Фільм, прысвечаны юбілею з дня нараджэння Якуба Коласа, здымаюць у Белтэлерадыёкампаніі

09.08.2017

По сообщению minsknews.by

Белтэлерадыёкампанія здымае праграму, прысвечаную 135-годдзю са дня нараджэння народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, перадае карэспандэнт агенцтва "Мінск-Навіны".

Раніца. У Белтэлерадыёкампаніі чакаюць гасцей. З хвіліны на хвіліну прыедуць прадстаўнікі знакамітай сям’і: малодшы сын Якуба Коласа Міхась Міцкевіч і ўнучка Марыя Міцкевіч.

Міхась Канстанцінавіч у мінулым годзе адзначыў 90-годдзе, а ў гэтым - юбілей яго бацькі, каторы будуць святкаваць 3 лістапада.

У сувязі з памятнай датай для тэлеканала "Беларусь 3" і ствараюць фільм, прысвечаны жыццю і творчасці паэта. Хранаметраж стужкі - амаль гадзіна.

- Праграма "Майстры і куміры" знаёміць гледачоў з фондамі, якія налічваюць тысячы адзінак тэлевізійнай прадукцыі. Стваральнікі цыклу пакажуць архіўныя запісы, якія шмат год захоўваюцца ў Белтэлерадыёкампаніі. Гэта рэдкія, унікальныя кадры з удзелам знакамітых беларускіх дзеячоў. Вядучая Марына Драгіна, - растлумачылі ў прэс-службе медыяхолдынгу.

І пакуль у студыі рыхтуюцца да запісу, а з героямі працуюць грымёры, ёсць колькі часу паразмаўляць з нашчадкамі Песняра.

Міхась Канстанцінавіч адразу папярэджвае: яго ўспамінаў хопіць на некалькі гадзін размовы. Наўрад ці ўсе яны змесцяцца ў які-небудзь артыкул.

Аповяд пачынае не з прафесійных заслуг бацькі, а з яго асабістых якасцяў.

- Колас быў ціхім, спакойным, добрым, чуллівым і клапатлівым. Я памятую яго мяккім і маўклівым чалавекам, - гаворыць Міхась Міцкевіч.

Нягледзячы на тое, што Якуб Колас шмат працаваў, ён заўседы знаходзіў час для сям’і. Асабліва любіў бываць за горадам, на прыродзе. Хадзіў з дзецьмі ў грыбы і на рыбалку.

- Гэта ў яго атрымлівалася па-майстэрску. Бывала, што збіралі па некалькі сотняў грыбоў. Потым сушылі іх і дарылі гасцям - лічылася добрым прэзентам, - працягвае суразмоўца.

Таксама Міхась Міцкевіч успамінае, што бацька прывозіў шмат рознай літаратуры, у тым ліку замежных аўтараў. Дома была хай і невялікая, але свая бібліятэка. Будучы яшчэ маленькім хлопчыкам, Міхась стаў чытаць сур’ёзныя творы, якія не кожны дарослы здольны зразумець.

- У дзяцінстве мне здавалася, што тата наогул нічога не чытае. Ніколі не бачыў яго з кнігай. Ужо потым я стаў заўважаць, што ён, калі знаёміўся з якім-небудзь творам, проста яго прагортваў. А потым вельмі хутка рабіў аб ім выснову - добры ці не, даваў поўную характарыстыку. Мяне гэта заўжды здзіўляла і ўражвала. Памятаю, я прачытаў нейкі твор Аляксандра Дзюма, ужо не скажу, менавіта які, і вырашыў пахваліцца перад бацькам. Колас толькі і адказаў, што гэта пустая літаратура, бо, на яго погляд, у ёй няма душы, - працягвае Міхась Міцкевіч.

Падчас гутаркі доўгажыхар таксама распавядае пра Мінск. У гады яго дзяцінства горад быў зусім іншым - маленькім, правінцыйным, тут усе адзін аднаго ведалі. У цэнтры можна было пабачыць звычайныя вясковыя хаты, агароды, тратуар з дошак. Але той Мінск не захаваўся - згарэў і быў зруйнаваны ў гады вайны.

- Не захавалася і шмат чаго з напісанага бацькам - таксама згарэла. Напрыклад, верш "Сон ці я". У канцы 1920-х - пачатку 1930-х у Саюзе пісьменнікаў ладзілі так званыя капуснікі. На гэтых мерапрыемствах танчылі, спявалі, чыталі вершы. І аднойчы бацька дазнаўся аб тым, што Андрэй Александровіч рыхтуе твор пра старую гвардыю пісьменнікаў. Здаецца, называўся ён "Плямы на сонцы". Тады Колас напісаў свой верш. Ён не захаваўся - у памяці засталіся толькі абрыўкі. Сэнс верша такі: на Парнас ідуць паэты Гук і Водгук, і адзін з другім не пагаджаецца, хоць яны і аднолькавыя… Памятаю такія радочкі: "Ад Якуба дзьдзькі Коласа не пакінем нават воласа, а з Бядуляю - тым крывуляю - мы пакончам адной дуляю". Пасля гэтага Александровіч не стаў чытаць свае вершы.

Міхась Міцкевіч працягвае распавядаць. Але трэба ўжо спяшацца на запіс. На жаль, не ўдаецца даслухаць гісторыю пра тое, як Колас напісаў жартоўную эпіграму на свайго таварыша Янку Купалу. Магчыма, гледачам "Беларусь 3" пасля завяршэння працы над праграмай пашчасціць пачуць яе цалкам.

Дарья ОРЕЛ.