"Беларусь 5" выбірае "народных каментатараў"

24.12.2016
"Звязда"

...Адбылося, спадарства. Нарэшце ў "канапавых крытыкаў", якім не падабаюцца стыль і манера выкладання тэлевізійнікамі спартыўных падзей, з'явілася магчымасць устаць з канапы і самім паказаць, як трэба. Спартыўны тэлеканал "Беларусь 5" днямі правёў набор удзельнікаў у новае рэаліці-шоу "Накаўт-раўнд".

"Звязда"

...Адбылося, спадарства. Нарэшце ў "канапавых крытыкаў", якім не падабаюцца стыль і манера выкладання тэлевізійнікамі спартыўных падзей, з'явілася магчымасць устаць з канапы і самім паказаць, як трэба. Спартыўны тэлеканал "Беларусь 5" днямі правёў набор удзельнікаў у новае рэаліці-шоу "Накаўт-раўнд", пераможца якога папоўніць шэрагі каментатараў і на ўласнай скуры дазнаецца, ці лёгкі гэта хлеб. 

Ахвотных, заўважым, набралася нямала - дырэкцыя тэлеканала атрымала звыш 100 заявак з розных гарадоў. Прагледзеўшы анкеты і праслухаўшы аўдыяфайлы з самапрэзентацыямі кандыдатаў, на другі этап адбору - сустрэчу пад прыцэлам тэлекамер - арганізатары праекта запрасілі крыху больш за 60 чалавек. За тым, як праходзіў кастынг каментатараў, паназірала і "Звязда".

"Размова будзе доўжыцца ўсяго некалькі хвілін, таму пастарайцеся максімальна ярка праявіць сябе. Бывае, што дастаткова і хвіліны, каб разгледзець патэнцыял каментатара, а бывае, патрабуецца даволі шмат часу, таму калі адзн з вас правядзе ў студыі дзве хвіліны, а другі - дзесяць, гэта нічога не значыць, - папярэджвае патэнцыйных зорак тэлеэфіру дырэктар "Беларусь 5" Аляксандр Казюкевіч. - Сёння вы можаце заўважыць адабрэнне або сумненне ў нашых галасах, але не пачуеце ні "так", ні "не".

Пасля кароткага інструктажу ў студыю ўваходзіць першы прэтэндэнт. Гісторыя ў Дзяніса Акуловіча досыць тыповая: з дзяцінства захапляўся спортам, глядзеў футбол і запамінаў склад камандаў СССР, пазней сам заняўся футболам, хакеем і нават шахматамі, а цяпер рашыўся адолець чарговую прыступку - расказваць пра футбол і хакей іншым балельшчыкам. Пра глыбокае веданне тэмы ў прыватнасці і вялізную любоў наогул да спорту, беларускага і сусветнага, сцвярджаў практычна кожны ўдзельнік кастынгу - што не замінала некаторым з іх часам блытаць каментатараў Сяргея Новікава і Уладзіміра Навіцкага, "сыпацца" на дадатковых пытаннях, скажам, пра сучасны біятлон ці бокс або губляцца пры просьбе перакласці тыповую фразу з футбольнага рэпартажу на англійскую мову. "Гэта ўсё хваляванне", - апраўдваліся кандыдаты.

Але нязвыклая абстаноўка і пільнае вока тэлекамеры бянтэжылі далёка не ўсіх. Як рыбы ў вадзе адчувалі сябе ўжо вопытныя спартыўныя журналісты - карэспандэнт Агенцтва тэленавінаў Павел Капуцкі, карэспандэнты з іншых тэлеканалаў. А прафесійны настольны тэнісіст Сяргей Комса, які ўжо 4 гады трэніруе дзяцей у Салігорску, аказаўся яшчэ і вопытным рыбаловам, членам нацыянальнай зборнай па паплавочнай лоўлі. Ён з такім імпэтам расказваў пра гэта сваё захапленне, што, здавалася, заслухаліся нават аператары. 

- Добра, калі вы такі заўзяты рыбалоў, назавіце, калі ласка, самы вядомы ў сусветнай літаратуры твор пра рыбака, - папрасілі члены журы.

- Гэта вельмі лёгкае пытанне, - заўсміхаўся малады чалавек, - Эрнест Хемінгуэй, "Стары і мора".

Мінчанцы Наталлі Астапчук таксама ўдалося прыцягнуць да сябе ўвагу - мініяцюрная дзяўчына аказалася адзінай сярод удзельнікаў-хлопцаў. "Муж спачатку пасмяяўся з майго жадання адправіць заяўку на кастынг спартыўных каментатараў, - прызналася Наталля, - але я настроена пабіцца за перамогу. Жанчын-каментатараў у эфіры не так шмат, гэта хутчэй выключэнне з правілаў. Але, на мой погляд, каментаваць футбол або цяжкую атлетыку - гэта крута, гэта верх прафесіяналізму".

- Мы звяртаем увагу на самыя розныя аспекты, улічваем і адукацыю, і ўзрост кандыдатаў, - расказаў "Звяздзе" дырэктар "Беларусь 5" Аляксандр Казюкевіч. - Хоць запрасілі і некалькіх удзельнікаў, якія не зусім адпавядалі ўмовам адбору, але было вельмі цікава з імі пазнаёміцца і паказаць гледачам спектр ахвотных стаць каментатарамі. Пакуль магу зазначыць, што агульны ўзровень менавіта гэтага праекта самы высокі з усіх кастынгаў, што мы праводзілі. Бачна, што людзі рэальна ацанілі свае магчымасці і ступень падрыхтоўкі.

Адбор - справа не аднаго дня, журы прагледзела некалькі груп, з якіх 16 чалавек трапяць непасрэдна ў рэаліці-шоу. Іх імёны будуць названыя ў тэлеэфіры "Беларусь 5" 31 снежня. А далей для адабраных шчасліўчыкаў пачнецца штотыднёвае спаборніцтва - уласна "Накаўт-раўнд". Удзельнікаў праекта аб'яднаюць у квартэты па відах спорту і будуць адсейваць: у паўфінал трапяць 8 кандыдатаў, у фінал - 4, а на ўмоўны каментатарскі п'едэстал-крэсла - як і належыць, толькі адзін. (Хоць тыя, хто сябе добра зарэкамендуе, з поля зроку тэлевізійнікаў дакладна не выпадуць і, магчыма, у будучым таксама рэалізуюцца ў эфіры.) Выбіраць найлепшага будуць сумесна прадстаўнікі медыяхолдынгу Белтэлерадыёкампаніі, вядучыя спартыўныя журналісты і дзейныя каментатары, а таксама, зразумела, тыя, для каго ўся справа распачыналася - тэлегледачы.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.

Документация