"Беларусь 3" прадставіць тэлецыкл "Сучаснае мастацтва Беларусі"

19.01.2018

"Звязда"

На наступным тыдні сацыякультурны канал "Беларусь 3" прадставіць прэм'еру - тэлецыкл Алега Лукашэвіча "Сучаснае мастацтва Беларусі" пра выдатных беларускіх мастакоў новага стагоддзя.

"Звязда"

На наступным тыдні сацыякультурны канал "Беларусь 3" прадставіць прэм'еру - тэлецыкл Алега Лукашэвіча "Сучаснае мастацтва Беларусі" пра выдатных беларускіх мастакоў новага стагоддзя. Першы фільм, які гледачы ўбачаць 24 студзеня ў 19.30, прысвечаны Валерыю Шкарубу.

Як успаміаюць рэжысёры праекта Алег Лукашэвіч і Аляксандр Аляксееў, работа над ім пачалася яшчэ паўтара года таму. Вынікам доўгіх здымак сталі дзесяць фільмаў-партрэтаў нашых сучаснікаў, сярод якіх - без некалькіх тыдняў 95-гадовы юбіляр, народны мастак Беларусі Леанід Шчамялёў, лаўрэат дзяржаўнай прэміі Беларусі Валерый Шкаруба, аўтар цэнтральнага манумента мемарыяльнага комплексу "Трасцянец" скульптар Канстанцін Касцючэнка, мастак Ігар Бархаткоў і іншыя дзеячы культуры і мастацтва.

Асобны фільм прысвечаны адноўленай царкве ў вёсцы Вішнева, што на Міншчыне - над фрэскамі, скульптурнымі кампазіцыямі, мазаікамі для іканастаса храма працавала творчая суполка з маладых беларускіх мастакоў Глеба Отчыка, Паліны Амельяновіч, Канстанціна Касцючэнкі. Адметнасцю цыкла таксама стала адмыслова падабранае музычнае суправаджэнне мастацкіх вандровак, сваё для кожнага фільма.

Вікторыя ЗАХАРАВА.