"Беларусь 3" запускае чарговы адметны тэлепраект

13.10.2017

"Звязда"

На тэлеканале "Беларусь 3" запускаецца чарговы адметны тэлепраект. Аднак можна сказаць, што ён нават унікальны. "Хата на хату" - гэта першае ў Беларусі фальклорнае шоу. Дружныя музычныя сем'і, дзе песеннае майстэрства - справа сямейная, паспаборнічаюць паміж сабой і вынесуць на суд гледачоў самыя яскравыя праявы народнай культуры розных рэгіёнаў. Карэспандэнт "Звязды" сустрэлася з адным з вядучых праграмы "Хата на хату", этнакультуролагам і даўнім аўтарам нашай газеты Янкам Круком, каб даведацца пра ўсе сакрэты стварэння такога адметнага шоу.

- Іван Іванавіч, тым, хто яшчэ не паспеў паглядзець "Хату на хату", раскажыце, чым яна парадуе гледачоў?

- Калі на тэлеканале "Беларусь 3" мне прапанавалі весці такі праект, я адразу пагадзіўся, бо там, дзе справа датычыцца фальклору, я заўсёды "за"! Намі будзе зроблена 10 фільмаў па 52 хвіліны кожны. У цэнтры ўвагі - адна-дзве сям'і, з розных абласцей. Мы, умоўна, выбіраем найбольш таленавітыя і найбольш прадстаўнічыя сем'і. Пры гэтым улічваецца адразу некалькі складнікаў. З аднаго боку, уменне спяваць, вялікі рэпертуар і рэальны вопыт спявання сям'ёй. У ідэале спяваюць чатыры пакаленні - бацька, маці, дзеці і ўнукі. Гэтым мы хочам падкрэсліць наяўнасць пераемнасці. З другога боку, гэта фальклорнае шоу, у аснову якога пакладзена народная культура. Усё круціцца вакол песні - абрадавай, пазаабрадавай, пра каханне, лірычнай, больш сучаснай. Часам мастацкі песенны спектр яшчэ больш шырокі.

- На што найперш звяртаеце ўвагу падчас здымак?

- Найбольш важнае выканальніцкае майстэрства ўсёй сям'і: бацькоў, дзяцей, унукаў. Дарэчы, часам здараецца так, што старэйшае пакаленне, следам за маладым, паступае ва Універсітэт культуры, навучаецца завочна, каб атрымаць дыплом, бо працягвае выкладаць у музычнай школе.

Цікава было ўбачыць у адным з рэгіёнаў сямейны ансамбль "Чароўныя музыкі", які складаецца з некалькіх сямейных пар суседзяў. Яны непадзельныя, свайго роду адзінае цэлае. У той перадачы можна пачуць і баян, і цымбалы, і скрыпку, убачыць, як 12-гадовыя дзеці займаюцца вышываннем, а 10-гадовая дзяўчынка, акрамя таго, што разам з маці сядзіць за інструментам, яшчэ і малюе. Такія адораныя героі!

Нас цікавіць і радавод сям'і. Просім герояў расказаць пра свае карані. Часта хтосьці кажа, што песня "Калінка" была любімай у дзеда, а яшчэ нейкая мелодыя вельмі падабалася бабулі - усё гэта і стала сямейнай спадчынай.

Дарэчы, звяртаем увагу і на падворкі. Звычайна сям'я паспявае не толькі спяваць, ездзіць на розныя замежныя конкурсы, атрымліваць там дыпломы пераможцаў, але і займацца гаспадаркай. Хтосьці трымае курэй, гусей, качак, іншыя да таго ж вырошчваюць цудоўныя кветкі - фрагменты пра гаспадарку таксама абавязкова ўваходзяць у перадачу.

- Пэўна, цікава назіраць, як фальклорная творчасць перадаецца маладому пакаленню?

- Сапраўды, мы назіраем, як духоўнае багацце сям'і пераходзіць да малодшых. Першы фільм акурат быў прысвечаны сям'і з пасёлка Маладзёжнага Лідскага раёна: там цікава было ўбачыць гадавалага хлопчыка, які хадзіць яшчэ не ўмеў, але ўжо цягаў за сабой бубен і пастаянна ў яго стукаў. Усе смяяліся і казалі, што гэта будучы народны артыст Беларусі.

Гаворачы пра мастацкую творчасць, песенны талент, мы імкнёмся паказаць старую беларускую песню, абрадавую. Гэта можа быць звязана з календаром: калядная, жніўная, траецкая, велікодная, купальская - ці быць прысвечаным вяселлю, калі сустракаюць, выпраўляюць маладых.

- Ці мяняецца фальклор з цягам часу?

- Час ідзе, безумоўна, змяняюцца і песні. Мы заўважаем, што ў рэпертуары з'яўляюцца любоўныя песні - сучасныя, жорсткія гарадскія рамансы і іншае.

Жорсткі гарадскі раманс - гэта песні пра няўдалае каханне, чым было вельмі перапоўнена жыццё нашых людзей у вёсцы, але найперш у горадзе ў 20-я гады XX стагоддзя. Тады пачыналіся міграцыі. Людзі, якія жылі ў вёсцы, раптам пачыналі ад'язджаць у горад, заставаліся там жыць. Адсюль і матывы пра мілага, які з'ехаў у горад і не вярнуўся... З аднаго боку, гэта "гарадскія" рамансы, па месцы дзеяння, а з другога, яны "жорсткія" - праз нераздзеленае каханне.

- Разам з вамі ў кадры працуе Ларыса Мятлеўская, вядомая беларуская кулінарка...

- Сапраўды, гэту перадачу мы вядзём з Ларысай Мятлеўскай — аўтаркай цыкла перадач пра беларускую кухню. Таму яна не адмятае яшчэ адзін важны складнік нашых сустрэч - тое, як накрыты стол і якія стравы прыгатаваны. Часцей за ўсё ежа ўнікальная або характэрная для гэтага рэгіёна. Безумоўна, людзі стараюцца, хочуць паказаць сябе з найлепшых бакоў, накрываючы стол, і мы паказваем яшчэ і такі іх талент.

Вялікую ўвагу ўдзяляем і ўменню самім падрыхтаваць свае касцюмы. Дзесьці яны аўтэнтычныя, звязаныя непасрэдна з тым рэгіёнам, у якім пражывае сям'я. Дзесьці выраблены паводле матываў спрадвечных строяў - вобразы тыя ж, але тканіна, натуральна, не вырабленая з лёну сваімі рукамі, а набытая ў краме. Цікава распавядаць пра стварэнне такіх сцэнічных касцюмаў.

Мая жонка Аксана Катовіч таксама прымае самы актыўны ўдзел - заўсёды ездзіць з намі і з'яўляецца другім рэжысёрам. Яна параіла ў кожным выпуску рабіць адно-два ўключэнні з гісторыяй традыцыйнай культуры - звесткі бяром з нашай кнігі "Культура родавай памяці".

- Крытэрый адбору герояў для перадачы досыць высокі. Каб сямейнае спеўнае майстэрства было аж у чатырох пакаленнях! Каб стол аўтэнтычнымі стравамі накрывалі. Наколькі складана было адшукаць такія сем'і?

- Каб знайсці герояў, мы папрасілі дапамогі ў рэгіёнах. І нам літаральна адразу знайшлі герояў. Я глыбока перакананы, што гэты праект будзе доўжыцца яшчэ не адзін сезон. І калі мы здымем 10 фільмаў, пра іх пойдзе добры водгук, то, верагодна, будзе знята яшчэ 10 стужак. Пра такія сем'і мала гаворыцца як на тэлебачанні, так і ў перыядычным друку. Часцей кажуць пра суперзорак... Але насамрэч зоркі нараджаюцца з мясцовага фальклору і традыцый. Мы чамусьці прывыклі ўспрымаць народную творчасць як абязлічаную. Быццам бы няма чалавека-носьбіта, а носьбітам з'яўляецца народ. Але ж песню спявае канкрэтная таленавітая асоба. Таму мы і вырашылі паказаць партрэт таленавітых сем'яў, праз прызму песень, традыцыйнай культуры, памяці і таго, як гэта эстафета будзе перадавацца ў будучым.

- Ці свабодна героі адчуваюць сябе перад тэлекамерамі? Гэта ж непрафесійныя артысты...

- Таленавіты чалавек заўсёды хвалюецца. Перад тым, як пачаць запіс, мы дзве-тры гадзіны працуем з героямі, праводзім так званую адаптацыю. Але як толькі першы акорд баяна загучаў, як толькі яны ўступілі, адбылося калектыўнае магічнае дзеянне - спяванне песні - ніякія камеры, рэжысёры, вядучыя, што сядзяць побач, іх ужо не хвалююць. Ды гэта ж насамрэч публічныя людзі! На вяселлях яны першыя, на наваселлях - першыя! Яны аб'ездзілі ўвесь свет, таму няма такога разумення, што яны трымцяць перад камерамі, нібы асінавыя лісты. Нашы героі ў пастаянным кантакце з людзьмі. Таму хваляванне, безумоўна, прысутнічае, ёсць жаданне ўсё прыгожа паказаць, праспяваць ноты чыста. Але казаць пра тое, што яны непрафесіяналы... Варта ўдакладніць адзін нюанс. Справа ў тым, што мы з вамі сустрэліся не ў XІX стагоддзі, а ў пачатку XXІ. Сёння практычна ў кожнай такой сям'і ёсць людзі з сярэдне-спецыяльнай ці вышэйшай музычнай адукацыяй. Таму казаць, што яны не прафесіяналы, ужо не час. Бабуля спявае так, як гэта было сфарміравана да яе стагоддзямі. Але калі дачушка ці ўнучка заканчвае Універсітэт культуры і вяртаецца назад працаваць у клубе ў той вёсцы, дзе жыве сям'я, то яна будзе спяваць і так, як яе вучылі ва Універсітэце культуры, але найперш і так, як гэта рабіла яе бабуля. Адно з другім арганічна знітаванае і непадзельнае.

- Як вам роля тэле-вядучага?

- Я на працягу сарака гадоў працаваў выкладчыкам у розных вышэйшых навучальных установах. Таму работа з аўдыторыяй - мая стыхія. Акрамя таго, на працягу апошніх 10 гадоў я быў у кантакце са сродкамі масавай інфармацыі - з газетай "Звязда", з "Народнай газетай" і з тэлебачаннем, калі не з сотняй тэлеперадач. Таксама я пастаянна прымаў удзел у радыёперадачах. Таму для мяне гэта не такая жахлівая рэч, ніякага бар'ера я не маю. У свой час з Магілёўскім тэлебачаннем мы падрыхтавалі 24 фільмы пад агульнай назвай "За гранню" пра незвычайныя мясціны Беларусі. Яны і сёння часта паказваюць на экране. Спачатку мы здымалі на Магілёўшчыне, але пасля крыху пашырылі геаграфію: рабілі выпускі і пра сталічны Лошыцкі парк, у якога досыць цікавая гісторыя, і пра Нясвіжскі палац, і ў Оршу завітвалі.

- Месяц таму ў выдавецтве "Беларусь" пабачыла свет ваша кніга "Культура родавай памяці". Распавядзіце крыху пра яе.

- Яна вельмі незвычайная - і да гэтай кнігі самае непасрэднае дачыненне мае газета "Звязда". Зараджэнне выдання пачыналася бадай гадоў 20 таму, калі на старонках "Звязды" мы сталі друкаваць артыкулы пра народныя святы, пра народную культуру ў цэлым. А пасля Алена Ляўковіч прапанавала свайго роду дыскусійны клуб. З кабінета рэдактара мы ладзілі прамыя тэлефонныя лініі, дзе адказвалі на пытанні чытачоў. Гэтыя пытанні друкавалі на старонках газеты, кола шырылася. Мы ездзілі па ўсёй Беларусі, праводзілі семінары, лекцыі, працавалі ў сістэме павышэння кваліфікацыі. Пазней мы адабралі найбольш цікавыя 33 пытанні, далі пашыраныя адказы на іх - яны і сталі кнігай.

- Для цэласнага ўяўлення пра ўсе вашы творчыя здабыткі раскажыце і пра апошні радыё-праект.

- Літаральна днямі мне патэлефанавалі з радыё "Культура" і прапанавалі раз на тыдзень удзельнічаць у праграме "Ліцэй", што з'яўляецца свайго роду лекцыяй, дзе 45 хвілін распавядаецца пра тую ці іншую праблему. Я буду расказваць пра асноўныя святы календара, пра сямейна-родавыя святы і пра коды ў культуры - лікавы, раслінны, жывёльны і іншыя. Буду гаварыць і пра працэс будаўніцтва хаты, пра тое, чым адрозніваецца наша сённяшняе жытло. Такім чынам, мэта праекта - вяртацца да вытокаў народнай культуры. Ён скіраваны на тых, хто сёння праходзіць працэс самаідэнтыфікацыі і фарміравання нацыянальна арыентаванай асобы. Мы паспрабуем адказаць на пытанне, ці можа народная традыцыйная культура займаць важнае месца ў гэтым працэсе? Безумоўна, адказ будзе станоўчы.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ.