Гурт "Navіband": Мы - талісманы адно для аднаго
Новости

Гурт "Navіband": Мы - талісманы адно для аднаго

10.03.2017

"Звязда"

Да старту "Еўрабачання-2017" у Кіеве засталося менш як два месяцы, а гурт "Navіband", які сёлета прадстаўляе Беларусь, здаецца, зусім не напружваецца на гэты конт. 

"Звязда"

Да старту "Еўрабачання-2017" у Кіеве засталося менш як два месяцы, а гурт "Navіband", які сёлета прадстаўляе Беларусь, здаецца, зусім не напружваецца на гэты конт. 8 сакавіка артысты выступілі ў Гродне, хутка адбудуцца канцэрты ў Баранавічах, Гомелі і Наваполацку, далей запланаваны паездка ў Маскву на спектакль Яўгена Грышкаўца, з якім гурт плённа супрацоўнічае, і выступленне ў Мінску... Таму ледзь не з парога я прычапілася да салістаў гурта Ксеніі Жук і Арцёма Лук'яненкі з пытаннем: няўжо так упэўнены ў сваіх сілах, каб сумяшчаць падрыхтоўку да міжнароднага конкурсу з канцэртным турам?

- Ну, а як інакш? - здаецца, крыху здзіўляецца Арцём. - Канешне, мы ўсведамляем, што "Еўрабачанне" - вельмі важны крок у жыцці, і адказна да яго рыхтуемся. Але ж мы музыканты, мы гурт, каманда, таму павінны трымаць сябе ў форме!

- Мы запісалі новы альбом, і натуральна, мусім прадставіць яго слухачам у розных гарадах, — дадае Ксенія. — Тым больш, гэта не дадатковая нагрузка, хутчэй наадварот — мы адпачываем на гэтых канцэртах, пераключаемся з напружанай працы на стасункі з любімымі слухачамі. Так што адно аднаму не замінае, і чатыры канцэрты на месяц — далёка не насычаны гастрольны тур.

- Тады раскажыце, на якім этапе падрыхтоўка да "Еўрабачання" і хто ўваходзіць у вашу каманду?

Арцём: Цяпер мы шліфуем песню, займаемся з педагогам па вакале, выступаем у суседніх краінах - былі ва Украіне, на чарзе яшчэ Латвія, магчыма, Літва, а таксама выступленне ў Ізраілі і ў Амстэрдаме (там традыцыйна праходзіць афіцыйная вечарынка ўсіх удзельнікаў). Ужо сфарміравалася каманда, у якой кожны чалавек адказвае за пэўны аспект конкурснай падрыхтоўкі і, што немалаважна, з якімі побач нам камфортна працаваць. Гэта наш піяр-менеджар Сяргей Андрыянаў, які прапанаваў заспяваць па-беларуску песню Джамалы ("1948" - кампазіцыя, з якой украінская спявачка выйграла леташняе "Еўрабачанне". - Аўт.). Канешне, Вольга Шлягер і Вольга Саламаха, якія адказваюць за беларускую дэлегацыю на конкурсе і кантралююць усе арганізацыйныя моманты. Стыліст-дызайнер Сяргей Вярынскі, які працуе над нашымі вобразамі і над прома-прадукцыяй, - і менавіта ён прыдумляе канцэртныя ўборы для сцэны "Еўрабачання". Над графікай працуе мастак Марына Назарава. Вельмі дапамагае выкладчык па вакале Вольга Драздова, у якой вялікі вопыт працы менавіта для "Еўрабачання" - ды ўсю каманду пайменна, напэўна, мы проста зараз не прыгадаем. На конкурснай сцэне нас будзе падтрымліваць бэк-вакал, а ў зале - бацькі і сябры, якія спецыяльна прыедуць у Кіеў.

- У апошнія дні зімы ў гурта прайшла афіцыйная фотасесія да конкурсу. Акрамя нацыянальных строяў, асаблівы сэнс фотасесіі надала старажытная кніга - рарытэтная Біблія Францыска Скарыны з архіваў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі...

Арцём: Канешне, трэба было адштурхнуцца ад значнага гістарычнага факта, каб падкрэсліць гісторыю і веліч беларускай культуры. Таму, калі абмяркоўвалі ідэю фотасесіі, вырашылі не проста апрануцца ў беларускія кашулі, але і ўзяць у рукі скарынаўскую Біблію. Ідэя супала з 500-годдзем беларускага кнігадрукавання - лічу, гэта зоркі сышліся выдатным чынам. Некаторыя прыхільнікі цікавіліся, чаму ў нас з Ксюшай уборы не па памеры, занадта вялікія. Тут зноў жа ўсё не проста так. Мы не любім біць у лоб відавочным пасылам, а хочам абудзіць у людзей іх уласныя згадкі. Вялікія кашулі - сімвалы нацыянальнай культуры, а мы - толькі малыя яе часцінкі. Вельмі прыемна, што многія фанаты "Еўрабачання" называюць нас пасламі беларускай культуры на конкурсе - хоць гэта, безумоўна, не толькі вялікі гонар, але і вялікая адказнасць.

Ксенія: Таму ў фотасесіі няма нічога штучнага і наўмысна прыдуманага, мы насамрэч вельмі любім і шануем свае карані і заўжды стараемся іх трымацца.

- Вы чатырнаццатыя па ліку беларускія дэлегаты на "Еўрабачанні", але першыя, хто прадставіць на ім песню на роднай мове. Пасля перамогі ў нацыянальным адборы вы запэўнівалі, што не дабавіце ў тэкст ні слоўца на англійскай...

Арцём: Так, у тэксце нічога не змянілася. Па-першае, у беларускіх удзельнікаў ужо былі папярэдне 13 спроб спяваць на англійскай - паспяховымі можна назваць хіба некалькі з іх. А па-другое, я лічу, беларускамоўная песня - гэта прарыў для нашай культуры і для сённяшняга пакалення, якому важна, каб беларуская мова прагучала на ўсю Еўропу. Тым больш, сёлетні слоган "Еўрабачання" - "Святкуй рознабаковасць" - як мага лепей дае ўдзельнікам магчымасць прадставіць нацыянальную разнастайнасць.

- Нягледзячы на тое, што ваша перамога ў нацыянальным адборы выглядала самай "бяскроўнай" за апошнія некалькі гадоў, усё адно гучала пэўная крытыка - у прыватнасці, да празмернай эмацыянальнасці Ксюшы. Да заўваг вы прыслухоўваецеся?

Арцём: У большай ступені прыслухоўваемся да крытыкі тых людзей, з якімі ідзём побач у творчасці. А меркаванне тых, каго мы не ведаем, можа быць прадузятым проста таму, што людзі нас не зразумелі... Усіх не наслухаешся, усім не дагодзіш. Наша пазіцыя — рабіць перадусім так, як адчуваем мы самі.

Ксенія: Да кожнай песні, да кожнага выступлення мы падыходзім з душой, шчыра і адкрыта, каб людзі бачылі, што мы такія, як ёсць насамрэч, не ўпадабняемся да кагосьці, не надзяваем маскі. У падрыхтоўцы да "Еўрабачання" мы таксама прытрымліваемся гэтага прынцыпу.

- Часы прома-пакетаў "па-багатаму", напэўна, ужо мінулі, крызіс усіх прымусіў эканоміць, але сувенірная прадукцыя ўсё ж важнасці не страціла. Ці вядома ўжо, што павязе ў Кіеў "Navіband"?

Арцём: Гэта абавязкова будзе стужка з нашым лагатыпам, які ўтрымлівае элементы беларускага арнаменту - сімвалы Зямлі і Сонца. Падобныя стужкі мы дарылі, калі былі на нацыянальным адборы ва Украіне, і ўбачылі, што людзям яны даспадобы. Гэта якраз не пафасна, не пошла, але ад душы і падкрэслівае нашу лінію. Безумоўна, прома-папка будзе ўключаць інфармацыю пра нас, англамоўны тэкст песні, фота, аўдыя- і відэаматэрыялы. Астатняе пакуль вырашаецца.

- Я, можна сказаць, прадстаўнік мэтавай аўдыторыі "Еўрабачання": хатняя гаспадыня, якая ў маі абавязкова ўключыць тэлевізар, каб паглядзець відовішчнае шоу. Чым вы "зачэпіце" мяне за 3 хвіліны песні, каб вымусіць узяцца за тэлефон і галасаваць?

Арцём: Ксюшынымі ямачкамі на шчоках... Не? Тады прастатой і непадробнасцю. Як мы адчуваем, цяпер вельмі важна паказаць тое, чаго не было да цябе, сказаць, хто ты ёсць. Мы - беларусы, і я лічу, што еўрапейцам будзе цікава пачуць, як гучаць наша музыка і мова.

Ксенія: А яшчэ, канешне, рэфрэнам "Хэй-хэй"! Гэта тое, я спадзяюся, што запомніцца і будзе спявацца на кожнай мове.

- Папярэднія беларускія ўдзельнікі падказвалі вам, да чаго рыхтавацца і чаго чакаць непасрэдна на конкурсе?

Арцём: Так, некаторыя парады нам даў Юра Вашчук, Юзары падзяліўся сваім досведам. Цяпер мы разумеем, чаму яны казалі: "Еўрабачанне" - нялёгкая праца, і, мабыць, не кожнаму артысту варта ў яе ўвязвацца".

Ксенія: Не, я жадаю кожнаму паспрабаваць свае сілы, але трэба быць моцным, асабліва псіхалагічна.

Арцём: Цудоўна, што мы з Ксюшай удваіх ідзём па гэтым шляху, у нас ёсць падтрымка адно аднаго, што б ні здарылася.

Ксенія: Мы нават больш, чым падтрымка, мы - талісманы адно для аднаго. Бо калі адзін у чымсьці сумняваецца, не ўпэўнены ва ўласных сілах, то другі зможа даць яму патрэбны штуршок, гэткі чароўны выспятак, якога часам вельмі не хапае, каб рухацца далей.

- Летась чарговы раз змяніліся правілы галасавання на "Еўрабачанні", і цяпер інтрыга вакол пераможцы трымаецца да апошніх імгненняў. На ваш погляд, якая сістэма больш справядлівая? Перавагу мусяць мець гледачы або прафесійнае журы?

Арцём: Мне здаецца, хоць шоу робіцца дзеля гледачоў, але ўсё ж меркаванне прафесійнага журы вельмі важнае, і яго нельга ігнараваць, бо музычныя эксперты заўважаюць рэчы, на якія простая публіка і ўвагі не звяртае. А непрадказальны вынік, які часам прыносіць сума ацэнак журы і гледачоў, - гэта выдатна, гэта інтрыга, а значыць, гэта цікава яшчэ большай колькасці людзей.

Ксенія: 50/50 - мяркую, самая ўдалая формула галасавання. У творчасці ўсе ацэнкі наогул суб'ектыўныя, і толькі сума розных, нават палярных, меркаванняў дае аптымальны вынік.

- Для шэрагу беларускіх артыстаў конкурс з розных прычын, на жаль, стаў не адпраўной кропкай, а хутчэй, парталам у творчы нябыт. Вы не баіцеся "праклёну Еўрабачання"?

Арцём: Думаю, у нас ужо склалася свая публіка, якая нас "падпітвае" на кожным канцэрце, падтрымлівае і будзе падтрымліваць. Канешне, прадугледзець усе сцэнарыі развіцця падзей немагчыма, але ў нас настрой вельмі пераможны, мы скіраваныя найлепшым чынам прадставіць сваю краіну.

Ксенія: Калі думаць аб тым, хто што скажа пасля "Еўрабачання" - нічога не атрымаецца. Таму я не люблю загадваць і смяшыць Бога будаваннем далёкіх планаў. Трэба адказваць за бягучы момант і рабіць усё, каб захаваць упэўненасць у сабе, не згубіць той драйв і шчырасць, якую ўпадабалі слухачы і журы ў нацыянальным адборы.

Сёння букмекеры, якія часта ўгадваюць пераможцаў шоу, бачаць у ліку фаварытаў Італію, Швецыю і Расію (нягледзячы на тое, што апошняя дагэтуль не назвала свайго прадстаўніка і наогул абмяркоўвае магчымы байкот шоу). Прадказаць, ці трапіць у спіс лідараў сёлета Беларусь, пакуль што проста немагчыма. Але "Navіband" такія непадробна шчырыя і сапраўдныя, поўныя, нібы бярозавік, жыццёвай энергіі і правільна "зараджаныя" светлымі эмоцыямі, што вельмі хочацца пажадаць ім - і нам усім - удачы. Сачыце за ямачкамі на шчочках!

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.