06.09.2019
"Звязда" 

Беларускае радыё абвяшчае тыдзень памяці заслужанага артыста БССР Ільі Кургана.
9-15 верасня ў штодзённай праграме "Тэатр Беларускага радыё" будуць гучаць радыёспектаклі і творы класікаў айчыннай літаратуры ў выкананні легендарнага дыктара, пад бадзёрае "Гаворыць Мінск!" якога больш за сорак гадоў прачыналася ўся краіна.

Ілья Львовіч пайшоў з жыцця 21 жніўня гэтага года, але ў фондах радыё захавалася мноства пастановак, падрыхтаваных "беларускім Левітанам". Часткай гэтых скарбаў Першы нацыянальны канал падзеліцца са слухачамі. Так, 9 верасня прагучаць інсцэніроўка апавядання Янкі Маўра "Апошні вылет" і паэма Пятра Глебкі "Мужнасць", 10 верасня - кампазіцыя "Сцяг брыгады" паводле Аркадзя Куляшова, 11 верасня - фрагмент паэмы Адама Міцкевіча "Пан Тадэвуш", а 12 верасня - урывак з аповесці Кузьмы Чорнага "Скіп'ёўскі лес". Аўдыяспектакль "Крыж міласэрнасці" паводле рамана Валянціны Коўтун, дзе славуты дыктар чытае словы ад аўтара, выйдзе ў эфір 13 і 14 верасня, а завершыць тыдзень памяці фрагмент аповесці Уладзіміра Караткевіча "Чазенія".

Вікторыя ЗАХАРАВА.