"Еўрабачанне-2017": Расія пад пытаннем, а букмекеры ставяць на Італію

08.04.2017
"Звязда"

Гурт Navіband завяршыў здымкі часткі відэавізітоўкі, якая прадставіць сёлета нашу краіну на конкурсе ў Кіеве. Галоўнай тэмай роліка сталі шчырыя эмоцыі і пачуцці артыстаў.

"Звязда"

Гурт Navіband завяршыў здымкі часткі відэавізітоўкі, якая прадставіць сёлета нашу краіну на конкурсе ў Кіеве. Галоўнай тэмай роліка сталі шчырыя эмоцыі і пачуцці артыстаў. Каб паказаць іх як мага паўней, здымачная група зазірнула ў Пакой ілюзій у сталічным Музеі папулярнай навукі, а таксама ў адну з гісторыка-культурных славутасцяў Беларусі - музейна-палацавы комплекс "Мір", зладзіла пікнік на прыродзе і праехалася разам з выканаўцамі па мінскіх вуліцах на... скейтах.

"Канчатковы варыянт візітоўкі падрыхтуюць кіеўскія рэжысёры, калі ўсе дэлегацыі прыбудуць ва Украіну і будзе знята другая частка відэа. Мы ж выканалі ўсе пажаданні арганізатараў і па тэматыцы, і па якасці здымак", - адзначыў каментатар "Еўрабачання", журналіст Агенцтва тэленавін Яўген Перлін.

Днямі таксама стала вядома пад якім нумарам беларускія музыкі выйдуць на сцэну "Еўрабачання-2017". У другім паўфінале, які адбудзецца 11 мая, Арцём Лук'яненка і Ксенія Жук з песняй "Гісторыя майго жыцця" выступяць 15-мі з 19 удзельнікаў.

Адкрые другі паўфінал Сербія, а апошнія акорды ў ім возьме Ізраіль. У першым паўфінальным канцэрце, які пройдзе 9 мая, выступіць 18 краін, першай з якіх стане Швецыя, а апошняй - Латвія.

Заўважым, што арганізатары шоу - а менавіта яны апошнія некалькі гадоў вызначаюць парадак конкурсных нумароў, каб выключыць збег падобных кампазіцый і зрабіць тэлеэфір больш цікавым, - улічылі ў размеркаванні і Расію. Паводле рашэння арганізатараў, Юлія Самойлава будзе спяваць у паўфінале разам з беларусамі, 11 мая, пад нумарам 3. Праўда, дагэтуль так і не стала зразумела, якім чынам здзейсніцца гэта выступленне, - Служба бяспекі Украіны на 3 гады забараніла расійскай удзельніцы ўезд на тэрыторыю краіны за парушэнне ўкраінскага заканадаўства (маецца на ўвазе наведванне Крыма некалькі гадоў таму). Расійскія тэлевізійнікі ў адказ заявілі, што абраная спявачка прадставіць краіну ў 2018 годзе, калі не будзе дапушчана да ўдзелу ў конкурсе сёлета. Еўрапейскі вяшчальны саюз, са свайго боку, афіцыйна абвясціў, што імкнецца стварыць для ўсіх удзельнікаў роўныя ўмовы ў адпаведнасці з правіламі конкурсу і стараецца вырашыць сітуацыю такім чынам, які задаволіў бы абодва бакі. Зрэшты, адзін з "нейтральных" варыянтаў - арганізаваць выступленне расійскай спявачкі прамым уключэннем праз спадарожнік - і Расія, і Украіна адхілілі. На дадзены момант кропка ў гэтай справе так і не пастаўлена, але дыялог працягваецца.

Між тым букмекерскія канторы, якія працягваюць прымаць стаўкі на магчымых пераможцаў "Еўрабачання-2017", чарговы раз ператасавалі тройку лідараў.

Паводле найбуйнейшай брытанскай канторы Wіllіam Hіll, найбольшыя шанцы на трыумф захоўваюцца ў "хлопца з малпай" - прадстаўніка Італіі Франчэска Габані, а на другім і трэцім месцах могуць апынуцца яшчэ два салісты - выканаўцы са Швецыі і Балгарыі.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.

Читайте также

Документация