Гісторыі вядомых сямейных пар, якія склаліся дзякуючы тэлебачанню
Новости

Гісторыі вядомых сямейных пар, якія склаліся дзякуючы тэлебачанню

17.02.2017

"Звязда"

Тэлераман - гэта, наогул, фармат тэлевізійных шматсерыйных фільмаў родам з французскай Канады, аналаг лацінаамерыканскіх "мыльных опер". Аднак, пакуль яшчэ канчаткова не развеяўся ў шэрых буднях рамантычны флёр Дня ўсіх закаханых, успомнім пра іншыя тэлевізійныя раманы са шчаслівым фіналам.

"Звязда"

Тэлераман - гэта, наогул, фармат тэлевізійных шматсерыйных фільмаў родам з французскай Канады, аналаг лацінаамерыканскіх "мыльных опер". Аднак, пакуль яшчэ канчаткова не развеяўся ў шэрых буднях рамантычны флёр Дня ўсіх закаханых, успомнім пра іншыя тэлевізійныя раманы са шчаслівым фіналам - гісторыі вядомых сямейных пар, якія склаліся ўнутры або дзякуючы тэлебачанню.

Смех, сяброўства, рок-н-рол

Ён - тэлерэжысёр, кліпмейкер і меламан са стажам, яна - журналістка і вядучая музычных тэлепраграм, а ў тандэме яны не толькі бацькі дзвюх дачок, але і стваральнікі шэрагу папулярных праектаў і "хросныя феі" мноства беларускіх артыстаў і калектываў. Яны разам - можна па-добраму пазайздросціць - 26 гадоў! "Плюс яшчэ год "у граху", - іранічна ўдакладняе Аксана Вечар. Прычым "разам" - увесь гэты час літаральна 24 гадзіны ў суткі, і на працы, і дома. Зразумела, многім з нас таксама хацелася б валодаць сакрэтам трывалай сям'і: як за такі працяглы час не стаміцца адно ад аднаго?

- А тут расказваць няма чаго, - сцвярджае Аксана Вечар. - За ўсе мінулыя гады мы кожны год, уявіце, умудраліся забыцца пра дзень уласнага вяселля. Успаміналі праз тыдзень, праз некалькі дзён, у лепшым выпадку назаўтра, а саму дату, як назнарок, прапускалі - хіба што на 15 і 25 гадоў паставілі сабе гэткія памятныя зарубкі на мозг, каб больш ці менш урачыста адзначыць... Гэта я да чаго вяду: мы не адчуваем, што мінула "столькі часу", мы яго наогул не заўважаем. Напэўна, уважліва сочыш за часам і вядзеш яго ўлік, калі цябе нешта стамляе - а ў нашым выпадку ўсё адбываецца неяк само сабой... Але, безумоўна, гэткае маё трансцэндэнтальнае тлумачэнне не адмяняе простых, прыземленых рэчаў. Напрыклад, таго, што ў сям'і патрэбна бязмежнае цярпенне - вядома, мы не такая ідэальная пара, што без адзінага папроку вытрымае 24 гадзіны твар да твару, проста мноства нашых спрэчак застаецца "за кадрам". І ўсё ж чым растлумачыць, што за больш як чвэрць веку мы не стаміліся быць побач? Ведаеце, ёсць такі цудоўны фільм "Хто падставіў труса Роджэра", і калі ў мульцяшнай прыгажуні Джэсікі Рэбіт пытаюцца, што яна знайшла ў трусіку, тая адказвае: "Вы не разумееце - з ім весела!" Гэта фармулёўка насамрэч многае тлумачыць, у прыватнасці, у маім выпадку. Бо каханне - такая рэч, якая з часам трансфармуецца ў нешта іншае, але гэта разумееш толькі з узростам. Нядаўна Толя мне сказаў: "Аксанка, ты такі класны сябар!" І гэта, між іншым, таксама дарагога каштуе, бо іншае сяброўства лепшае за падлеткавыя мілаванні...

- Мабыць, за столькі гадоў у вашай сям'і склаліся агульныя звычкі, традыцыі?

- Мы ў гэтым сэнсе зусім няўдзячная пара: ніякіх там абавязковых нядзельных абедаў з дзецьмі або вячэрніх пасядзелак пры свечках з келіхам віна - усе гэтыя рамантычныя кіношныя штампы прайшлі міма нас, - смяюцца Вечары.

А песні - даволі адной

Спявак і аранжыроўшчык, тэлевядучы і прадстаўнік Беларусі на "Еўрабачанні" Тэа (Юрый Вашчук) і спявачка, тэлевядучая, бізнес-лэдзі Вольга Рыжыкава насамрэч знаёмыя ўжо больш як 10 гадоў - з таго часу, як учарашняя школьніца Вольга пад сцэнічным псеўданімам DANA толькі-толькі выйшла на беларускую музычную сцэну. Але тады далей за ўзаемную сімпатыю справа не зайшла. Блізкія стасункі завязаліся толькі ў 2014 годзе, а агульны сямейны стаж у пары пакуль што сціплы - усяго 1,5 года.

Напэўна, толькі лянівы не чуў забаўную гісторыю пра тое, як Юрый Вашчук падбіраў для будучай жонкі заручальны пярсцёнак, каб прапанова рукі і сэрца стала для яе сюрпрызам: "Я схітрыў - пакуль рабіў Вользе масаж рук, незаўважна зняў патрэбныя меркі і ўжо з імі пабег у ювелірную краму". А саму прапанову спявак і тэлевядучы зрабіў падчас адпачынку ў Егіпце, на беразе мора, пад вельмі прыгожы захад сонца - рамантыка, дый годзе! Натуральна, што Вольга ў адказ не цягнула час з какетлівым "я падумаю", а адразу пагадзілася - і летам 2015-га пара згуляла вяселле.

З леташняй вясны маладыя людзі разам і дома, і на працы - у эфіры праграмы "Добрай раніцы, Беларусь!", - і, мяркуючы па сумеснай рамантычнай кампазіцыі "Нам очень", такое становішча іх больш чым задавальняе.

Сям'я па-за канкурэнцыяй

У цяперашні, ва ўсіх сэнсах бягучы, час службовы раман Юліі Радзьковай і Уладзіміра Пярцова - нібы насуперак модзе на імклівасць, гэткая класічная схема стасункаў. Фундамент для будучай сям'і быў закладзены амаль 10 гадоў таму, калі Юлія вяла навіны на СТБ, а Уладзімір узначальваў дырэкцыю тэлеканала "РТР-Беларусь" - абодва каналы размяшчаліся ў адным будынку, таму іх супрацоўнікі сустракаліся часта. Зрэшты, яшчэ некалькі гадоў маладыя людзі прыглядаліся адно да аднаго, хадзілі на спатканні - і толькі пераканаўшыся ў сіле і трываласці пачуццяў, накіраваліся ў ЗАГС. Цяпер Юлія вядзе інфармацыйныя выпускі на "Беларусь 1", Уладзімір жа кіруе нацыянальным прадстаўніцтвам Міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі "МІР".

- Вы ўсю дарогу - калегі, але не саслужыўцы. Гэта так супала або працаваць у розных структурах для вас прынцыпова?

- Так, гэта прынцыповая пазіцыя, - пагаджаецца Юлія Пярцова, - бо ўсё ж хочацца размежаваць сям'ю і працу. Безумоўна, здорава, што ў нас адна прафесія, - бо наконт асвятлення адной і той жа падзеі ў нас можа быць сваё меркаванне, і цікава ім падзяліцца, у нечым паспрачацца, а ў нечым спытаць парады. Я лічу мужа прафесіяналам сваёй справы і давяраю яго чуццю і ацэнкам. З іншага боку, часам не ўдаецца абстрагавацца ад працы, мы як тэлевізійнікі, бывае, яшчэ нейкі час не "пераключаемся" з асабліва важнай тэмы і нясём гэта ў сям'ю. Але стараемся часцей усё ж адпачываць і займацца ўласнымі справамі - напрыклад, налета наша дачка пойдзе ў школу, так што бацькоўскага клопату хапае.

Нават калі іхнія каналы выступаюць прамымі сапернікамі - скажам, у час прафесійнага конкурсу "Тэлевяршыня" - Пярцовы заўжды горача падтрымліваюць адно аднаго. "Калі я перамагаю, муж радуецца за мяне, і наадварот. Так што хваравітай канкурэнцыі ў нас няма, толькі здаровая", - смяецца Юлія.

А яшчэ сям'я стараецца, нягледзячы на працоўную загрузку, больш часу бавіць разам. У Пярцовых ёсць улюбёная традыцыя - падарожнічаць усім утраіх на аўто. "Калі гаворка пра выхадныя дні, то гэта паездкі па Беларусі - часта ездзім у Віцебск, які вельмі любім; калі ж наперадзе ўвесь водпуск, то збіраемся ў Італію, дзе нам заўжды ўтульна і камфортна, і там ужо шмат сяброў. Ездзім туды штогод, але кожны раз пракладваем новы маршрут, каб паглядзець розныя гарады і бліжэй пазнаёміцца з рознымі культурнымі традыцыямі".

Спатканне праз сацсеткі

Кіраўнік папулярнай праграмы "Добрай раніцы, Беларусь!" Алена Дзяшкевіч і эканамічны аглядальнік АТН, вядучы праграм "Сфера інтарэсаў", "Навіны эканомікі", "Эканоміка дня" Сяргей Воляк у сценах Белтэлерадыёкампаніі амаль не перасякаліся, хоць Сяргей якраз у ранішнім "тэлебудзільніку" вёў эканамічную рубрыку. "Візуальна я, вядома, ведала, што ёсць такі вядучы, але думала чамусьці, што яго імя Павел, - відаць, па аналогіі з гумарыстам Пашам Волям, - прызнаецца Алена. - А наогул мы пазнаёміліся ў сацыяльных сетках. Спачатку "перасякаліся" ў нейкіх запісах, каментарыях, потым дадалі адно аднаго ў сябры, а далей ужо бліжэй пазнаёміліся ў жыцці - і ўсё..."

Насамрэч гэта "ўсё" ўключае не толькі гармонію і разуменне паміж Аленай і Сяргеем, але і сяброўства іх дзяцей ад мінулых шлюбаў. Цяпер іх пяцёра і яны адна сям'я, у якой няма ўстаноўкі "не вяртацца дома да тэмы працы".

- Безумоўна, людзям цікавей, дый прасцей быць разам, калі твая другая палавінка не проста выслухае твае рабочыя навіны, а зразумее і адчуе гэтыя рэчы на больш глыбокім, тонкім узроўні. Для нас гэта важна - абменьвацца меркаваннямі, калі мы глядзім перадачы беларускіх або замежных каналаў. Напэўна, у гэтым і ёсць адзін з сакрэтаў трывалай, паспяховай сям'і - нам заўжды цікава размаўляць адно з адным, дзяліцца прафесійнымі назіраннямі, у тым ліку пры дзецях і разам з дзецьмі, якія растуць у гэткай тэлевізійнай атмасферы і прызвычайваюцца выказваць і адстойваць свае думкі.

На працы Алене і Сяргею няма калі не тое што абмеркаваць бягучыя навіны, але і проста сустрэцца. "Добра, калі раз на месяц убачымся ў ліфце або ў калідоры", - жартуе тэлевізійная пара. Але калі выпадае перадышка, яны стараюцца належаць толькі сям'і і дзецям. Напрыклад, у Волякаў ёсць звычка падарожнічаць разам - а перад чарговай паездкай ладзіцца гульня, дзе кожны па чарзе прыгадвае факты і ўражанні ад мінулага падарожжа, і хто ўспомніць больш за ўсіх, той і выйграў. "Мы шмат смяёмся, згадваючы некаторыя моманты, і гэта гульня дазваляе не толькі ў думках наноў перажыць мінулыя вандроўкі, але і нам стаць бліжэй адно да аднаго", - з цеплынёй расказвае Алена Воляк.

А хто яшчэ?

· Расійскі радыё- і тэлевядучы Ілья Коласаў, які ўжо больш як 1,5 года вядзе праграму "Контуры" на АНТ, перавёз у Мінск сваю сям'ю. А нядаўна яго жонка Алена Даннікава стала адной з вядучых аператыўнай крымінальнай хронікі "НЗ.by" на канале "НТБ-Беларусь".

· Загадчык аддзела крымінальных навін АТН, вядучая "Зоны Х" Віялета Сакаловіч і палітычны аглядальнік АТН Сяргей Хамянтоўскі разам ужо больш як 12 гадоў.

· Таксама ў Агенцтве тэленавін, якое калегі часам у жарт называюць "сямейнай кузняй", пазнаёміліся рэдактары аддзела крымінальных навін Сяргей Шуманскі і Карына Пашкова, службовы раман якіх лагічна завяршыўся вяселлем.

Насамрэч, вядома, гэта далёка не поўны спіс - на беларускім тэлебачанні ўтварыліся дзясяткі сем'яў. Як, зрэшты, і ў многіх іншых вялікіх кампаніях і арганізацыях, бо службовы раман - з'ява, якая не залежыць ад месца, часу і ўзросту...

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.