26.01.2018

"Звязда"

Белтэлерадыёкампанія зняла фільм "Непераможаны. Віталь Шчэрба".

"Звязда"

Белтэлерадыёкампанія зняла фільм "Непераможаны. Віталь Шчэрба"

Шасціразовы алімпійскі чэмпіён (адзіны ў гісторыі не-плывец, які выйграў шэсць залатых медалёў на адных Гульнях), чэмпіён свету па гімнастыцы на ўсіх снарадах і ва ўсіх дысцыплінах, заслужаны майстар спорту СССР і Беларусі... Не дзіва, што зняты пра яго праз 25 гадоў пасля трыумфу хранікальна-дакументальны фільм журналісты Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі назвалі сцісла і ёміста: "Непераможаны. Віталь Шчэрба".

"Сёння Віталь Шчэрба вельмі закрыты для прэсы, ён даўно сышоў з так званай тусоўкі і адмаўляецца дзесьці выступаць або кагосьці ўзнагароджваць. Таму я лічу вялікай удачай, што ён упершыню пагадзіўся правесці некалькі дзён са здымачнай групай з Беларусі", - заўважае аўтар фільма Ганна Эйсмант. Тэлевізійнікі здымалі ў Лас-Вегасе літаральна кожны крок чэмпіёна: як ён адвозіць старэйшую дачку ў школу і гушкаецца з маленькім сынам, умела кулінарыць на кухні і праводзіць трэніроўкі ва ўласнай спартыўнай школе. У фільм увайшло мноства эксклюзіўных кадраў, у тым ліку архіўныя запісы і фотаздымкі самога Віталя Шчэрбы.

Акрамя таго, знакаміты спартсмен паказаў землякам аўтахаус, на якім падарожнічае з сям'ёй па рыбных азёрах Амерыкі, і распавёў, навошта возіць з сабой пісталет. І, зразумела, здымачная група сустрэлася з блізкімі спартсмена, успомніла яго першага трэнера і базу, з якой пачаліся дасягненні ў кар'еры гімнаста. Пра што яшчэ пагадзіўся расказаць беларусам легендарны спартсмен, і ці знайшлі журналісты "шкілеты" ў ягоных шафах - даведаемся 1 лютага падчас прэм'еры фільма.

Вікторыя ЗАХАРАВА.