Глядзі сваё

02.12.2017

"Звязда"

У рамках святкавання Дня беларускага кіно, які ў нашай краіне адзначаецца 17 снежня, тэлеканал "Беларусь 3" увесь першы месяц зімы прысвеціць мастацкім і дакументальным фільмам, створаным телтэлерадыёкампаніяй і кінастудыяй "Беларусьфільм" у розныя гады.

"Звязда"

У рамках святкавання Дня беларускага кіно, які ў нашай краіне адзначаецца 17 снежня, тэлеканал "Беларусь 3" увесь першы месяц зімы прысвеціць мастацкім і дакументальным фільмам, створаным телтэлерадыёкампаніяй і кінастудыяй "Беларусьфільм" у розныя гады.

Пачынаючы з 4 снежня канал пакажа ў эфіры беларускія кінастужкі, мультфільмы і тэматычныя праграмы. Папярэднічаць праглядам карцін будуць сустрэчы з вядомымі майстрамі кіно і мастацтва.

З панядзелка ў 12.45 пачне выходзіць цыкл хранікальна-дакументальных фільмаў "Сінематэка" пра гісторыю і развіццё беларускага кіно. Кожны выпуск будзе прысвечаны пэўнаму перыяду кінаіндустрыі Беларусі. Як змяніліся і чым сёння займаюцца акцёры, якія сыгралі любімых герояў у дзіцячых фільмах "Прыгоды Бураціна", "Пра Чырвоны Капялюшык", "Пітэр Пэн", гледачы "Беларусь 3" змогуць убачыць з панядзелка па пятніцу ў 12.20. Вядомы гісторыка-прыгодніцкі шматсерыйны фільм "Дзяржаўная граніца" глядзіце з аўторка па пятніцу ў 21.05.

Прэм'ерай снежня стане аўтарская праграма Уладзіміра Арлова "Люблю і памятаю", першы выпуск якой гледачы ўбачаць ужо 9 снежня. Вядомы беларускі рэжысёр, сцэнарыст, драматург і пісьменнік успомніць тых, з кім у свой час звёў яго лёс. Ён адкрые малавядомыя факты біяграфіі знакамітых кінематаграфістаў, пісьменнікаў, кампазітараў і акцёраў, з якімі сябраваў, працаваў і цесна меў зносіны.

У рамках праекта "Час кіно" кандыдат мастацтвазнаўства Наталля Сцяжко пазнаёміць тэлегледачоў "Беларусь 3" з вынікамі Нацыянальнага конкурсу беларускіх фільмаў, які чацвёрты раз праходзіў на Міжнародным кінафестывалі "Лістапад". Традыцыйна ў пятніцу вечарам у рамках праграмы "Час кіно" будуць паказаны дыпломныя студэнцкія работы выпускнікоў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

17 снежня, у Дзень беларускага кіно, гледачоў канала чакае адразу некалькі прэм'ер. Мастацкі фільм Аляксандра Анісімава "Сляды на вадзе" раскажа пра барацьбу беларускай міліцыі з бандытызмам у пасляваенныя гады. Жыццё і творчасць выдатнага кінарэжысёра, народнага артыста СССР Віктара Турава, аўтара карцін "Праз могілкі", "Я родам з дзяцінства", "Сыны ідуць у бой", "Людзі на балоце" і іншых, тэлегледачы ўбачаць у дакументальным фільме Яўгена Сяцько "Віктар Тураў. Дыханне жыцця". Працягне тэматычны эфір і дакументальны фільм "Чорны крумкач", які закране тэму ваеннапалонных Другой сусветнай вайны - адну з асноўных у творчасці кінарэжысёра Анатоля Алая. І гэта невыпадкова, бо ваеннапалонным быў і яго бацька, ваенны ўрач Іван Алай.

Тэлеканал "Беларусь 3" запрашае тэлегледачоў правесці месяц беларускага кіно разам!

Документация