"Беларусь 3" ладзіць рэтраспектыву дзіцячага "Еўрабачання"

02.11.2018

"Звязда"

Напярэдадні 16-га міжнароднага дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне", які, нагадаем, другі раз у гісторыі прымае наша краіна, тэлеканал "Беларусь 3" ладзіць своеасаблівую рэтраспектыву папярэдніх конкурсаў.

Ужо з 5 лістапада ў вячэрнім эфіры па буднях гледачы змогуць успомніць, як праходзіў нацыянальны адбор на дзіцячы конкурс пачынаючы з 2004 года, і наноў пачуць пераможнае "О-а-о" Ксеніі Сітнік (2005 год), "З сябрамі" Аляксея Жыгалковіча (2007) або прыгадаць "Чароўнага трусіка" Юрыя Дземідовіча, які ўзарваў інтэрнэт у 2009-м і стаў, магчыма, адным з самых незвычайных і запамінальных беларускіх удзельнікаў. Чаму адлік вядзецца не з 2003 года, калі Беларусь дэбютавала на дзіцячым "Еўрабачанні" і быў, уласна, заснаваны сам конкурс? Бо першую нашу прадстаўніцу Вольгу Сацюк, якой на той час было 10 гадоў, выбіралі іншым чынам — як пераможцу нацыянальнага конкурсу юных талентаў "Сузор'е надзей". Дэбют, між іншым, атрымаўся вельмі неблагі — ураджэнка Кобрына заняла 4-е месца сярод 16 удзельнікаў.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.