Фінальнае шоу дзіцячага "Еўрабачання-2018" будзе доўжыцца 2,5 гадзіны

23.11.2018

"Звязда"

У гэтыя выхадныя зоркі будуць ззяць асабліва ярка і не толькі на небе, у адпаведнасці з дэвізам дзіцячага "Еўрабачання-2018" - Lіght Up! Запальвай! У рэкордным спісе ўдзельнікаў з 20 краін - 2 дэбютанты, Казахстан і Уэльс, і некалькі вяртанняў: Францыя, якая не ўдзельнічала ў шоу з 2005 года, Азербайджан (прапускаў тры гады) і Ізраіль (прапускаў 2013-2015 і 2017 гады).

Юныя артысты ўжо правялі індывідуальныя рэпетыцыі, запісалі агульную песню - афіцыйны гімн конкурсу, наведалі знакавыя мясціны беларускай сталіцы і, канешне, пазнаёміліся і пасябравалі ў "Еўрадоме". Цяпер справа за малым: на генеральным прагоне і фінальным канцэрце 24 і 25 лістапада выйсці і паказаць сябе з найлепшага боку.

Звярніце ўвагу: у адрозненне ад дарослага шоу, дзіцячае пачынаецца ў "дзіцячы" час, а 18-й гадзіне, і будзе доўжыцца ўсяго 2,5 гадзіны. Каментаваць фінальны канцэрт на "Мінск-Арэне" ў прамым эфіры будуць тэлевядучыя Георгій Калдун і Андрэй Макаёнак. Радыётрансляцыю цырымоніі з каментарыямі Вікторыі Урбановіч і Паўла Лазовіка правядзе Першы канал Беларускага радыё, анлайн трансляцыя - на сайце Белтэлерадыёкампаніі www.tvr.by ці на афіцыйным сайце конкурсу junіoreurovіsіon.tv.

Акрамя таго, з сённяшняга дня можна прымаць удзел у глядацкім галасаванні на сайце junіoreurovіsіon.tv. Можна выбраць ад трох да пяці ўпадабаных выканаўцаў - прычым гэта можа быць і прадстаўнік Беларусі! Першы этап галасавання закрыецца 25 лістапада перад пачаткам шоу, а стартуе наноў пасля фінальнага канцэрта і толькі на 15 хвілін. Вынікі галасавання гледачоў будуць прыплюсаваныя да балаў нацыянальнага журы кожнай краіны - удзельніцы шоу, і пераможца дзіцячага "Еўрабачання-2018" вызначыцца па суме балаў.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.