Глеб Лаўроў - бадай, адзін з самых вядомых на беларускім тэлебачанні палітычных аглядальнікаў. Уладальнік трох "Тэлевяршыняў" і вядучы праграмы "Макей і Лаўроў". По сообщению zviazda.by
Глеб Лаўроў - бадай, адзін з самых вядомых на беларускім тэлебачанні палітычных аглядальнікаў. Уладальнік трох «Тэлевяршыняў» і вядучы праграмы «Макей і Лаўроў. Пра палітыку» на «Беларусь 1» расказаў, як зацікавіўся міжнароднай тэматыкай у адзінаццаць гадоў, выпадкова трапіў на тэлебачанне ў сямнаццаць, а таксама прыадкрыў некаторыя таямніцы сваёй цяперашняй перадачы.
- Глеб, я ведаю цябе як чулага і спагадлівага да навакольных чалавека, а вось у кадры ты катэгарычны і бескампрамісны...
- Уладзімір Макей зусім нядаўна пабываў у гасцях у вашай праграмы. Што наконт Сяргея Лаўрова?
- У навагодняй праграме ў межах «Галоўнага эфіру» ў нефармальнай абстаноўцы мы сапраўды ўзялі інтэрв'ю ў міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея. Гэта былі загарадныя здымкі ў выязной студыі. Наш міністр праявіў сябе цалкам з незнаёмага гледачу боку: гэта вельмі душэўны, цёплы, сямейны чалавек. Сюжэт, дарэчы, даступны на ютуб-канале Агенцтва тэлевізійных навін Белтэлерадыёкампаніі. Там мы, уласна кажучы, і ўгаварылі Уладзіміра Уладзіміравіча звярнуць увагу на нашу ідэю і пасадзейнічаць у арганізацыі сумеснага з Сяргеем Лаўровым інтэрв'ю. Спадзяюся, што ўсё атрымаецца.
- Глеб, калі ты вырашыў, што ў сферы тваіх інтарэсаў будзе палітыка?
- Калі пачаў чытаць кнігі, прысвечаныя сучаснаму свету, - гадоў у 11-12. Да гэтага былі іншыя любімыя пісьменнікі - Фенімор Купер, Роберт Стывенсан, Даніэль Дэфо. І тут мяне зацікавіў больш блізкі гістарычны час. З падачы мамы і дзядзькі, прафесійнага вайскоўца, з не мастацкіх твораў адкрыў для сябе Усевалада Аўчыннікава і яго «Галінку сакуры», «Карані дуба», і мне стала цікава ўсё, што звязана з міжнародным становішчам. З той пары я займаюся міжнароднай палітыкай. Пры гэтым я скончыў фізіка-матэматычны клас, вучыўся ў адметнага беларускага педагога Яфіма Аронавіча Бахраха. Потым, праўда, не звязаў свой лёс ні з фізікай, ні з матэматыкай. Атрымаў першую адукацыю ўпраўленца на факультэце тэхналогій кіравання і гуманітарызацыі БНТУ.
Хутка зразумеў, што не хачу быць упраўленцам. Стаў займацца сацыяльна-палітычнымі дысцыплінамі, атрымаў другую адукацыю. Я іх нават выкладаў у родным «палітэху» каля шасці гадоў. Паралельна ў пачатку 2000-х, калі Агенцтву тэлевізійных навін спатрэбіўся «міжнароднік», які б меў тэлевізійны вопыт, а такая камбінацыя сустракаецца не часта, запрасілі мяне.
- Але пачынаў ты на тэлебачанні значна раней, з праграмы «5х5»...
- Так, на тэлебачанне мяне прывёў Іван Мікалаевіч Пінігін. Мне было 17 гадоў. Ніякай асаблівай цікавасці да тэлебачання не меў, а на кастынг трапіў выпадкова - за кампанію з сябрамі, і ён нічым не скончыўся. А калі Іван Мікалаевіч Пінігін шукаў для «5х5» нестандартных вясёлых людзей, тады ён мяне і паклікаў. Для перадачы ён адбіраў пэўныя ролевыя элементы: напрыклад, высокую дзяўчынку, маленькую жвавую дзяўчынку, а я прайшоў пад кодавым імем «тоўсты разумны хлопчык». Усе гэтыя гады адыгрываю такую ролю (смяецца).
Як пачаў працаваць на тэлебачанні ў 17 гадоў, сумяшчаючы гэта з вучобай, так і працягваю. Летась, дарэчы, споўнілася дваццаць гадоў з часу майго першага эфіру. Працаваць было вельмі цікава, такія новыя нечаканыя прыгоды: прамы эфір, рабіце, што хочаце. У нас быў сцэнарый, былі госці, жывая падлеткавая аўдыторыя, тэлефанаванні. Усё гэта вяло да таго, што і госці выдавалі неэфірныя фразы, і тэлефанаванні былі з вельмі нетрывіяльнымі думкамі. Вось уявіце сітуацыю, калі Іван Мікалаевіч выбягае ў рэкламнай паўзе ў калідор, дзе бачыць лідара ДДТ Шаўчука, які ідзе на радыё даваць інтэрв'ю. У Івана Мікалаевіча хутка спрацоўвае прафесійная кемлівасць, ён імгненна ўгаворвае Шаўчука зайсці да нас у студыю. А ў нас прамы эфір з нейкай сур'ёзнай тэмай. І Пінігін кажа мне: прадстаў яго. Ад нечаканасці я забыў, як завуць Шаўчука. І пачаў гарадзіць агарод: у нас у эфіры адметны музыкант, чалавек-легенда, песні якога вы ведаеце на памяць, лідар культавай групы ДДТ і... так і не ўспомніў яго імя. Але адразу авацыі, вакол Шаўчука сабраўся натоўп. І тут мая напарніца падыходзіць і падколвае: «Глеб, ты напэўна, забыў, што яго завуць Юрый?» Прыйшлося прызнацца, што забыў. Так што эфіры ў нас праходзілі вельмі бадзёра.
Памятаю моднага галандскага дыджэя, які адыграў сэт у клубе ноччу, не паспеў нават зайсці ў гасцініцу і трапіў да нас у эфір. На першай музычнай паўзе ён заснуў. Паколькі быў у акулярах, ніхто акрамя мяне і прадзюсара, гэтага не заўважыў. І на мае пытанні адказваў яго прадзюсар. У выніку мне «прыляцела» ад памочніка рэжысёра за тое, што не размаўляў з дыджэем.
- У вашай цяперашняй перадачы часта цытуюцца замежныя выданні, скажам «Нью-Ёрк Таймс». Колькі замежных моў ведаеш?
- Адну - англійскую. Мая калега таксама, але яна актыўны «палявы» гулец і, нягледзячы на тое што з'яўляецца загадчыкам аддзела палітычных аглядальнікаў, актыўна інтэрв'юіруе. Вось зараз вярнулася з зімовай Алімпіяды, дзе запісала некалькі цікавых спікераў. Яна вельмі энергічны чалавек, які да таго ж умее разгаварыць суразмоўніка. А я адказваю за жарты, гумар і вострую палітычную сатыру, якую мы можам сабе дазволіць. І гэта, дарэчы была адна з умоў Сяргея Лаўрова, які з усмешкай сказаў: «Так, няхай выходзіць іх праграма, але няхай там будзе як мага больш непаліткарэктнага».
- Дарэчы, пра жарты і весялосць. У вас у перадачы ёсць такія дыялогі: «Прыгожая сукенка, калега! - Так, з новай тканіны нашага «Камволя», між іншым». Экспромт ці дамашняя загатоўка?
- Так атрымалася з першага выпуску нашай праграмы. Калі ставім апошнюю кропку і развітваемся, камера адкрывае агульны план. А мы з пятлічкамі, гук хоць і не ідзе ў эфір, але запісваецца. І мы пачалі жартаваць. А потым вырашылі, што крышачку гумару вельмі карысна. Гэта збівае ўзровень палітычнага пафасу. З той пары ў нас такая фінальная імправізацыя.
- Сам глядзіш тэлевізар?
- Канешне. Гэта прафесійная цікавасць і патрэба - штодзень гляджу па 3-4 гадзіны навін на розных каналах - ад СNN да расійскіх, абавязкова сваіх калег з СТБ, АНТ. Але я ўвогуле больш аналітык, чым журналіст. З вялікай павагай стаўлюся да добрых інтэрв'юераў, якія могуць разгаварыць суразмоўніка, выцягнуць тое, што ён не хоча казаць. За такімі людзьмі цікава назіраць. Цяпер, на жаль, сышоў з эфірнай прасторы расійскага канала РБК Ігар Вітэль. Як ён распытваў бізнес-эліту, расійскіх чыноўнікаў, людзей, якія ведаюць, што хочуць сказаць, і больш нічога прынцыпова не маюць намеру адкрываць! З вялікім задавальненнем за ім сачыў! А яшчэ я вырас на савецкіх праграмах. Не застаў росквіт савецкай міжнароднай журналістыкі, але назіраць у запісе за тым жа Аляксандрам Бовіным вялікае задавальненне. Ты разумееш, што ён мог і што не мог сказаць, але наколькі дакладна трымаў сваю лінію. Гэта адбывалася ва ўмовах халоднай вайны, калі тэлебачанне было больш чым тэлебачанне - голас усяго сацыялістычнага блока. Гэта вельмі складана: ведаць так шмат, як ён, і казаць толькі тое, што трэба. Сёння тэлеэфір моцна змяніўся: гэта тэмпарытм, агрэсія, крыклівая карцінка, кліпавы мантаж, спроба ўтрымаць гледача з дапамогай вялікіх доз шоку. Так, гэта наркотык, які працуе, да яго прывыкаюць. Але ёсць адна праблема: пасля таго як некаторыя каналы «забіваюць» гледачам рэцэптары, з імі цяжка размаўляць, выдаваць ім больш складаныя аргументы. Таму, на мой погляд, забываць пра тое, што ў СМІ ёсць адукацыйная функцыя, нельга ні ў якім разе. Канцэпцыю забаўляльнага навінавага жанру, канешне, ніхто не адменіць, яна запушчаная ва ўсім свеце. І сёння сур'ёзныя міжнародныя аналітыкі імкнуцца весці нязмушаную гаворку, жартаваць, скажам, пра шэры фінансавы рынак, зніжаюць планку складанасці. І тут я не магу пагадзіцца з папулярным меркаваннем, што кантэнт павінен быць зразумелы кожнаму. Таму працаваць трэба і з той аўдыторыяй, якая, акрамя забаўляльных момантаў, хоча яшчэ і крыху адукацыі. Мы жывём у свеце, дзе падрастаюць дзеці, у якіх заўсёды быў і ёсць інтэрнэт. Яны не ўспрымаюць кнігу як асноўную крыніцу інфармацыі. Больш за тое, іх дзеці не будуць успрымаць кнігу ўвогуле.
- Ведаю, што крыніца тваёй багатай эрудыцыі - якраз кнігі.
- Прычым я чытаю іх толькі ў папяровым выглядзе. За сваё жыццё ў электронным варыянце прычытаў цалкам усяго дзве кнігі -іх было проста складана знайсці. Сёння папяровыя кнігі - гэта раскоша, адчуванне ад валодання якой ёсць не ва ўсіх. Але людзі прыйдуць да гэтага: шафа з кнігамі стане прадметам гонару.
- Колькі ў цябе шафаў?
- Вялікіх - сем. Дзве дасталіся ад маці, і там, прызнаюся, я прачытаў не ўсё. Астатнія пяць сабраў сам, там усё перачытана. Вось мару, як частку адпачынку прысвячу таму, што каталагізую сваю бібліятэку, частку яе расстаўлю так, як мне зручна. Папяровыя кнігі надаюць чытанню зусім іншы фармат, ствараюць прыналежнасць да ўжо маленькай секты іх уладальнікаў. Сумна, калі разумееш, што кнігі, якія атрымліваюць нацыянальныя прэміі, маюць усяго 5-тысячны наклад. Так, ёсць кнігі, якія выходзяць мільённымі тыражамі, так званы шырспажыў, і я нават некаторыя з іх чытаў, каб зразумець, што мне не падабаецца.
- Глеб, амаль 20 гадоў з экрана ты расказваеш нам пра палітыку. Ці зразумеў, у чым сакрэт паспяховасці тых жа палітыкаў?
- Неяк раз я працаваў са здымачнай групай на адным мерапрыемстве, апытваў вялікую колькасць людзей. І напрыканцы патрэбна было невялікае інтэрв'ю са спадаром Латушкам, які цяпер працуе паслом у Францыі, - гэта выдатны чалавек і прафесіянал, а тады ён быў міністрам культуры. І вось часу ўжо няма, усіх заводзяць у залу, дзе будзе праходзіць афіцыйная частка. Павел Паўлавіч ужо амаль зайшоў, спыніўся ў дзвярах і цярпліва чакае. Я падбягаю, прашу: мне патрэбна два «сінхроны» па 15 секундаў пра сённяшнюю падзею. І ён дае каментарый роўна на столькі, каб мне хапіла для двух сюжэтаў. Вось гэта вялікі прафесіянал! Так што сакрэт - у прафесіяналізме. Насамрэч мне пашанцавала ў маёй дзейнасці. За 20 гадоў на тэлебачанні мне трапілася вялікая колькасць выдатных суразмоўнікаў, як і людзей, з якімі давялося працаваць.
Алена КРАВЕЦ





