Фінішаваў конкурс эсэ, прысвечаных супрацоўніцтву Беларусі і Кітая

23.03.2017

По сообщению zviazda.by

Узнагароджаны пераможцы конкурсу эсэ, прысвечаных беларуска-кітайскаму супрацоўніцтву.

По сообщению zviazda.by

Узнагароджаны пераможцы конкурсу эсэ, прысвечаных беларуска-кітайскаму супрацоўніцтву.

У красавіку мінулага года Міжнароднае радыё "Беларусь" сумесна з пасольствам Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Беларусі, Беларускім таварыствам дружбы і культурных сувязяў з замежнымі краінамі і Рэспубліканскім інстытутам кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ абвясцілі конкурс творчых работ (эсэ) на тэму "Беларуска-кітайскае супрацоўніцтва. Шаўковы шлях і Індустрыяльны парк "Вялікі камень" маімі вачыма". Прыём работ завяршыўся 1 лютага, урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў днямі прайшла ў гатэлі "Пекін".

Так, журы разгледзела творчыя работы ўдзельнікаў ва ўзросце ад 9 да 66 гадоў, якія жывуць у Беларусі, Кітаі, Украіне, Польшчы. Яны даслалі эсэ, фотаэсэ, вершы, казкі і нават цэлыя кнігі, якія на рускай, беларускай, кітайскай мовах распавядаюць пра беларуска-кітайскія стасункі.

- Сімвалічна, што конкурс мы зладзілі разам у год 25-й гадавіны ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Кітаем і Беларуссю, - падкрэсліў падчас цырымоніі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітая ў Беларусі Цуй ЦЫМІН. - Таксама яго мэтай стала прыцягненне ўвагі грамадскасці да развіцця кітайска-беларускага партнёрства, а таксама перспектыў нашых адносін.

- Нашы краіны маюць велізарны патэнцыял для развіцця супрацоўніцтва. Вельмі важна для яго рэалізацыі, каб мы ведалі пра сваіх сяброў, больш даведваліся пра іх. Менавіта гэтай мэце і служыць наш конкурс, - зазначыў дырэктар Інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ Анатоль ТОЗІК.

Цырымонія падвядзення вынікаў сталася сапраўдным святам для ўдзельнікаў творчага спаборніцтва і гасцей імпрэзы. Так, гучалі песні на беларускай і кітайскай мовах, школьнікі чыталі вершы па-кітайску, магістранты ўніверсітэта фізкультуры дэманстравалі прыёмы ўсходніх адзінаборстваў.

- Калі мы толькі распачыналі конкурс, то вельмі хваляваліся. Хто будзе пісаць эсэ і дасылаць нам? Як адгукнуцца слухачы з Кітая? - разважае галоўны дырэктар галоўнай дырэкцыі міжнароднага вяшчання Беларускага радыё Навум ГАЛЬПЯРОВІЧ. - Але тыя 60 работ, якія мы атрымалі для ўдзелу ў конкурсе, даказваюць, што ён адбыўся досыць паспяхова. Гэта першая ластаўка, першая магчымасць выказацца пра наша сяброўства для простых жыхароў Беларусі і Кітая. Спадзяюся, у будучыні мы зладзім падобныя сумесныя праекты.

Так, пераможцамі конкурсу сталі больш як дзясятак удзельнікаў з розных гарадоў Беларусі, Украіны. Яго актыўнымі ўдзельнікамі былі студэнты і магістранты з Кітая, якія вучацца ў нашай краіне, а таксама супрацоўнікі кампаніі ZTE - партнёра конкурсу. Дыпломы пераможцаў атрымалі аспірант з Кітая Ван Шывэй і выкладчыца з Мінска Святлана Кабачэўская. Менавіта іх работы журы конкурсу назвала самымі грунтоўнымі.

- Работы, дасланыя на конкурс, былі вельмі цікавыя, аналітычныя і эмацыянальныя адначасова, - кажа член журы, дэкан факультэта міжнародных адносін БДУ Віктар ШАДУРСКІ. - Кожны ўдзельнік унёс свой маленькі каменьчык у наш "Вялікі камень" - дружбу Беларусі і Кітая.

Марына ВЕСЯЛУХА.

Документация