведу ў працы з дзецьмі, затое ён лепш за іншых ведае, як скарыць тысячы паклоннiкаў музыкі.
Мікіту Бялько многія таксама памятаюць як удзельніка тэлепраекта "Голас. Дзеці", ён быў у камандзе Валерыя Меладзэ. Мікіта - хлопец сур’ёзны. Вучыцца ў ліцэі пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі па класе фартэпіяна, шмат чытае. І песню для нацадбору выбраў адпаведную, яна называецца "Не здраджвай".
9-гадовая мінчанка Марыя Гулевіч - самая юная фіналістка нацадбору. У гэтым годзе яна пераходзіць у чацвёрты клас. Марыя займаецца ў Нацыянальным цэнтры музычнага мастацтва імя Мулявіна і 10-й музычнай школе імя Глебава. У фінале нацадбору на дзіцячае "Еўрабачанне" яна выканае кампазіцыю "Остров Чикарум" аб палёце над чароўным востравам. "Мы вышэй за ўсіх лятаем. Свабода, пазітыў і радасць вечна з намі. І, напэўна, мы даведаемся пра тое, што разам мы ўсё зможам. Проста павер, проста смялей", - спяваецца ў песні.
Наталья СТЕПУРО.





