11.05.2018

"Звязда"

Рэгіянальныя кастынгі на дзіцячае "Еўрабачанне" пакуль не аб'яўлялі


Апошнім часам у сацыяльных сетках, на некаторых сайтах і афішах сустракаюцца абвесткі аб пачатку рэгіянальных кастынгаў ды адбораў на міжнародны дзіцячы конкурс песні "Еўрабачанне".

Бацькі і педагогі, больш-менш знаёмыя з "кухняй" творчага форуму, у гэтым сумняваюцца. І, як высветлілася, правільна робяць! У Белтэлерадыёкампаніі, якая з'яўляецца адзіным арганізатарам усіх мерапрыемстваў дзіцячага і дарослага конкурсаў у нашай краіне, "Звяздзе" пацвердзілі, што старт адбору яшчэ не дадзены.

У медыяхолдынгу адзначаюць, што ў курсе гэтай сітуацыі, і падкрэсліваюць: любая інфармацыя пра папярэднія кастынгі і праслухоўванні, паводле якіх як быццам будзе выбраны прадстаўнік Беларусі на дзіцячым "Еўрабачанні", не адпавядае рэчаіснасці. "Лічым, што такія публікацыі для прыцягнення ўвагі да дзейнасці асобных прадзюсарскіх цэнтраў недапушчальныя, і папярэджваем, што за распаўсюджванне несапраўднай інфармацыі Белтэлерадыёкампанія пакідае за сабой права звярнуцца ў суд", - гаворыцца ў афіцыйным паведамленні.

Сапраўдны ж рэспубліканскі адбор пачнецца неўзабаве - і аб пачатку прыёму заявак будзе абвешчана максімальна шырока, у тым ліку ў тэлеэфіры і на сайце холдынга. Пераможца нацыянальнага адбору традыцыйна будзе абраны па выніках галасавання гледачоў і прафесійнага журы. А сам міжнародны песенны дзіцячы конкурс, нагадаем, пройдзе ў Мінску 25 лістапада пад дэвізам "Lіght up!" - "Запальвай!".

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.