Добры дзень, я ваша нянька

09.12.2016

"Рэспублiка"

Актрыса Вераніка Пляшкевіч гатова здымацца ў кіно бясплатна.

"Рэспублiка"

Актрыса Вераніка Пляшкевіч гатова здымацца ў кіно бясплатна

Тэатр, кіно, тэлебачанне. Менавіта ў такой паслядоўнасці расстаўляе свае прыярытэты актрыса Вераніка Пляшкевіч. Пакуль так, але як будзе далей, нікому не вядома. Яшчэ год-два таму Вераніка расказвала, што не бачыць сябе на тэлебачанні. Але літаральна на днях яна з’явілася ў "Калыханцы" ў ролі нянькі Палінкі. Што б гэта значыла? Гэта было першым пытаннем да актрысы. 

- Калі шчыра, пакуль не адчуваю сябе паўнавартасным членам тэлевізійнай каманды. Мне прапанавалі паспрабавацца, я паўдзельнічала ў кастынгу,  але абсалютна не была ўпэўненая, што зацвердзяць менавіта мяне, чаканне было вельмі доўгім і марудным. Не ведаю, як бу­дзе складвацца далей, але зараз мне гэта вельмі цікава. Перада мною адчыніліся новыя дзверы, і я паспрабавала туды ўвайсці. На тэлебачанні зусім іншая спецыфіка, чым у кіно. І мне цікава сябе спрабаваць, шукаць новыя грані.

- Вельмі дзіўная сітуацыя ў "Калыханцы", палова яе герояў - вашы калегі па  Горкаўскім тэатры. Гэта выпадковасць?

- Я ведаю, што стваральнікі праграмы раіліся з Эміліяй Пранскутэ і Сярожам Жбанковым. Думаю, што яны абапіраліся на меркаванне маіх калег, магчыма, яно і стала вызначальным. У рэшце рэшт, мы шмат гадоў у тэатры поплеч, і нам не патрабуецца прыцірка ў кадры. Сяргей наогул вельмі тонкі і спагадлівы партнёр, мы з ім знаёмыя тысячу гадоў, і здаецца, што разумеем адзін аднаго з паўпогляду. Але дакладныя прычыны, чаму абралі менавіта мяне, я не ведаю.

- За апошнія гады змянілася шмат лялек у праграме. Вы з імі былі дагэтуль знаёмыя?

- У дзяцінстве я, як і ўсе дзеці, штовечар садзілася на канапу і глядзела гэтую перадачу. Не буду ўтойваць, з узростам я перастала гэта рабіць, тым больш, што пакуль у мяне няма дзяцей. Таму бу­дзе несумленна, калі я скажу, што кожны вечар уключаю тэлевізар менавіта ў чаканні гэтай праграмы. Але я вельмі люблю мультфіль­мы. Пры гэтым рэдка гляджу іх у кінатэатрах або інтэрнэце, але заўсёды спыняюся на іх, калі пераключаю каналы тэлевізара. Так я шмат разоў і натыкалася на "Калыханку", таму, у прынцыпе, знаёма з ўсімі яе героямі. Ведаеце, гэта як у дзяцінстве: убачыў мульцік па тэлевізары, паглядзеў дзесяць-пятнаццаць хвілін, і ты такі шчаслівы!

- Ваша Палінка вельмі прыемная дзяўчына, яна імпануе тым, што не саромеецца быць смешнай. А вы якая ў жыцці?

- Я таксама гэтага не саромеюся. Ведаеце, уменне смяяцца над сабой, на мой погляд, гэта хутчэй чалавечая годнасць, чым недахоп. Хаця, безумоўна, акцёр павінен быць нашпігаваны комплексамі. Таму што калі ў яго ўнутры ўсё добра, у гармоніі, то будзе складана "даставаць" адтуль персанажаў, якія ты павінен увасабляць на сцэне. Напрыклад, дзіўных, са зламанай душой, як у Дастаеўскага. Калі на душы шмат чаго, тады ёсць за што чапляцца, тады персанаж атрымаецца сумленным, сапраўдным.

- Адкрыйце сакрэт, як стаць такой запатрабаванай кінаактрысай, як вы?

- Я не ведаю гэтага сакрэту. Проста, як мне здаецца, я трапляю ў ролі, якія мне прапануюць. Напэўна, яшчэ справа ў тыпажы, яго пакуль ніхто ў кіно, як і ў тэатры, не адмяняў. Фактараў можа быць шмат, і, як правіла, тут вельмі мала залежыць ад таленту цi акцёрскіх здольнасцей. Проста камусьці шанцуе больш, камусьці менш.

- Зараз модна спрачацца наконт якасці фільмаў, серыялаў. Як часта вы адмаўляецеся ад роляў?

- Рэдка. Калі такое і адбываецца, то менавіта з-за таго, што я занята ў іншых праектах. Зараз вельмі складаны час для ўсіх, і акцёры тут не выключэнне. Есці хочацца ўсім. Таму лічу, што цяпер нават у рэкламе здымацца не сорамна. Я, як і любая маладая дзяўчына, хачу добра і з густам апранацца, наведваць кафэ, харчавацца добрымі прадуктамі і, у рэшце рэшт, фінансава дапамагаць сваім блізкім. Для гэтага трэба шмат працаваць, а гэтая патрэба жыве ўва мне пастаянна. Я люблю тое, чым займаюся, таму не бачу сэнсу адмаўляцца ад любых эксперыментаў.

- Вас пазнаюць на вуліцы?

- Так. Прычым у Беларусі гэта заўсёды адбываецца вельмі пацешна. Людзі ў нас вельмі сарамлівыя. Часцей здагадваюся пра тое, што мяне пазналі, па нейкіх нечаканых поглядах, максімум могуць сказаць: "А, гэта  вы?.." Адказваю: "Так, тая самая". А ў Расіі, дзе мы зусім нядаўна былі на гастролях з тэатрам, людзі на вуліцах падбягалі без усялякай сарамлівасці: "Мы вас ведаем, бачылі ў кіно!" Уласна кажучы, гэта і нядзіўна. Фільмы, у якіх я здымаюся, часцей паказваюць у Расіі.

- Дзе вас можна будзе ўбачыць у бліжэйшы час?

- З нецярпеннем чакаю прэм'еры фільма, рабочая назва якога "Любімы горад". Гэта ваеннае кіно, якое зняў наш Аляксандр Яфрэмаў. У галоўнай ролі - Аляксей Чадаў, зорка расійскага кінематографа. Гэта кранальная гісторыя, у якой я іграю адну з галоўных жаночых роляў. Таксама нядаўна знялася ў беларускім фільме "Сляды на вадзе". Мне падаецца, павінна атрымацца нядрэнная стужка. Думаю, што яе мы ўбачым  бліжэй да Дня міліцыі, паколькі фільм прысвечаны якраз стагоддзю стварэння беларускіх праваахоўных органаў.

- Пра якое кіно марыце?

- Мне вельмі падабаецца, як людзі жылі два стагоддзі таму. З гэтай прычыны з задавальненнем знялася б у гістарычным кіно. Гэта можа быць што-небудзь па нейкім творы выдатнага англій­скага аўтара. Вось у такім касцю­міраваным, якасным фільме з задавальненнем нават бясплатна сыграла б.

- Калі ўжо паспыталі тэле­візійны хлеб, можа, замахнуцца на яшчэ які-небудзь тэлепраект?

- Наўрад ці. У "Калыханцы" я - актрыса, якая выконвае ролю нянькі Палінкі. Гэта значыць, я ў сваёй стыхіі. Прычым гэта такі светлы, даўно ўпадабаны ўсімі праект. Быць тэлевядучай - ужо іншая прафесія, якую мне давя­дзецца асвойваць.

Наталья СТЕПУРО.

Документация