По сообщению kimpress.by ("Культура")
Рэпартаж з Макаёнка, 9.
“Пасля знятага плана больш натхняльняга выканання вы ад мяне не даможацеся!” - кажа Уладзімір Арлоў пасля каманды “Стоп!” У атачэнні актрысы Валерыі Арланавай і тэлевядучай Ганны Панцялеевай вядомы беларускі рэжысёр выконвае песню “Время кино”. На фартэпіяна - сам аўтар музыкі - Алег Елісеенкаў. На экране бягуць кадры са славутых фільмаў сусветнага і беларускага кіно. Што ж адбываецца? Ва ўтульнай студыі Белтэлерадыёкампаніі на Макаёнка, 9 ідуць здымкі кліпа фінальнай кампазіцыі да праграмы “Кіно маёй краіны”. Папулярная перадача, прымеркаваная да 95-годдзя айчыннага кінематографа, сёлета завяршае свой цыкл на канале “Беларусь 3”.
Прынамсі, тэкст да песні, што прагучыць у будучыай праграме, напісаў яе кіраўнік Сяргей Кацьер.
- Ідэя стварэння кампазіцыі была мне кінутая мімаходзь, - Алег Елісеенкаў, што прыйшоў у студыю першым, ахвотна распавядае гісторыю нараджэння песеннага праекта. - Але мне тая думка неяк запала, я зацікавіўся. “Дасылайце вершы”, - звярнуўся я да Сяргея Кацьера. І ён даслаў. Далей музыка сама напісалася.
Алег Мікалевіч прызнаецца, што напачатку ён меркаваў: песня прагучыць у яго сольным выкананні. Але ўзнікала ідэя аб’яднаць некалькіх артыстаў.
- Вядома, прыйшлося трошкі перанастроіцца, - кажа папулярны кампазітар, вядомы досведам працы і ў тэатры, і ў кіно. - Але калі мы разам пачалі працаваць над запісам, мне новы варыянт спадабаўся. “Время кино” — такая акцёрская песня, — дадае музыкант. — Мне падаецца, што гэта незаслужана забыты фармат, якога вельмі не хапае гледачу.
Выконваюць разам з Алегам Елісеенкавым запамінальную мелодыю Аляксандр Яфрэмаў, Валерыя Арланава, Уладзімір Карачэўскі, Ганна Панцялеева і вядучы праграмы “Кіно маёй краіны” Уладзімір Арлоў. Асобы ў беларускім кіно небезвядомыя, бадай, што толькі Ганна Панцялеева слынная больш не акцёрскімі ролямі, а працай у праграме “Калейдаскоп” на канале “Беларусь 3”.
Гледзячы на тое, як спачатку ўдзельнікі праекта прызвычайваюцца да абстаноўкі, а потым уваходзяць у ролю, можна, сапраўды, пагадзіцца з Алегам Мікалаевічам, што акцёрская песня - перспектыўны фармат, дарэчны ў рознага кшталту праектах.
- Уладзімір Саныч, вы вельмі добра рэагуеце на Валерыю, - хваліць Уладзіміра Арлова Сяргей Кацьер, што кіруе працэсам за пультам.
- Я не магу на яе не рэагаваць! - жартуе ў адказ вядучы праграмы.
Тое, што атмасфера на здымках панавала нязмушаная - анічога не сказаць, адзінае толькі, з-за занятасці ўдзельнікаў кліп даводзілася запісваць па частках. Хтосьці з артыстаў прыходзіў, хтосьці - сыходзіў. Можна сказаць, што толькі на экране кампанія сабралася ў поўным складзе.
Паміж перапынкамі ў здымках спрабую распытаць кінематаграфістаў наконт бягучых спраў і планаў.
- На жаль, апошнім часам у кіно не здымаюся, - прызнаецца мне адна з самых элегантных актрыс беларускага кіно Валерыя Арланава. - Але шчыльна занятая ў тэатры. Па-шчырасці, калі ўжо ўключацца ў новы праект, дык хочацца паспрабаваць сябе ў цалкам новай акцёрскай іпастасі. Такіх варыянтаў пакуль не бачу. Аднак чакаю.
- “Стужкі “Павадыр”, “Дунечка” Аляксандра Яфрэмава з вашым удзелам, якія былі зробленыя ў 2000-я, пачыналі лінію меладраматычнага (у станоўчым сэнсе), чалавечнага кіно ў айчынным кінематографе незалежнай краіны. Ці падаецца вам, што гэтая лінія перарвалася? - працягваю я размову.
- Мне падаецца, што такога кіно зараз не хапае, вы маеце рацыю, - задумваецца Валерыя. - Але, можа быць, яно вернецца?
Кінанавіны ад Аляксандра Васільевіча Яфрэмава былі, так бы мовіць, у “напружаным” ключы. Апошні ягоны кінапраект “завіс” на стадыі прасоўвання.
- “Першы” канал гатовы яго купіць, але ўсё цягнецца ўжо два гады. Ды гэта справа прадзюсараў, іх узаемастасункі з кампаніяй, - падзяліўся народны артыст Беларусі.
Тым часам рэжысёр актыўна ставіць у тэатры і за апошнія месяцы зрабіў тры спектаклі на сцэне Тэатра-студыі кінаакцёра: “У пошуках сапраўднага “я”, “Фальшывая нота”, “Жанчыны без межаў”.
- Вось гэта праца мяне радуе, - канстатуе ён жа, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. - Наконт кіно магу дадаць, што новы матэрыял ужо ў распрацоўцы.
У студыі з’яўляецца генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”. Уладзімір Міхайлавіч Карачэўскі, вядомы сваімі вакальнымі дадзенымі і артыстычнымі здольнасцямі, выконвае асноўную праграму, а “бонусам”, у перапынку паміж дублямі, для ўсіх прысутных спявае хіт усіх часоў і народаў “Очарована, околдована”.
- Што менавіта зараз у прыярытэтных планах? - рэагуе генеральны дырэктар кінастудыі на маё пытанне. - Прасоўванне нашага кіно за мяжу. Зараз адпраўляем на Канскі кінафестываль наш нацыянальны кінапраект “Купала” Уладзіміра Янкоўскага. Таксама, вы, напэўна, ужо чулі навіны пра “Урокі персідскай” Вадзіма Перэльмана, кінастужку, у якой прымала ўдзел і наша кінастудыя. Карціна ў лютым будзе прэзентавана на Берлінскім кінафестывалі - дата прэм’еры ўжо вядомая - гэта 22 лютага. Што яшчэ? У бліжэйшых стратэгічных задачах - і супрацоўніцтва з маладымі рэжысёрамі. Хачу рызыкнуць і запусціць з праектам маладога кінематаграфіста. Пакуль вагаюся наконт кандыдатуры. Таксама нядаўна адбылася сустрэча з кінематаграфістамі сярэдняга пакалення, якія даўно не здымалі - Андрэем Кудзіненка, Андрэем Голубевым, Аляксандрам Канановічам… Хацелася б таксама з імі пасупрацоўнічаць.
Тым часам у які ўжо раз Уладзімір Арлоў прамаўляе гучным басам фінальную фразу музычнай кампазіцыі - “Время кино”.
Уладзімір Аляксандравіч, у якога было самае дынамічнае амплуа на сцэне, з радасцю адгукаецца на прапанову пяціхвіліннай размовы.
- Чакайце ад мяне новай серыі пра жывую гісторыю нашага кінематографа, - перадае ён прывітанне газеце “Культура”. І ўжо без жартаў распавядае пра тое, што ў бліжэйшым квартале на “Беларусь 3” запаланаваны выхад чатырох перадач яго аўтарскага цыкла “Люблю і памятаю”.
- Я распавяду пра заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Генадзя Шкуратава, які здымаўся ў мяне ў фільме “Хэппі-энд” і гістарычным серыяле “Пракляты ўтульны дом”, пра кампазітара, народнага артыста БССР Генрыха Матусавіча Вагнера, пра Уладзіміра Яўгенавіча Солтана, і таленавітага піяніста, які сышоў ад нас год таму, Юрыя Блінова, - “раскрыў карты” рэжысёр. - Па шчырасці, ёсць матэрыял на трыццаць - сорак перадач, і, на жаль, кожны год прыносіць нам новыя кандыдатуры для майго праекта - толькі нядаўна ад нас сышлі Генадзь Гарбук, Мікалай Кірічэнка, Ігар Лучанок…
Таксама рэжысёр абмовіўся пра запуск свойго кінапраекта на кінастудыі Уладзіміра Бокуна .
- “Новая стужка будзе прысвечана падарожніку Фёдару Конюхаву”, - зазначыў кінадзеяч.
Між тым, Сяргей Галіевіч Кацьер, які з’яўляецца прадзюсарам і рэжысёрам праекта “Кіно маёй краіны”, прамовіў на пляцоўцы запаветнае “Знята!” Здымкі кліпа скончыліся, - тры гадзіны праляцелі зусім назаўважна.
- Сяргей Галіевіч, ці можна лічыць канал “Беларусь 3” паслом беларускага кіно? Ці атрымоўваеце вы аддачу ад вашай працы? - імкнуся “ўрваць” слоўца ў тэлерэжысёра.
- Калі казаць пра аўдыторыю “Кіно маёй краіны”, увогуле аўдыторыю “Беларусь 3”, у параўнанні з іншымі тэлеканаламі, яна невялікая, - адказвае ўладальнік прэміі “Тэлевяршыня”. - Але яна ёсць і паволі расце. Можа быць, гэта звязана з тым, што мы паказваем добрае кіно - і беларускае, і сусветнае? Не ведаю. Але я атрымліваю словы падзякі ад людзей - і гэта мяне цешыць.
Наступны выпуск праекта “Кіно маёй краіны” можна ўбачыць ў бліжэйшы панядзелак. Кліп на песню “Время кино” будзе прэзентаваны ў праграме ўжо 10 лютага.
“Гэта было нядаўна, гэта было даўно…”
“Гэта было нядаўна, гэта было даўно…”
Читайте также
16.11.2023 18:28





