Экстрэмальныя канікулы для добраахвотнікаў зладзіў "Беларусь 2"

Экстрэмальныя канікулы для добраахвотнікаў зладзіў "Беларусь 2"

08.09.2017

"Звязда"

У канцы 2015 года, калі фінішавала папулярнае беларускае рэаліці-шоу "Панаехалі" - першы праект, у якім вёска і горад на 100 працэнтаў злучыліся, каб даць сучасным маладым людзям экспрэс-урокі школы жыцця, гледачы захапляліся сілай духу гарадскіх "мажораў", якія пераадолелі сябе і навучыліся прыкладваць рукі да справы.

"Звязда"

У канцы 2015 года, калі фінішавала папулярнае беларускае рэаліці-шоу "Панаехалі" - першы праект, у якім вёска і горад на 100 працэнтаў злучыліся, каб даць сучасным маладым людзям экспрэс-урокі школы жыцця, гледачы захапляліся сілай духу гарадскіх "мажораў", якія пераадолелі сябе і навучыліся прыкладваць рукі да справы.

І, вядома, абсалютная большасць была ўпэўнена, што другі раз падобны нумар не пройдзе і нават самыя наіўныя "дзеці асфальту" больш не клюнуць на вудачку тэлевізійнікаў. Але ўсё аказалася зусім не так, што і пацвердзіла гучная прэм'ера сезона - захапляльнае тэлешоу "Панаехалі-2. Канікулы ўсляпую", якое стартавала 5 верасня на тэлеканале "Беларусь 2".

Нагадаем, два гады таму арганізатары шукалі маладых людзей ва ўзросце ад 18 да 27 гадоў - хлопцаў і дзяўчат, - якія прывыклі да гарадскога камфорту і не ўяўлялі свайго жыцця без пасядзелак з сябрамі ў кавярнях, тусовак у клубах, модных гаджэтаў, ды што там - без электрычнасці, цёплай прыбіральні і водаправода. Свае заяўкі на кастынг даслалі тысячы кандыдатаў, перакананыя, што гаворка ідзе пра прыгоды ў экзатычнай краіне. А ў выніку дзесяць удзельнікаў апынуліся... у вёсцы пад Валожынам, дзе вучыліся самым простым, зямным рэчам: сячы дровы, палоць грады, касіць траву, даіць кароў, даглядаць пчол, стрыгчы авечак, збіраць ураджай і г. д. Пераможцай праекта, абышоўшы дужы пол, стала дзяўчына - мінчанка Алена Кірынюк, якая паспяхова пераадолела ўсе выпрабаванні і складанасці вясковага жыцця і выйграла пуцёўку на дваіх на Канарскія астравы.

І вось у гэтым годзе вясной і летам Белтэлерадыёкампанія абвясціла кастынг удзельнікаў для новага тэлепраекта. Самыя пільныя, магчыма, западозрылі, што на ўвазе маецца працяг рэаліці-шоу "Панаехалі!", аднак усе падрабязнасці арганізатары трымалі ў сакрэце, таму, напэўна, ніхто нічога не ведаў.

Падчас адбору, які, дарэчы, праходзіў па скайпе, 13 найбольш яркіх, амбіцыйных і энергічных маладых людзей з розных куткоў Беларусі пачулі "так". Далей блогеры, студэнты, маркетолагі, фатограф, мадэль, офісныя работнікі і фрылансеры мусілі выйсці з сеціва і выканаць шэраг заданняў пад кіраўніцтвам вядучага, аднаго з фіналістаў праекта "Панаехалі" Дзмітрыя Савіна: абудзіць у сабе пачуццё прыгожага - у майстэрні скульптара, фантазію і крэатыў - у фотамайстэрні і басейне, уменне трымацца перад камерай - у тэлевізійнай студыі (фінальны этап кастынгу якраз быў паказаны ў першым выпуску шоу 5 верасня, таксама яго можна знайсці на афіцыйных старонках праекта ў інтэрнэце).

"Падрыхтавацца да выпрабаванняў, якія мы прапануем, загадзя немагчыма", - паабяцалі арганізатары рэаліці-шоу і даставілі дзясятку адабраных удзельнікаў на... базу МНС, дзе праходзяць трэніроўкі ратавальнікаў. Працяг канікулаў усляпую інтэрнэт-персанажаў у рэальным свеце гледачы ўбачаць ужо 12 верасня - і далей кожны аўторак удзень ці ўвечары.

Вікторыя ЗАХАРАВА.