09.08.2019
"Звязда" 

12 жніўня вяртаецца з канікул тэлепраграма "Беларуская часінка".
Пачынаючы з 12 жніўня, вядучыя, мабыць, самай народнай тэлепраграмы "Беларуская часінка" зноў заступаюць на дзяжурства ў студыі і гатовыя дапамагаць суайчыннікам вырашаць камунальныя, спажывецкія, юрыдычныя і многія іншыя праблемы.

Адна з вядучых праекта Саша Снегіна, якая пабывала гэтым летам на малой радзіме на Брэстчыне, прызналася, што нават там збірала ў месцічаў рэцэпты, як справіцца з той ці іншай складанай сітуацыяй. Пэўныя выклікі зрабілі самі сабе і іншыя вядучыя "Беларускай часінкі": напрыклад, Алег Ціткоў другі раз пакарыў Карпаты, Канстанцін Юманаў натхніў

10-гадовага сына праехаць на веласіпедзе 42 кіламетры за тры гадзіны, а Уладзімір Богдан накруціў сотні кіламетраў на матацыкле, знаходзячы маршруты для новых серый праграмы "Я хачу гэта ўбачыць"... Апошнія дні расслабляюцца ў водпуску таксама Юлія Заўгародняя і Алена Спірыдовіч, якія запэўнілі, што гатовыя выйсці на работу і пачаць новы сезон "Беларускай часінкі" ў любы момант.

Нагадаем, па панядзелках вядучыя будуць разбіраць праблемы, якія знаходзяцца ў кампетэнцыі Таварыства абароны правоў спажыўцоў і Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, па аўторках прымаюць званкі і гісторыі на "гарачую камунальную лінію" разам са спецыялістамі ЖКГ, а па серадах на пытанні адказвае вопытны адвакат Галіна Камароўская, якой дапамагаюць дадаткова па-за эфірам адвакаты Кацярына Ляўчук і Дзмітрый Праневіч. "Кожную сераду з 17 да 18 гадзін можна звярнуцца ў рэдакцыю праграмы на нумар 389-60-73, і нашы дзяжурныя адвакаты пракансультуюць ахвотных", - расказалі стваральнікі праграмы.

Месца і час сустрэчы праграмы з гледачамі не зменіцца - з панядзелка да чацвярга а 17-й гадзіне.

Вікторыя ЗАХАРАВА.