"Звязда"
Гэты 14-гадовы мінчанін, бадай, самы вядомы сёння беларускі дзевяцікласнік. Ён ні многа ні мала, а выйграў нацыянальны адбор на дзіцячае "Еўрабачанне" і ўжо ў лістападзе прадставіць нашу краіну на міжнародным конкурсе.
А да таго перамог у рэспубліканскім конкурсе юных выканаўцаў "Маладзічок", выступаў ад Беларусі на "Дзіцячай Новай хвалі", праходзіў кастынгі ў тэлешоу "Украіна мае талент" і "Голас. Дзеці", вучыўся ў эстраднай акадэміі Ігара Крутога... Але на "зорную" хваробу ў хлопца проста няма часу - хоць і прыемна камунікаваць са шматлікімі прыхільнікамі (будзем шчырымі - прыхільніцамі), але кожны дзень у Даніэля Ястрэмскага распісаны літаральна па гадзінах: заняткі вакалам у Studіо Plау з педагогам Вольгай Драздовай, харэаграфія, дадатковыя ўрокі англійскай, фотасесіі, інтэрв'ю, канцэрты... І школа.
- Як ты наогул усё гэта паспяваеш?
- Пасля нацыянальнага адбору ў мяне і каманды быў тыдзень ці два адпачынку, а потым неяк адразу стала шмат спраў: дамовы на інтэрв'ю, распрацоўка новага конкурснага нумара, работа над песняй (дарэчы, мы літаральна на мінулым тыдні прадставілі канчатковую версію, яе ўжо можна паслухаць на радыё, у сацсетках і на папулярных медыясервісах - "Яндэкс.Музыка", іTunes). Які ў мяне прыкладны расклад на тыдзень? Штодня езджу на заняткі па харэаграфіі і па вакале, у выхадныя - на акцёрскае майстэрства, і яшчэ застаецца час на інтэрв'ю. Ну і, натуральна, у школу хаджу. Бывае, што нейкія дні даводзіцца прапускаць, і ўрокі я паспяваю рабіць далёка не заўжды, але настаўнікі і адміністрацыя ставяцца да гэтага з разуменнем, нават дапамагаюць і дазваляюць пэўныя паслабленні ў вучобе.
Калі я перамог на нацыянальным адборы, гэта якраз супала з пачаткам навучальнага года, і ў школе атрымаў вельмі шмат віншаванняў ад аднакласнікаў і педагогаў. Потым усё крыху сцішылася, бо я мала хадзіў на ўрокі і амаль ні з кім не меў часу пагутарыць. Але цяпер, мабыць, прызвычаіўся да такога графіка і больш актыўна камунікую з сябрамі - усе падтрымліваюць.
- Плануеш крыху адпачыць перад фіналам конкурсу ці канікулы зноў пройдуць міма?
- Канікулы? Я нават не ведаю, калі яны будуць, - смяецца Даніэль. - Насамрэч у мяне застаецца вольны час, каб пайсці пагуляць на выхадных, каб з сябрамі хоць на ўроках фізкультуры пагуляць у баскетбол, таму нейкай асаблівай стомленасці няма.
- "Еўрабачанне" - мара ці шчаслівы выпадак? Ведаеш, многія шмат гадоў штурмуюць нацыянальны адбор, а ў цябе ўсё атрымалася так лёгка: прыйшоў, праспяваў, перамог...
- Насамрэч мы вельмі доўга ішлі да гэтага. "Дзіцячая Новая хваля", "Голас. Дзеці" - тое былі этапы, спробы і карысны вопыт, а "Еўрабачанне" - самая вялікая мэта і мая дзіцячая мара, тут нельга было рызыкаваць "а раптам пашанцуе", трэба было адразу настройвацца перамагаць. У мяне за плячыма ўжо даволі многа конкурсаў, музычная школа па класе фартэпіяна, пяць гадоў заняткаў вакалам. Інакш кажучы, я стаўлюся да гэтай справы вельмі сур'ёзна.
- Значыць, і дарослае жыццё плануеш звязаць з музыкай?
- Так, бо гэта тое, што мне вельмі падабаецца, што атрымліваецца рабіць і, веру, тое, што ўдала складзецца ў будучыні. А калі не музыка, то... Па шчырасці, нават уявіць падобны расклад не магу.
- Вяртаючыся зноў да конкурсаў - што яны табе далі, чаму навучылі?
- "Украіна мае талент" - гэта быў наогул першы вопыт удзелу ў маштабным тэлевізійным праекце. Канешне, вельмі перажываў, даючы першыя інтэрв'ю, назіраючы знутры, як здымаецца тэлешоу. Але разам з тым атмасфера вельмі спадабалася, і нават тое, што давялося чакаць сваёй чаргі каля шасці гадзін, не засмуціла. Суддзі сказалі тры "так", і гэта была самая вялікая перамога на той час. З-за таго, што таленавітых дзяцей было вельмі многа, ішоў вялікі адсеў, і далей я не прайшоў, але, галоўнае, адчуў падтрымку прафесіяналаў і паверыў у свае сілы. Потым мы вырашылі падаць заяўку на "Дзіцячую Новую хвалю", куды ўдалося прайсці, - і гэта зноў жа была вялікая, вельмі карысная школа, урокі якой мне дагэтуль вельмі дапамагаюць. Аляксандр Давідавіч Рэўзін вучыў нас літаральна ўсяму: як глядзець у камеру і не ўпусціць яе, як кантактаваць на адлегласці з публікай, як паводзіць сябе на сцэне - тым тонкасцям, якія спасцігаеш толькі на практыцы, і я вельмі ўдзячны, што прычыніўся да іх. І калі часам здараюцца моманты, што хочацца ўсё кінуць і заняцца нечым іншым, я нагадваю сам сабе, што быць артыстам - няпростая праца, але вынік таго варты.
- Конкурсны шлях - не толькі перамогі, але і расчараванні і няўдачы...
- Калі нешта не атрымліваецца, гэта сапраўды вельмі крыўдна. Але я лічу, што кожную няўдачу трэба ўспрымаць як чарговы этап, вучыцца на іх і ісці далей. Нават цяпер мы з педагогамі па харэаграфіі і вакале вучымся на тых памылках, якія былі падчас адбору. Прыкладна гэтаксама стаўлюся і да крытыкі: калі чалавек тлумачыць, у чым праблема, я прымаю гэта і працую над сабой, а калі гэта проста "хейт", негатыў дзеля негатыву - не звяртаю ўвагі.
- У спісе тваіх музычных герояў - Бруна Марс, Дзіма Білан, Сяргей Лазараў. І чамусьці нікога з беларусаў. Хіба ў нас няма каго паслухаць?
- Чаму ж, у Беларусі ёсць вельмі цікавыя артысты. Герман Цітоў вядомы не толькі як спявак, але і як кампазітар, у тым ліку на расійскай сцэне; Кірыл Гуд, адзін з аўтараў маёй конкурснай песні Tіme, - таксама вельмі круты, і я спадзяюся надалей з ім папрацаваць. Падабаецца тое, што робяць Тэа, Юзары, - наогул, у нас шмат таленавітых людзей у гэтай сферы. Яны не мае безумоўныя куміры, але ў кожнага з іх ёсць чаму павучыцца.
- Калі ты з песняй Tіme выйграў адбор, многія казалі: ну вось, зноў на англійскай. Па-беларуску спяваеш?
- Канешне, спяваю! Падчас прома-туру па нашых гарадах часта спяваў "Купалінку", і людзі падыходзілі, падпявалі. І ў перспектыве, калі будзе выбар, хацеў бы спяваць на розных мовах, каб быць цікавым для рознай аўдыторыі.
- Сёлетняе дзіцячае "Еўрабачанне" ўжо ўвайшло ў гісторыю як рэкорднае. Ці чуў ты песні кагосьці з будучых сапернікаў?
- Ужо многіх паслухаў. Вельмі спадабалася Данэлія з Казахстана (мы знаёмыя па "Дзіцячай Новай хвалі") і Дарына з Украіны. Безумоўна, хвалююся, але ад разумення таго, што буду выступаць у родным Мінску, дзе такая моцная падтрымка як сяброў, так і зусім незнаёмых людзей, робіцца нашмат лягчэй.
- То ўдачы табе і да сустрэчы ў лістападзе!
Якім будзе канчатковы сцэнічны нумар Даніэля Ястрэмскага на дзіцячым "Еўрабачанні", гаварыць рана: і сцэнічны вобраз, і харэаграфія яшчэ дапрацоўваюцца. Вядома, што на сцэне разам з ім выступяць чатыры танцоры. "Мы ўжо добра пасябравалі і цяпер як адна каманда", - гаворыць хлопец. Таксама да падрыхтоўкі далучыўся вопытны харэограф Дзмітрый Залескі, які раней ставіў тэлешоу "Танцуюць усе" ва Украіне і "Танцуй" на Першым канале. "Данік не любіў танцаваць, але потым змяніў сваё стаўленне, і на кожным уроку я бачу, як дзякуючы такім заняткам ён прыбаўляе вакальна, лепш раскрываецца як артыст, і гэта вельмі ўсцешвае, - дадае педагог па вакале Вольга Драздова. - Мы працуем у звязцы з урачом-фаніятарам у нармальным, звычайным рытме, бо мутацыя голасу - не хвароба, а перыяд росту арганізма. Даніэль добра спраўляецца з галасавымі нагрузкамі, ён арганічны ў песні, і я ў ім упэўнена".
Вікторыя ЦЕЛЯШУК.





